Читать книгу У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава - Страница 15

Раздзел І. Святло загадкі
Fiat Justitia, Pereat Mundus!

Оглавление

Так пацвельваўся адвакат Галіцын з суддзі Кацяўца – самага галоўнага старшыні з Гродна. Замест прывітання ён гаварыў: «Fiat justitia, pereat mundus!»

Было гэта падчас так званых выязных сесій. Бясконцых паказальных працэсаў.

Падчас тых выязных сесій у іх часам нехта спыняўся – гатэль быў малы і няўтульны. А калі ніхто не атабарваўся ў іх хаце, дык абавязкова прыходзілі пасля заканчэння працэсу. На вячэру. Дана не ведала, ці залежала гэта ад прысуду ці не. Мабыць, ва ўсіх была патрэба лучнасці, гаворак, нейкага пярэдыху пасля шматдзённай, з ранку да вечара (часам і гадзін да дзесяці) працы.

У суседні пакой, дзе сядзела Дана, даносіліся фразы, чапляліся за слых словазлучэнні накшталт «склад злачынства», «абвінаваўчы акт», «касацыйная скарга», «факт злачынства»… Або незнаёмая прыцягальная латынь: «Confessus pro judicato habetur» – «Той, хто прызнаўся ў злачынстве, лічыцца асуджаным». Латынню звычайна карыстаўся Кацявец – вымаўляючы фразы ўрачыста, прыгожа, паводле ўсіх правіл рыторыкі. І нібыта між іншым, як рэпліку ўбок, кідаў пераклад. Высокаму, са строгім класічным тварам, Кацяўцу нібыта самім лёсам было вызначана спраўджваць справядлівасць паводле законаў. Яму была б вельмі дарэчы мантыя. Але на тую пару мантый не насілі, і свой класічнаадукацыйны «дэкор» старшыня абласнога суда спраўджваў без знешніх атрыбутаў. Затое – на класічнай латыні. Яго барытон аксамітна пераліваўся: «jus talionis, закон таліёна, заўсёды мае сваіх прыхільнікаў», – даводзіў ён Галіцыну. Той быў адвакатам. Прыехаў у Гродна з Пецярбурга – ён інакш не называў гэты горад: ніякіх там пралетарскіх «Піцераў» ці афіцыйных «Ленінградаў». Галіцын падкрэсліваў сваё «пецярбуржства» – «больш, як сталіца», падкрэсліваў сваю багемнасць, знаёмства з тамтэйшым акцёрствам. Падкрэслена, не на правінцыйны лад насіў доўгі шалік – перакінуўшы праз плячо. І – як Кацярына Пятроўна сваімі футрамі – так ён уражваў уяўленне гурый абласнога і раённага маштабу шырачэзным паліто бэжавага колеру і карычневым велюравым капелюшом. Тым часам большасць мужчын афіцыйнага статусу фарсіла ў ботах, галіфэ і мундзірах – ці то даношваючы ваенную форму, ці то мімікрыруючы пад правадыра, дык Стас Апалінарыевіч быў постаццю не толькі заўважнай, але і з пэўным эпатажам. Латыні ён не ведаў, але затое ведаў процьму вершаў, памятаў немаведама колькі трапных цытат, вершаваных і невершаваных, меў не менш гучны голас, як Кацявец, і мог паводзіць сябе куды больш вольна за старшыню суда. Адвакат…

Пабачыўшы Кацяўца, ён з парога абвяшчаў тую самую каронную фразу пра ўсёмагутнасць юстыцыі і дадаваў: «Да, да, и знал он, хоть не без греха, из “Энеиды” два стиха». Самаіронія не была чужая яму. «Анатоль Петрович, – звяртаўся ён зноў да Кацяўца, – не испепеляйте меня взором, грешен, грешен… На площади, знаете, харчевня, вполне, знаете ли… Самое забавное – ее называют: “Чайная Бескина”. Запад…» Кацявец хмурыўся, але маўчаў – працэс скончыўся, дзякаваць Богу… А Стас Апалінарыевіч мог «аскароміцца» і ў самы непрыдатны момант. Аднак, як з хітрынкай прамаўляў Галіцын, той «мирволил ему». А сам Кацявец гаварыў: «Люблю таленавітых людзей, маю слабасць».

