Читать книгу У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава - Страница 3
Раздзел І. Святло загадкі
In rerum Natura
ОглавлениеТую частку магістралі, што па Брэсцкай шашы, Дана прамінае, быццам похапкам перагортвае старонкі кнігі, дзе важна хутчэй патрапіць на патрэбныя радкі. Аўтобус збочвае да Міра. І тут яна ўглядаецца ледзь не ў кожную сцежку і кожную травінку.
Пачынаюць тоўпіцца ўспаміны.
І недзе за Сяльцом, калі, па сутнасці, пачынаецца ўжо яе горад, віднеюцца вежы. Як сімвал. Як аблічча жыццёвай інерцыі.
Прыгожыя. Можа, асабліва прыгожыя таму, што гэта рэшты вежаў. Рэшты былой велічы. Былой славы. Адзнакі былой красы.
Калі толькі адзнакі – можна заўсёды намысліць Бог ведае які цуд, што некалі меўся быць. Яна так сабе і ўяўляла. Трансфармуючы абрысы. То маючы ў думках вытанчаную тэктоніку і дэкор, як у Ішкальдзі і Сынкавічах. Маці неяк вазіла Дану паглядзець славутыя святыні, едучы ў Баранавічы і Зэльву, – на тую пару вялікае падарожжа. Пурпуровы спакой цэглы і белая цнота аздобы. А то можна было ўявіць сабе непахісныя змрочныя муры, як дзе-небудзь у Шатландыі. Або – ганарліва-надзейны данжон і бакавыя вежы, нібыта ў Каркасоне. А ўсё можа быць – высілася тут гарэзлівая ці то вежа, ці то званіца, накшталт Сэн-Мішэль д’Эгіль – наўпрост выйшла на размову з небам.
Фантазія Даны рэальна сыцілася скарбам на гарышчы суседскай бабулі – Варвары Мікалаеўны. Побач з Дзюма-бацькам і Стывенсанам там былі Сянкевіч, кнігі па гісторыі архітэктуры: Рандэлье, Факільён, Обэр, Забжыцкі. Кнігі на польскай, рускай, французскай. Асобныя нумары «Нашай Нівы» – лацінкай. Французскай Дана не ведала, але школьная англійская давала нейкі ключык, і муры ў аўры незнаёмых, загадкавых слоў, сэнс якіх часам можна было ўгадаць, былі яшчэ больш вабліва-таямнічымі. І мелі сувязь з крушняй камення і цэглы на гары перад яе вокнамі.
Неяк пазней Дана пабачыла зроблены паводле ўсіх навуковых высноў малюнак-рэканструкцыю замка і была не тое каб расчараваная, але гэтая зусім пэўная, застыглая ў сваёй відавочнай завершанасці форма пярэчыла мройлівай перманентнасці яе рухомых вобразаў.
Вежы тыя бясконца малявалі, фатаграфавалі, здымалі ў кіно, апісвалі – і ў яе было адчуванне гонару: маё. І адчуванне крыўды, нібыта ў чалавека, якога рабуюць белым днём. Маё! Ракурс, у якім найбольш падавалі вежы, быў відам з іх вокнаў. Хаця ў картатэцы яе памяці было некалькі вобразаў-краябразаў горада. Калі глядзець на горад з прабоіны бакавой вежы – касцёл, дахі дамоў, зялёныя купы дрэў, воданапорная вышка, белыя калоны яе дома, ускраек лесу каля Сяльца. Калі ісці абарончым валам замка: панарама горада, ваколіц, вуліцы, вулкі, зялёная пестрадзь парку, пагоркі, жыты, хмызнякі… І яшчэ – яе горад, які мала хто паказваў і ведаў, – не з усходняга, а з паўночна-заходняга боку. Падобны на ўсе старажытныя, сярэднявечнай забудовы, гарады. Горад – на ўзгорку, увесь бела-зялёны, з высакароднымі белачырвонымі адзнакамі. Шаравата-чырвоныя цагляныя вежы замка, белы касцёл пад чырвонай дахоўкай. Белазялёны – таму, што Дана бачыла горад адсюль улетку і ўвосень – класа з чацвёртага яны хадзілі ў калгас каля возера Літоўка. Летам – палоць лён, восенню – капаць бульбу. Пешшу – хто ж то ездзіў за чатыры кіламетры на тую пару! У Літоўку ісці было лёгка – раніца, свежа, ненатомлена. З Літоўкі – прыемна: дахаты.
Гасцінец быў стары, «кацярынінскі» – не такія нікчэмныя былі тыя «пацёмкінскія вёскі» – абсаджаны дрэвамі. Брукаванка. Ісці было зручна – усе спрэс дзеці і падлеткі, з вясны да восені, шыбавалі ў «балетках», тапках-гумавіках. Ісці было звычна – радыус кіламетраў з дзесяць, а то і дваццаць, пераадольвалі больш пехатою. Ці на фурманцы. Машынэрыя прыйшла пазней. І хаця ад вайны было ўжо гадоў сем—дзесяць, аўто лічыліся нармальнай з’явай, але звычайным сродкам перасоўвання не сталі.
