Читать книгу Жыцьмем - Анатоль Вярцінскі - Страница 8
Вершы апошніх гадоў (1997–2011)
Паходжанне прозвішча
ОглавлениеАкадэміку Радзіму Г. Гарэцкаму
Адкуль яно, гэтае «імярэк»?
Адначасна ад «гор» і «рэк»,
а не толькі ад «гаротнага».
Ёсць тут доказ ад зваротнага:
бо яны – цвёрдай, скальнай пароды,
іх душы – як чыстых рэчак воды…
Адкуль яно, гэтае найменне?
Ад «гараванне» і «гарэнне».
Ляталі-гайдалі лёсу арэлі…
Яны гаравалі і гарэлі.
Кідалі-ўздымалі жыццёвыя хвалі…
Яны гарэлі і гаравалі.
Гарт набывалі ў суровым горне.
Лепшую долю мужна агорвалі.
Такія яны ужо – Гарэцкія.
Арэшкі – мацнейшыя за грэцкія…
Арэх – ад арэшыны.
Жолуд – ад дуба.
Слухаць уцешна,
бачыць люба.
Шукальнік залежаў,
стваральнік карт.
Гонар.
Годнасць.
Горан.
Гарт.
1998