Затое Кацявец вокамгненна пачынаў збірацца, калі з’яўляліся мясцовыя чыннікі правасуддзя. «Свірын – ён прысуды робіць наўгад, па-вяцку», – рабіўся раптам калючым Кацявец. «Слюсараў… Лікбез – смерш – нарсуд… Такая амплітуда поспеху». Пра Галіну Яўгенаўну гаварыў коратка і нейтральна: «Службістка». І ніяк не рэагаваў, калі нехта ў застоллі пачынаў распавядаць «навіну» пра сімпатыі мясцовага чырванашчокага прыгажуна і «службісткі». Прыгажун быў намеснікам пракурора, і яго пільна даглядала мізэрненькая, шэранькая, што мышка, жанчына – яго жонка. Былая медсястра, член партыі, член нейкіх жансаветаў і г.д.

Галіна Яўгенаўна, зразумела, таксама мела чырвоную кніжачку, без такой кніжачкі ў юрыспрудэнцыі савецкага часу можна было рабіць толькі адвакатам ці натарыусам. І даражыла сваёй кніжачкай і сваім статусам сацыяльным, як і яе амант, і неўзабаве Галіну Яўгенаўну перавялі ў Гродна на павышэнне, а крыху пазней з’ехаў у іншы горад і намеснік пракурора, з жонкай, вядома. Яна была такой жа неад’емнай спадарожніцай яго пасады, як і чырвоная кніжачка.

Часам на выязныя працэсы наязджалі і адвакаты – з Гродна і Баранавіч. Мэтр-абаронца з Гродна – Ямніцкі. І свяцілы мясцовых калегій – Старцэвіч і Бялецкая з Баранавіч.

«У нас пацешыць публіку – што арэх згрызці. Можаш ім не тое што цытаваць, цалкам чытаць усё, што заўгодна, хоць Біблію, усё на рахунак адваката ідзе. Ды і, прабачце, прававерных суддзяў як заўгодна далёка можна завесці. Любы спектакль ладзіць. Я не пра Вас, Анатоль Пятровіч, тут я схіляю галаву». Кацявец – гэта было вядома ўсім, скончыў не толькі ўніверсітэт, дыпломам маглі пахвастацца многія, – але скончыў некалі класічную гімназію, і мала хто меў такія веды, як ён.

Іраніст і хітраван Старцэвіч – і Бога ашукае, і ў чорта адхопіць – пасмейвацца любіў: «Памятаю, якія воплескі адхапіла Абуховіч – амаль цалкам працытавала Плеваку. Без спасылак, без спасылак. «Грамадзяне суддзі, колькі бядот, колькі выпрабаванняў давялося перанесці нашай дзяржаве за яе існаванне. Нямецкія рыцары, пілсудчыкі, фашыстоўцы… (Гэта яна ўжо ад сябе дадала, так бы мовіць, асучасніла, у сааўтарства ўвайшла.) Усё вынесла, усё пераадолела. А тут… Хлопец скраў кавалак кілбасы. Гэтага наша краіна не знясе, загіне, загіне канчаткова і назаўсёды».

Кацявец пярэчыў: «Ну, скажыце дзякуй, што хаця б чытала. Трансфармавала печанегаў і татар на немцаў, і дыкцыю мае, і паўзы трымаць умее. А вось з ёю і сапраўды анекдатычны выпадак быў. Яна ўвайшла ў смак, гаворыць – толькі што не спявае. Падсуднага не тое што апраўдваць, а хоць да святых можна залічыць. Ну, і ён у апошнім слове, спрабуючы аддзячыць абаронцы – выступала паводле 55-га – так бы мовіць, у якасці ганарару, адсыпаў: «Вы ўжо даруйце мне, грамадзянка адвакат, каб ведаў, што вы такі чалавек, дык нізавошта б ваш рыдыкюльчык у мінулым годзе на вакзале не…» Падсудны ніяк не мог знайсці далікатнае слоўца да свайго «дзейства». А ў судзе паўза – што ў «Рэвізоры».

