Читать книгу Жыцьмем - Анатоль Вярцінскі - Страница 11
Вершы апошніх гадоў (1997–2011)
Калі гвалтуюць Айчыну…
ОглавлениеГрудзьмі тулюсь к ёй, як да матчыных грудзей.
I калі здзекваецца нада мною хтосьці —
Над Бацькаўшчынай здзекваецца ён маей,
Калі ж над ёй – мяне тым крыўдзіць найцяжэй.
Янка Купала
О Русь моя! Жена моя!..
Аляксандр Блок
Так, кожны гвалт – злачынны.
Справа рук сатаны.
Але гвалт над Айчынай —
гвалт двайны, трайны.
Калі гвалтуюць Айчыну —
гвалтуюць тваю жанчыну,
гвалтуюць маці тваю,
гвалтуюць тваю радню,
гвалтуюць цябе самога,
кроўны пачатак твой,
існасць тваю, твайго Бога
(змагаюцца Бог з сатаной).
I з гэтым гвалтам мірыцца —
сябе самога забыць,
найбольшаму злу скарыцца,
найгоршым адступнікам быць.
Калі гвалтуюць Айчыну —
мужчына, будзь мужчынам,
яе ратаваць ідзі,
яе заслані грудзьмі.
Няма вышэйшага чыну —
няма і не было, —
чым бараніць Айчыну,
калі ёй робяць зло.
1998