Читать книгу Жыцьмем - Анатоль Вярцінскі - Страница 4
Вершы апошніх гадоў (1997–2011)
Беларушчына. Трыпціх
Оглавление1. Беларускі шлях
Беларускі шлях.
Пыл і пот,
стогн і страх.
Колаў скрып у каляіне.
Птушкі прысвіст на каліне.
Гацім гаць:
«Га-а-а-х!»
Беларускі шлях.
Бліскавіц зігзаг.
Сінь смугі ды хлеб надзённы.
Хто вядзе, а хто вядзёны?
Гацім гаць:
«Га-а-а-х!»
2. Беларускі дом
Беларускі дом…
Ён – рэальнасць
ці фантом?
Ці наяве тая ж хата,
што шыбінай слепаватай
на свет глядзіць вінавата?
Толькі хатка, а не дом?
Беларускі дом. Беларускі сіндром.
Які ж дом, калі на куце,
выпнуўшы нахабна грудзі,
госць сядзіць гаспадаром?
Які ж гэта дом?
3. Беларуская ідэя
Беларуская ідэя.
Яна – роспач
ці надзея?
Гучыць рэха: «…дзе я?.. дзе я?..»
Беларуская ідэя.
Толькі слова,
ці і дзея?
Гучыць рэха: «…дзе я?.. дзе я?..»
Рэха ў лесе, рэха ў полі.
Чаго ў рэху гэтым болей? —
Веры, скрухі або смеху
ў гэтым рэху?
1997