Читать книгу У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава - Страница 17

Раздзел І. Святло загадкі
Пастскрыптум дабрачыннасцяў

Оглавление

«Усё для фронту, усё для перамогі», – гэты лозунг маці ўспрымала літаральна. Яна здала ўсе клейноты ў «фонд абароны». І здавала кроў. Група крыві ў яе была першая – вельмі зручная для прамога пералівання. І тры разы з маці выкачвалі столькі, колькі было трэба. Донарпатрыёт – пісалі ў мясцовых газетах. Газеты «з’ехалі» ў тым жа знакамітым куфры.

Як высветлілася, дзейнасць донара-патрыёта мела досыць сумныя вынікі. Дванаццацігадзінны працоўны дзень таксама зусім не спрыяў здароўю, а камандзіроўкі – тым больш. Адноечы раніцай Вольга Станіславаўна не ўстала. І гэта была не якая-небудзь ангіна – Дана з іх не «вылазіла», як відавочна грэбліва пазначала Ніна. У маці накрыж адняліся рука і нага. Доктар Гордзін дыягназ паставіў адразу – гіпертанічны крыз. І дамовіўся з нейкім сваім знаёмым у Мінску пра кансультацыю. А мясцовая ўлада нават адшкадавала стары, зацёўханы «опель» з шафёрам на падарожжа.

«Опель» глохнуў на самых рызыкоўных скрыжаваннях, шафёр злаваўся, маці нервавалася, медсястра, што суправаджала іх, захоўвала выгляд індыйскага Буды, а Дана нават не глядзела па баках, хаця ў Мінску была ўпершыню. Запомніла з таго разу больш назвы: Другая клініка, неўралагічнае аддзяленне, Ніжні базар – незразумела чаму, бо ніякага базару не было. Лысаватыя горкі з нейкімі кволымі дрэўцамі каля Опернага тэатра і каля Свіслачы – яны выраслі разам з ёю і сталі пазней, калі Дана атабарылася ў сталіцы, яе любімымі паркамі.

Маці хварэла ўвесь красавік, травень, чэрвень – і толькі недзе ў ліпені стала, пакульгваючы, збірацца на працу. А тут Анёл у цені крылаў згадаў пра іх і, мабыць, з ласкі сваёй міласць сваю аказаў. Маці выйграла грошы па аблігацыі. Ні тады, ні пазней Дана не ведала колькі. Яна ўвогуле неяк адстаронена ставілася да грашовых знакаў. Але вандроўку ў Мінск, вось гэтую, мела ў памяці доўга.

Маці вырашыла павезці яе і Ніну ў Мінск. І зняла там апартаменты – інакш і не скажаш – нумар-люкс у гатэлі «Беларусь». Тры пакоі і дзве спальні-нішы. Сіні аксаміт мэблі і штораў. А на вокнах яшчэ крэмавыя шаўковыя са зборамі фіранкі. Калі Дана чытала Булгакава, дык згадвала вось такія крэмавыя шторы. У зале быў нават раяль.

Маці набыла білеты ў оперны. І яны глядзелі балет. Музыка Залатарова – ішоў ягоны балет «Князьвозера» – уражання не зрабіла, але сам спектакль, танец, атмасфера тэатра, нейкая ўрачыстасць, храмавая ўзвышанасць надоўга былі з ёю. І як Вільня згадвалася саборамі, нейкім архітэктурна-ландшафтавым дзівам, так Мінск меў свае асацыяцыі – з оперным тэатрам, люксам з сінім аксамітам і Другой клінікай. Пакуль не прыйшоў універсітэт…

Анёл у цені сваіх крылаў, безумоўна, вырашыў узнагародзіць Дану тым летам. На дзень нараджэння маці прэзентавала цэлую гару кніг: чатырохтомнік Лермантава ў блакітнай вокладцы, «Новую зямлю» з прыгожымі малюнкамі, маленечкія кніжачкі Багдановіча і Купалы. І «Дыпламат» Джэймса Олдрыджа. І яшчэ – «Віцязь у тыгровай шкуры». Напачатку Дана захапілася «Віцязем…» Потым, высвятляючы, чаму кніга зрабіла такое ўражанне, шукала перакладчыка: ён не быў пазначаны. І толькі праз доўгі час, ужо ў іншым, дарослым жыцці, даведалася, што гэта быў класічны пераклад Забалоцкага, забароненага на тую пару.

Чытала Дана ўзахліп Лермантава – яго постаць уяўлялася трагічна-таямнічай, прывабнай. Сваіх, беларусаў, яна адкрыла для сябе значна пазней – не было дзеда? Не дарасла? Занадта яшчэ ліхаманілі яе ў дваннаццаць гадоў іншыя аповеды.

У тое ж лета Дана адкрыла для сябе, на яе погляд, цэлы скарб – праз некалькі дамоў ад іх зняла жытло жанчына, што рабіла ў гарадской бібліятэцы. Дана, як усе «запойшчыкі» – з іх і суседняй школы, брала кнігі ў школьнай, раённай і гарадской бібліятэках.

А ў бібліятэкаркі былі зборы твораў Стывенсана, Вальтэра Скота, Жуля Верна, Майна Рыда, Фенімора Купера, Дзюма-бацькі, – спакуса падлеткаў. Але з парады той жа бібліяфілкі Дана ўпершыню прачытала Шэкспіра і Ралана, Стэндаля і Філдзінга, Голсуорсі і Растана, Шоу і Уайльда.

Гэты свет, размаіты і яркі, быў куды як больш цікавы, чымся ў тых кніжках, што стосам ляжалі на століках у бібліятэках і пра якія зазначалася: рэкамендаваныя.

«Кавалер залатой зоркі», «За цябе, Масква», «Жніво»… Гэтыя кніжкі не мелі ні пераваг фантазіі, ні судачынення з рэальнасцю. У іх былі нейкія сувязі з рэчаіснасцю, якіх не магла ўспрыняць Дана. І яна падзяліла: прыцягальны свет яе кніг і неаспрэчная рэальнасць, якая выдавала таксама вельмі цікавымі сустрэчамі, кантактамі, сувязямі. Стварала атмасферу, у якой кожны пэўна адчуваў факт свайго існавання.

У святой краіне выгнання

Подняться наверх