Читать книгу У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава - Страница 7
Раздзел І. Святло загадкі
Плён зямлі
ОглавлениеКірмаш быў справай сур’ёзнай. Тут былі свае законы. У нядзелю – у кірмашовы дзень – усё ажно гуло ад вазоў на брукаванцы. А парсючкі вішчалі так, як быццам іх тут, на возе, і смаляць. У хатах спяшаліся – на кірмаш. Кірмашовы гандаль – да гэтага ставіліся з павагай. Асноўны набытак быў адтуль, з кірмашу. Мяса, масла, яйкі, садавіна, гародніна – усё адтуль. Купіць добрае і танна – было справай гонару.
Луіза Генрыхаўна ў адзінаццаць гадзін павінна была быць у краме, і яны з Нінай выпраўляліся з дому гадзіне а сёмай. Чамусьці заўсягды цягнучы з сабою Дану, Ніна любіла хадзіць на кірмаш без гаспадыні. Калі ішла маці – людзі пазнавалі яе і скідалі якую капейчыну. Хто яго ведае, як жыццё абернецца, няпэўнае паваеннае жыццё. Куды ж кінешся? Да адваката. Абаронца. Дарадчык. Дзе ж тут Ніна магла аказаць свой талент? Ну, а калі адна… Дана ў разлік не бралася, хіба што было перад кім пакрасавацца. Ну, а паглядзець было на што. Ніна і Луіза Генрыхаўна разбягаліся ў розныя бакі ледзь не ад гары Міндоўга – кірмаш месціўся пад гарою. І кожная пачынала свой – спектакль? гульню? экзамен на спрыт? Дана заставалася пры Ніне. Ніна ж… Трымайцеся, гаспадыні і гаспадары! Ніна перашчупае ўсіх курэй, пакаштуе ўсё масла, папераварочвае ўсё мяса. Спрачаецца за кожнага паўрублёвіка так, як быццам ад гэтага залежыць дабрабыт і лёс усіх яе сваякоў, нашчадкаў і знаёмых. Абабяжыць дзесяць разоў усе вазы, перастарэкаецца з усімі.
– Ой, бацюхна, дык вашаму пеўніку столькі ж гадоў, як майму свёкру, – адчайна ледзь не драла пер’е няшчаснай птушцы Ніна.
Дане хацелася ўкінуць свае тры грошыкі наконт неіснуючага свёкра, але яна моўчкі падтрымлівала непадробны Нінчын гандлёвы імпэт.
А Ніна раскідвала на возе яблыкі.
– Даражэнькі, мне такіх смакаўных ды прыгожых, як ваша жонка перад вяселлем!
Той даражэнькі і слова ўкінуць не паспяваў, як Ніна спрытна напакоўвала поўны кошык, адабраўшы самыясамыя, адзін да аднаго.
– Го, яблычкі, хоць на калядную яліну, – пасміхаўся паважна гаспадар.
– Ну, дзе вы бачылі, каб у жніўні ды такая цана? Дзе вы бачылі?
– І адкуль вы такая спраўная? – рагатаў дзядзька. Яму відавочна падабалася весці гандаль з гэтай кабетай: ну што за кірмаш, калі словам не перакінешся?
Ніна ўжо на хаду нешта вясёла крычала і неслася далей. Ухапіўшы ледзь не тузін куранят і сунуўшы Дане кошык з яблыкамі, яна вяла свой маналог: «Во акурат, крыху іх падгадую – і ў смятане, з баравічкамі і з бульбай». Дана ведала, што ў смятане, з баравічкамі будзе гатаваць маці, але Ніне не пярэчыла, хай сабе галёкае. Яе фэст. Ды Ніна і не пачула б, ляцела, што ганчак за зайцамі. А было дзе раскашавацца – кірмаш быў ад гары Міндоўга і да таго месца, дзе пазней нейкі час быў аэрапорт, лёталі «кукурузнікі», сорак хвілін – і ў сталіцы. Як вецер, то быў «кукурузнічак» як трэнажор для касманаўтаў, а нічога: тутэйшы народ трымаўся, што табе тузін Гагарыных: самалёцік меў якраз дванаццаць месцаў.
Дык тым часам Ніна бегла да вазоў на ўзгорак, вярталася ў павільёны з мясам, борздзенька нахілялася, каб пакаштаваць масла, яшчэ патузаць куранят, ухапіць сыру – гаспадыні кідалі саломы на брукаванку і раскладалі тут свой тавар у кошыках: масла ў зялёным лісце капусты або ў палатнянай чысценькай анучыне, сыр, смятана ў слоіках. Яблыкі, ігрушы, слівы, вішні, чарэшні продалі ўсё больш з вазоў – прывозілі многа, парэчкі, агрэст, маліну, клубніцы таргавалі таксама не менш як кошыкамі. На тую пару ў іх ніхто не меў моды ні прадаваць, ні купляць шклянкамі – такой абразы гандлю ніхто б не знёс. Вялікія гарады былі далекавата, даехаць да іх горада было не проста – чыгункі не было, аўтобусы яшчэ доўга не засвойвалі мясцовую прастору, уласны аўтамабіль быў немаведама якой раскошай. І мінчукі, якім здаралася трапляць у іх горад, глядзелі на мясцовы кірмаш як на філіял зямнога раю. А нехта і злосна кідаў: «Распанелі – заходнікі! Вось прыйдуць да вас калгасы». Калгасы і сапраўды неўзабаве прыйшлі… Тыя кірмашы засталіся толькі ў памяці. І цэны тых кірмашоў – таксама…
Ніна, зразумела, не рабіла футуралагічных прагнозаў, яна жыла імгненнямі. Яна адчувала сябе гаспадыняй на кірмашы – зразумела пазней Дана. І – толькі што з вёскі – мела, мабыць, тут і роднаснае атачэнне. І ўмела ў ім аказаць сябе. Ад яе было не ўтоіць ёлкага масла, ці жарсткаватага тварагу, ці мяса кароўкі, пра год нараджэння якой не памятаў нават сам гаспадар.