Яе, мабыць, не вельмі любілі, тую Абуховіч, таму што Старцэвіч тут жа ўкідваў свае тры грошыкі: «Яна, між іншым, не праміне пры выпадку і без выпадку пазначыць, што зямлячка знакамітага Спасовіча». «Ах, ну что там ваша Речица, – узмахваў шавялюрай Галіцын. – Я родился в Москве. Кто там только не явился на свет. Ну и что? Урусова из меня все равно не вышло. Уехал в Петербург – Кони из меня тоже не получился». Бялецкая падымала рукі ў шырачэзных прыгожых рукавах: «Супакойцеся. У нас жа не практыкум паводле знакамітых юрыстаў. Давайце лепш спяваць». І яна пачынала нізкім, мяккім голасам: «Ostatnia niadziela…» І Кацявец, прыгожа-ссівелы, шляхетны, слухаў моўчкі, гледзячы некуды ў сваю, аднаму яму вядомую далячынь. А потым распачынаў сам: «Утро туманное, утро седое…» Голас яго нібыта нешта згадваў, замысліваў, адыходзіў ад латыні, юрыспрудэнцыі, ад яго строгага афіцыйнага выгляду. Але не губляў сваёй вытанчанай класічнасці, арыстакратызму, толькі мяняў рытм і настрой: «В движенье мельник жизнь ведет, в движенье…» На «біс» яны з Бялецкай выконвалі «Вечерний звон» і «Зорку Венеру». «Зорку…» Бялецкая вяла высокім голасам, здавалася, зусім не тым, што спяваў моднае даваеннае танга, а Кацявец тураваў, нібыта вуркочучы, зусім ціха, толькі каб стварыць тон.

Цвяроза-заклапочаны нават тут, Ямніцкі спрабаваў перавесці застолле ў дыскусійнае рэчышча: «А майму падсуднаму варта было пару год скасіць. Гэта не злачынства, гэта махлярства». – «Падавайце апеляцыю». – «Ужо напісаў. Паеду ў Вярхоўны». – «Ваша воля», – Кацявец карцінна схіляў галаву. «Трэба ж і гаспадыні явіць свае непрацэсуальныя таленты». Кулдыркаеў – Дана не ведала, хто ён, – заўсёды сядзеў моўчкі і толькі граў на акардэоне – Данчыным.

Нязбытную «Цыганачку» Вольга Станіславаўна не саступала нікому. У чорнай шаўковай сукенцы, у аксамітавай камізэльцы з блыскаткамі, з амерыканскіх дарункаў – яна доўга ішла павольна, толькі паводзячы плячыма, потым пачынала адбіваць рытм абцасамі, і ўрэшце толькі віхурна мільгацела спадніца, і здавалася, танчылі нават каралі на камізэлі. І толькі матчын твар быў нерухомы, засяроджаны, як таго вымагала класічная традыцыя цыганоў.

Калі пачыналася «мастацкая частка», клікалі і Дану. Яна павінна была граць на акардэоне або спяваць ці танчыць.

