Читать книгу Жыцьмем - Анатоль Вярцінскі - Страница 3
Вершы апошніх гадоў (1997–2011)
На радзіме пеўні пяюць…
ОглавлениеПеўня першага я пачуў праз сон.
Абудзіўся – пачуў я другога пеўня.
Недалёка ад вёскі жыву колькі дзён,
але неяк той спеў даляцеў неспадзеўна.
Праспявалі пеўні і трэці раз,
на ўсё той жа высокай, пранізлівай ноце.
I замоўклі… Забілася сэрца ў адказ.
Значыць, жыцьме мой родзе, мой народзе?
Значыць, вёска жыве?
Значыць, певень пяе? —
па законе, што тут здаўна існуе,
па законе нязменным, спрадвечным,
і прыродным, і чалавечым.
Так даўно павялося ў нашых краях,
што дзень новы нам певень абвяшчае,
абвяшчае і дзень ён, і зборы ў шлях,
і сяўбу, і касьбу, і збор ураджаю.
Певень гэты жывучы – пяючы наўздзіў.
Цяжка край уявіць без гэтай птушкі.
Ён Скарыну будзіў, ён Купалу будзіў,
ён будзіў касінераў Кастуся і Касцюшкі.
На маёй Беларусі певень пяе.
Певень голасна будзіць: «Беларусы, не спіце!
Тым, хто рана ўстае, таму Бог дае.
Прачынайцеся, справу рабіце!
Прабуджайцеся! Справу рабіць самы час!
Не здавайцеся паняверцы і скрусе!
Бо інакш праспіце свой апошні шанс…»
…Пеўні звонка пяюць на маёй Беларусі!
1997