Да таго ж на кірмашы былі ўсе. Шаўцы, краўцы, настаўнікі, урачы, людзі са швейнай фабрыкі, народ з трыкатажнай, з прамкамбіната, з ліцейнага цэха… Ішоў майстар з «Індпашыву» Бузук, цырульнік Гальдштэйн, прыгажуня-манікюрша, высокі саністы ганаровы грамадзянін рэспублікі Чэхаславакія, што партызаніў у тых краях, судмедэксперт Харытончык з жонкай, настаўнікі з яе, Данчынай, СШ № 2, «мэр» горада Ірына Паўлаўна, намеснік ваенкама Варава з жонкай, якую Дана ведала як цёцю Шуру, як увасабленне дабрыні і чалавечай спагадлівасці.
Гандлёвы, кірмашовы дзень…
Увечары Ніна і Луіза Генрыхаўна рабілі, так бы мовіць, рэестр перамог. Кожная хваліла куплёнае суседкай: гэтага вымагала этыка адносін. «О, якія вішні! Варэнне будзе – хоць да царскага стала!» «Божа літасцівы! Якое кураня! Хай крыху пагадуецца, з маёй качкай рэзаць будзем!» Птушак продалі і куплялі жывых. І галоўнымі «экзекутарамі» былі Ніна і Луіза Генрыхаўна. Трэба было, каб істота не пакутавала, адсекчы галаву за адным разам, спусціць кроў, а потым чысценька-чысценька абскубці, абсмаліць – ну, не смаленне вепрука, але таксама навука. Вольга Станіславаўна той навукі і не ўмела, і не любіла. Дана ж увесь рытуал уяўляла толькі тэарэтычна, і то не вельмі пэўна. Але куранят, асабліва ў смятане ды з маладой бульбай і баравічкамі ці лісічкамі, ела. Хаця смаку дэгустацыйнага дабралася пазней, з гадамі. На тую пару лічыла ўсё мітуснёй, баўленнем часу – гэта ж не птушак слухаць гадзінамі: во, то справа для яе!
Калі ж пачыналіся слоўна-рэчавыя гульні на кухонным рысталішчы, хто каго перахваліць, хто каго перасіліць, хто на рубель выйграў у кірмашовым турніры – Дана ціхенька сыходзіла з хаты ці зашывалася куды-небудзь з кніжкай. Свет не існаваў для пераможцаў.
Да кірмашу ў Даны адносіны былі складаныя. Яна любіла летні ранак у нядзелю. Зазвычай добрым надвор’ем клалася спаць на гаўбец і прачыналася гадзін у шэсць ад заклапочаных крыкаў варон на клёнах праз дарогу, ад скрогату вазоў па брукаванцы, ад віску парсючкоў на вазах, ад шлёгання пугі ў гаспадарскіх сялянскіх руках.
Было надзвычай добра – ад свежасці раніцы, ад незамглёнага блакіту неба, ад шоргату вазоў, ад адчування пачатку дня. Было ва ўсім гэтым нешта неадольна трывалае, надзейнае, усім патрэбнае. Мабыць, Анёл у цені сваіх крылаў не адно стагоддзе глядзеў на тыя вазы, на парсючкоў, на яблыкі, на акуратныя кошыкі – і бласлаўляў зямное дзейства, і меў асалоду ад выявы пладоў зямлі, ад плёну яе.
Дане падабалася і віраванне натоўпу на кірмашы, і сыры на мокрым палатне, і жоўценькае масла на лістах капусты, светлае, свежазбітае, з кропелькамі-расінкамі ў ямінках-рэбрынках, зробленых лыжкай. І вязкі залацістай цыбулі, і вазы з яшчэ цвердаватымі грушамі і празрыстымі летнімі яблыкамі, і кашы з алычой і слівамі, яблычкамі-«райкамі». І вочы коней – вільготныя, спакойныя, мудрыя, нібыта яны, коні, ведаюць нешта такое, пра што сном-духам не ведаюць людзі. Увогуле ёй падабалася вясёлая мудрасць местачковай імпрэзы. Хаця мітусня, таргі, гвалт – тут Дана не ўмела дабраць цікавасці. Мо таму, што была толькі сведкай і Ніна нават спробы не рабіла, каб далучыць яе да сваіх ведаў, да таямніц куплі-продажу, да ўласцівасцяў рэчаў: што такое ёлкае масла? Мо таму, што Дана не мела да гандлю прыроднага спрыту. Так і не займела ніколі. «Ат, паненка», – махала на яе рукой Ніна. І злавалася, калі Дана ўставала да ўзыходу сонца, прыцемкам, каб сустрэць пачатак дня на замку. «І чаго ўзбілася? Сама спаць – канікулы, рабіць ёй няма чаго!» Дана не магла растлумачыць Ніне, чаго яна ўставала на золаку і імчала на гару.