Праўда, чытаць вершы, і такія, якіх яна не ведала, аматараў была процьма. Чыталі Блока, Міцкевіча, Тувіма, Ясеніна, Надсана… А на акардэоне граў толькі Кулдыркаеў – але ён быў госць рэдкі. Данчына ж умельства граць на акардэоне было вельмі адносным. Маці наняла музыкантшу – тая, пабачыўшы, што ў дзяўчынкі ёсць слых і неблагая зрокавая памяць, хуценька навучыла яе вальсам, танга, а дзеля атракцыі яны засвоілі яшчэ і «Гумарэску» Дворжака. Там былі патрэбныя жвавыя пальцы, і неспрацаваныя рукі Даны скакалі па клавіятуры, беручы неймаверныя акорды – да вялікага захаплення гасцей. Дана ж даўно адчувала ва ўсім гэтым нейкі падман, але з чаго і як вучаць музыцы – не ведала. Маці неяк сама высветліла, што Дана не мае ўяўлення пра ноты, спытала пра «методу» – і абурылася страшэнна. Аднак Лідзія Сямёнаўна, пабраўшы «колейны» шлюб, з’ехала тым часам у невядомым напрамку. Выходзіць замуж было яе галоўным заняткам, сэнсам жыцця, хобі, а між іншым, дзеля рызыкі і грошай, яна давала ўрокі музыкі: на фартэпіяна і акардэоне.

«Навука» тая адбылася недзе ў трэцім-чацвёртым класе, але ж прывідны плён музіцыравання доўга цешыў наведвальнікаў хаты Азарэвічаў. Каронным нумарам Данчыных спеваў была песенька ці не з гарадскога фальклору, што сталася ў 50-я гады ў выкананні Розы Багланавай шлягерам, – «Самара-гарадок». Дана сумленна падраблялася пад спявачку, падсмейвалася з гераіні песенькі і ўключыла, так бы мовіць, у рэпертуар яшчэ гарэзліва-іранічны раманс «Душачка». Сам-насам Дана захлыналася і арыяй Разіны, і душазначнымі рамансамі «Цёмна-вішнёвы шаль» і «Веснічкі». І збірала патроху па для «Балеро» Равэля: з кіно, з малюнкаў у кніжках, дзе ў прыгожых позах застылі тарэра і пікадоры, гранды і пеоны, ідальга і вакерас. Яна заліхвацкі блытала па караколес, сапатэо, оле, усе танцы Іспаніі і розных куткоў амерыканскай Лаціны, дадаючы туды і нешта ад маўрытанскай самбры і нават італьянскай карманьёлы. Тады яна гэтага не ведала. Але Іспанія таямніча высверквала з ілюстрацый дэ Сервантэса, са старонак Мерымэ, ледзь не кожны дзень нагадвала пра сябе знакамітай сегідыльяй Бізэ. Пазней Іспанія казытала ўяўленне рэпрадукцыямі і альбомамі Гоі і Сальвадора Далі, фіестамі і карыдамі на старонках Хемінгуэя. А потым магутна плынула кніжнай лавінай: Гарсіа Лорка, Рафаэль Альберці, Мігель дэ Унамуна, Рамон дэль ВальеІнклан, Піа Бароха… І іх моўнымі калегамі з-за акіяна: Алеха Карпенцьер, Гарсіа Маркес…

А свае інтуітыўныя харэаграфічныя практыкаванні ўжо ў сталым узросце Дана згадвала, калі глядзела Антоніа Гадэса і Крысціну Оес – іх танец пераўзышоў усе самыя палкія яе ўяўленні. А тады… на яе незабыўнае ўражанне зрабіла крэолка з фантастычным найменнем – Ісідара Каварубіа дэ Лос-Ланос. Сюжэт Майна Рыда не вымагаў да крэолкі асаблівых сімпатый, павінны былі падабацца Морыс Джэральд і Луіза Пойндэкстэр, але ў памяць запала гэтая красуня. І вярэдзілі ўяўленне таямнічыя, ваблівыя назвы: савана, серапэ, гасіенда, прэрыя, пампасы… Іспанізавана-англізаваная, з індзейскім каларытам гэтая мясцовасць – Тэхас – ва ўяўленні Даны чамусьці супадала з настойлівым наступам гукаў Равэля.

