Читать книгу Жыцьмем - Анатоль Вярцінскі - Страница 6
Вершы апошніх гадоў (1997–2011)
Уціраемся?
Маналог «нацдэма», вытрыманы ў запытальнай інтанацыі
ОглавлениеЯк сведчаць гісторыкі, «распрацоўка» арыштаваных, выбіванне з іх «чистосердечных признаний» падчас сталінскіх рэпрэсій суправаджаліся рознымі садысцкімі метадамі «фізічнага ўздзеяння», г. зн. катавання. Яны мелі свае назвы: «табурэт», «вятрак», «мазгі ў столь» і г. д. Адметнасцю некаторых з гэтых метадаў было тое, што вязням, асабліва «нацдэмам», яшчэ плявалі ў твар. Для большай эфектыўнасці допыту.
Вось так нас катавалі.
Білі і ў твар плявалі.
Плявалі проста ў твар.
Удар. Плявок. Удар.
А мы як рэагавалі
на тое, што плявалі
нам проста ў вочы, у твар?
Пляўкі прымалі, як дар?
Лаяльнымі быць стараліся?
Скараліся і… ўціраліся?
Плявок. Удар. Плявок.
Крыві ўласнай глыток…
Вось так нас катавалі.
А мы? Не пратэставалі?
Не ўскідвалі кулакі
у адказ на пляўкі?
Уціраліся нема?
Маўляў, такі лёс «нацдэма»,
лёс «беларускіх сыноў» —
скарацца зноў і зноў?
Уласнай крывёю салёнай
ды катаўскай слінай шалёнай
уцерліся мы тады,
у смутныя тыя гады?
А потым? Песня старая ўсё?
Уцерліся і… ўціраемся?
Удар. Плявок. Глыток.
Уцерся зноў, браток?..
1997