Читать книгу Жыцьмем - Анатоль Вярцінскі - Страница 20
Вершы апошніх гадоў (1997–2011)
Пра дараванне
ОглавлениеПапа рымскі просіць даравання.
Папа кленчыць каля ўкрыжавання, —
згадвае Ісусаў запавет…
Слухае і бачыць цэлы свет.
Чуе, пэўна, і мая краіна.
Боль кальнуў маю душу раўніва,
калі я пачуў тую імшу.
Устрывожыў боль маю душу.
Хто і як: з амбону, ці на пляцы,
галаву схіліўшы пры распяцці,
на вачах сусвету ўсяго, —
да народа звернецца майго?
Ды прамовіць у глыбокай скрусе:
«Выбачайце, людзі Беларусі!
Бачыць Бог і сын яго Ісус:
Просім даравання, беларус!
Просім даравання за ўсе беды,
за падман і крыўды, што ты зведаў,
за знявагу, здзекі і разбой,
што ўчынялі злыдні над табой».
Мы ці дачакаемся такога?
Калі не – то на якога Бога
можам спадзявацца мы тады?
Можа, толькі на сябе, браты!
Папа рымскі просіць даравання.
Папа кленчыць каля ўкрыжавання.
Промень міласэрнасці не згас…
Хто папросіць даравання ў нас?
I калі надыдзе гэты час?