«Балеро» Дана танчыла з задавальненнем. Публіка не шкадавала апладысментаў. Дана – нават тады – разумела ім цану. Ну, хіба можна не захапляцца талентамі гаспадарскай дачкі? Тым больш што добраму настрою спрыялі смажаныя качкі і пульхныя пірагі і мноства розных прысмакаў і іскрыстыя хатнія наліўкі. Крамы ў гарадах не ламіліся ад харчу. І гэты кірмашова-хатні пяропых, выключна раённага, местачковага шкталту, пасля пасяджэнняў па дванаццаць гадзін запар – хіба ж ён не схіляў да авацый? Да таго ж Дане пасавалі вузкія, упрыцён, чорныя нагавіцы з высокім пасам, са старых дзедавых, белая матчына блуза і тая ж самая аксамітавая камізэля з блыскаткамі. Гэта было падобна на гульню – нават на тэатр.

Тут, у пакоі, маці таксама была вясёлая, бадзёрая, ззяла ўсмешкай, гасціннасцю, любасцю. Ажно Дана ведала і той бок гасціннасці, па-за заслонай. Ніна касавурылася і кволілася, як толькі падаваўся знак пра гасцей, і маці смажыла, мясіла, выпякала, упрыгожвала, раскладвала – тут Ніна і сапраўды не мела ад матухны-прыроды і намёку на густ. А маці стамлялася, злавалася, шыкала на ўсіх – і Дана ненавідзела тых качак і тыя пірагі.

Святы – зусім іншае. Усё рабілася загадзя, спакойна, спакваля, спраўна, не за адну ноч. Аднак маці, мабыць, усё ж любіла быць гасціннай. Любіла гэтыя нячастыя сходкі, зборні, гаворкі. Проста хацела зрабіць добрае людзям. І калі частавала іх, і калі запрашала, каб жонка нейкага адваката, быўшы бухгалтарам-рэвізорам, падчас сваіх камандзіровак жыла ў іх. Шаблінская, як і Кацявец, вучылася колісь у гімназіі, латынь і французскую яна, праўда, не ўжывала, але прывозіла здымкі, дзе яна была зусім не падобная на сённяшнюю паважную кабету. У гімназічнай форме, у прыгожым капелюшы, у старадаўнім жакеце і з муфтай.

Адноечы да іх прыязджала і матчына сяброўка, пагроза вобласці, палкоўнік юстыцыі, пракурор Антаніна Фёдараўна Сталыпіна.

Выпадак быў не з пракурорскай кампетэнцыі і не з яе, так бы мовіць, практыкі. Антаніна Фёдараўна прыехала прыватным парадкам. Данчынай маці зрабілі прапанову ўзяць шлюб. Ці не з лёгкай рукі некага з яе калег, здаецца. Прэтэндэнтам на шлюб быў не хто-небудзь, а оперны спявак з Вільні. Бачыў і чуў яе падчас працэсаў у Гродне: можа, тэатр быў там на гастролях, можа, акцёр трапіў па нейкай іншай нагодзе. Але так ці інакш – чуў, бачыў, шукаў. Знайшоў. Маці была настроена рашуча: «Мысліцца, яму патрэбна ахмістрыня і кухарка». Антаніна Фёдараўна – з высока плоенымі валасамі, з паставай патомнай уладарыні, высокая, паважная, у доўгім блішчастым крэп-сацінавым капоце – сядзела за сталом, як на троне, кубак кавы трымала ў руках, што сасуд капланкі. Словы нібыта падалі ў той кубачак і раствараліся там – не, звякалі і асядалі на донцы. «Зразумей, мая ка-ха-ная, ка-лі на ва-кен-цы ня-ма фі-ран-кі, дык лепш га-зет-кай пры-крыць. А тут са-а-лідны ча-лавек. Ну, нават калі аманткі там, кветкі, што табе? Ты ж не паміраеш ад вялікай любові. Кватэра ў цэнтры Вільні, дача. (Па тых часах немаведама якая раскоша.) Будзеш жонкай не нейкага клерка ці настаўніка, а саліста тэатра. Такі шлюб, нават скасаваны, надае вагі жанчыне. А тым больш адвакатэсе. Уяўляеш, як кліенты будуць ляцець?» Але маці газеткі, нават сталічнай, на вокны не хацела. Яна любіла шторы з добрай тканіны. І яшчэ запавесы з цюлю. Кастэля дык кастэля. А не – дык лепш аканіцы зачыніць і нікога не пушчаць.

