Читать книгу Жыцьмем - Анатоль Вярцінскі - Страница 14
Вершы апошніх гадоў (1997–2011)
Жывы голас
ОглавлениеАле найбольш запаў у душу яе адказ на пытанне пра рэабілітацыю: «Не падавала і падаваць не буду – я сябе вінаватай перад Радзімай не лічу. Прасіць аб рэабілітацыі – прызнаць сваю віну».
З гутаркі Людмілы Майсені з былой палітзняволенай Надзеяй Дземідовіч
Вось гэта голас!
Вось гэта і слова, і дзея!
Нізкі паклон Вам, цётка Надзея.
Нізкі паклон Вам,
спадарыня Дземідовіч.
Нагледзеліся Вы
столькі жахлівых відовішч.
Наслухаліся Вы
столькі слоў паганых.
Зведалі столькі пакут…
Душа Ваша ўся у ранах.
Душа Ваша ў ранах уся,
але яна ўсё ж жывая.
Бывае, нясцерпна баліць,
баліць, але годна трывае.
Вынесла ўсё яна —
здзекі, этапы, краты.
Не дасягнулі свайго
шматлікія Вашы каты.
Не вынішчылі ніяк
яны беларускасці Вашай.
Яна, як Божы знак,
давала Вам моц і бясстрашша.
Не змусілі каты Вас
скарыцца, стаць на калені.
Вышэйшыя суддзі для Вас —
Радзіма і сумленне.
Ды яшчэ матчын наказ
крыху грэў Вашы грудзі:
«Надзейка, не плач.
Век так не будзе!»
1999