Горад нейкі час вабліва захоўваў выгляд старадаўняй гравюры, што набыла колер. Потым паволі набліжаўся – нібыта наязджала на яго кінакамера. І ўрэшце набягаў знаёмымі вулкамі – яны спяшаліся ад цэнтральнага пляца на шляхі: Гродзенская, Слонімская, Мінская.
Тое даўняе жыццё ішло пэўным, зададзеным нібыта самой натурай рытмам. Лета доўжылася некалькі месяцаў, не праскоквала гарачым бензінавым пеклам. Былі канікулы: бясконцыя, бесклапотныя. Можна было рабіць усё, што зажадаецца. Сноўдацца бясконца па парку і ваколіцах, чытаць кніжкі, сядзець на ўлюбёнай лаўцы пад касцёлам, хадзіць да касцёла, ляцець стрымгалоў на Замкавую гару. Стаяць доўга-доўга ў праёме вежы і адчуваць вецер, які ляцеў здалёк і тут увачавідкі даводзіў, што ён – рух паветра. Рух быў заўсёды імклівы, свавольны і нібыта даказваў няўмольна, што жыццё – таксама рух. І яна адчувала тое фізічна, усёй істотай. Нібыта існаванне вось у гэтыя хвіліны набывала свой сутнасны сэнс, а сутнасць кандэнсавалася ў моманце.
Пасля таго бязмежна доўгага лета надыходзіла восень – непаспешліва, спакваля. І шкаленне здавалася разумнай зменай, натуральнай, патрэбнай. Пачыналі выбіраць бульбу, лістота спакойна ўбіралася ў вераснёвакастрычніцкі цвет, на гарышчы пахла штрыфелем і грабштэйнам, над печчу падвісалі вязкі цыбулі. Ваколле поўнілася злагадай, паспакайнелым сонечным святлом. Ставілі другія рамы, мылі аконныя шыбы, варылі журавіны з ігрушамі, сушылі грыбы. Журавы зацягвалі сваю шчымліва-развітальную коду. Ва ўсім было адчуванне законапарадку прыроды. Дзень не драбніўся мітуснёй, поўніўся зменшанай даўжынёй сваёй. Саступаў месца доўгай ночы. А спакойная цеплыня – ліставею. Прымаразкам.
Зіма таксама не абрыналася знянацку, а прыходзіла – чаканая, светлая, снежная. Снег полуднем на гасцінцы заўсёды падтаваў, але горы, пагоркі меліся быць густа заснежанымі, парк стаяў нечапана-белы, а клёны, што звісалі насупраць іх дома над студняй і дарогай, набывалі суцэльна казачны выгляд. Каляды і Новы год, а вясной – Вялікдзень, надыходзілі пад канец чвэрці, кантрольныя зазвычай ужо адбыліся, адзнакі выстаўленыя, усе рыхтуюцца да святаў: ладзяць яліны, фарбуюць яйкі, пякуць, смажаць, вэндзяць. Рыхтуюць маскарадныя строі. Розрыўка канікул. Бібліятэкі. Кнігі. Санкі. Лыжы. Драмгурток. Вечары… …Усе былі занятыя сваёй справай. Маці хадзіла на працу, Ніна, а пазней Зося, паліла ў печы і гатавала. Дана хадзіла ў школу. Зіма, лета, восень – кругазварот адбываўся ў тэмпе і рытме, зададзеных адвеку, упэўнена і цвёрда. Аднастайнасць была адзнакай жыццёвага парадку. Не ператвараючыся ў сумоту. Яна, гэтая аднастайнасць, нібыта нагадвала пра той вобраз, што мы трымаем у сваім усведамленні, – ідылію. І неяк зводзіла на нішто крыўды, няўладзіцы, боль.
Ці гэта ружовы падман памяці? Салодкае мроіва з-пад завесі гадоў? А быў – звычайны распарадак правінцыі? І для Даны ён выдаваў прыдатным пачаткам жыцця. І яна яшчэ ўспрымала гэты кругабег як адну са шматлікіх фігур жыццёвай дыстанцыі, уяўляючы, што сваім намаганнем зможа выбіраць варыянты – простую лінію і актаэдр, трыкутнік і спіраль. Гармонія – адзіна магчымая выява светапарадку, лічыла яна. Апакаліпсіс, катастрофы – гэта адбываецца на біблейскім, гістарычным прасцягу. Адно чалавечае жыццё можа і прамінуць тыя катаклізмы. Вайна – была. У раннім маленстве. Усявышні не можа дадаваць зашмат выпрабаванняў на адно жыццё.
Маці хутчэй за ўсё гэтай гармоніі не адчувала. Для яе той кругабег, мабыць, быў калаўротам дзён.