Дана тым часам нічога не мела супраць таго, каб маці, як меліся гаварыць дарослыя, «уладкавала жыццё». У Даны парады не пыталіся, і яна ўшчымілася са сваім маналогам-дазволам сама. Яна – не супраць, будзе трымаць нейтралітэт. Бацькам нікога называць не збіраецца, але ж чыніць перашкод не стане.

Пазалетась у маці быў яшчэ адзін сур’ёзны прэтэндэнт. Матчыны калегі ведалі пра «зайздросную партыю» і часам папікалі Вольгу Станіславаўну: «Ну, чаго ж…» Маці рабілася яшчэ больш сур’ёзнай, як звычайна, падымала правае брыво і з выглядам пакрыўджанай дабрачыннасці адпрэчвала: «У мяне ёсць дачка. Я жыву дзеля яе». Часам тое гаварылася і ў прысутнасці Даны, і ёй было няёмка. Чулася нешта занадта тэатральнае, астэтанцыйнае ў словах маці. Як і ў тым, што Вольга Станіславаўна любіла летам падчас адпачынку ці проста выхадным днём, апрануўшы Дану ў блакітную матроску і капялюш з блакітнай стужкай – выкапаная класічная дзяўчына з «добрай сям’і», – выпраўляцца ў парк на шпацыр.

Дана любіла маці, але не любіла гэтую абавязковую, падкрэслена-перыядычную акцыю.

Горад меў тры месцы, дзе збіраліся ўсе: круглым годам – кірмаш, зімою і вяснова-восеньскай слотай – кіно ў РДК, а пазней у кінатэатры, летам – замак і парк. Гулялі, дарэчы, не на замчышчы, а ішлі ў парк той гарою, дзе быў пагорак Паэта, танцпляцоўка і пахілы доўгі спуск у парк. Нехта ішоў у парк каля школы, мінаючы горы, нехта кіраваўся паўз касцёл, як яны.

Пазней Дана зразумела маці. Так, Вольга Станіславаўна дэманстравала – сваю сямейнасць, сваю незалежнасць, сваю абароннасць, сваю жаночую строгасць. Так, яна адна. Але ў яе ёсць праца, любімая, ёсць дачка, любімая, яны маюць што апрануць, ім не грэх выйсці на людзі. Пасля працы, пасля сумленных турбот. І гэта Дана была яе заслонай, яе фіранкай. Не, жалезнай завесай кастэлі: накшталт тых, што апускаліся і падымаліся ў замках мастом цераз роў. Да таго ж пакрыёма гэтыя шпацыры аднаўлялі нешта з мінулага Азарэвічаў. І, дарэчы, калі быў дзед, праменады мелі нейкі іншы сэнс. Дзед не падкрэсліваў нічога. Апранаўся ён проста, але не падобна да іншых: грубай вязкі камізэля з пасам і кішэнямі або шарачковая куртка і выцвілая шапка з доўгім казырком – канфедэратка, як тлумачыў Дане дзед. Маці нешта цёмна паглядала на тую шапку і купляла дзеду капелюшы – велюравыя, саламяныя – і розныя фуражкі-кепачкі. Дзед дзякаваў і складваў усе тыя ўборы ў шафу. І насоўваў на лоб выцвілую канфедэратку. Сустракаючыся са знаёмымі, ён цырымонна здалёк падымаў шапку. Урэшце мясцовы майстар-кравец Бузук аднавіў дзедавы гардэроб – аднак выключна ў тым жа выглядзе, як таго схацеў дзед.

У святой краіне выгнання

Подняться наверх