Читать книгу Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго алюстраваньнем у мастацтве - Лявон Карповіч - Страница 10
Стварэньне Сьвету і раньняя гісторыя жыцьця Божага народу (5508—1050 да Р.Х.)
Сусьветны патоп і яго наступствы. Ноеў Завет
Патоп
ОглавлениеДабрашчасны той муж, што ня ходзіць на раду бязбожных, і не стаіць на дарозе грэшных, і не сядзіць на зборні распустаў… (Псалтыр 1:1)
Адам і Ева не змаглі ўтрымацца ад адзінай спакусы – пладоў Дрэва пазнаньня. Іх нашчадкі, папаўшы ў «Сад зямных асалодаў», напоўнены спакусамі, паддаліся гэтым спакусам. Біблія папярэджвае, што з-за чалавека могуць сказіцца ўсе законы прыроды і ўся зямля можа разбэсьціцца: «Але зямля разбэсьцілася прад абліччам Божым і напоўнілася зямля злачынствамі. І паглядзеў Гасподзь Бог на зямлю, і вось, яна разбэшчаная: бо ўсякая плоць скрывіла дарогу сваю на зямлі» (Быцьцё 6:11,12).
Бог перажывае роспач і раскаяньне ад таго, што найлепшае Яго стварэньне, якому Ён падараваў свабоду волі, аказваецца нявартым гэтага высокага дару: «і пашкадаваў Гасподзь, што стварыў чалавека на зямлі, і засмуціўся ў сэрцы Сваім» (Быцьцё 6:6).
Слова «пашкадаваў» ужываецца ў сэнсе: «зьмяніў стаўленьне», «зьмяніў кіраваньне». Ад кіраваньня, заснаванага толькі на міласьці, любові, Бог перайшоў да кіраваньня з дапамогай суда і пакараньня. Але, Ён сьвядома ратуе праведніка Ноя і яго сям’ю, спадзеючыся на адраджэньне і духоўнае абнаўленьне чалавецтва на новым узроўні – Запавету зь Ім. Імя Ноах азначае на іўрыце «той, хто суцяшае». Ною загадана будаваць Каўчэг. У тэксьце Бібліі дакладна ўказаныя яго парамэтры: «І зрабі яго так: даўжыня каўчэга трыста локцяў; шырыня яго пяцьдзесят локцяў, а вышыня яго трыццаць локцяў» (Быцьцё 6:15).
Будаўніцтва Ноева каўчэга (1519). Рафаэль Санці (1483—1520). Музэі Ватыкана (фрэскі). Марка пошты Грэнады, выдадзеная ў 1993 годзе
Старажытнаўсходні «локаць» складае прыкладна 45 см; такім чынам Ноеў каўчэг меў сто трыццаць пяць мэтраў у даўжыню, дваццаць два з паловаю мэтры ў шырыню і трынаццаць з паловаю мэтраў у вышыню. Гэта было гіганцкае збудаваньне, бо ў ім, адпаведна задуме Божай, павінны былі ўратавацца не толькі Ной і яго сям’я, але і прадстаўнікі ўсяго жывёльнага сьвету, наогул – усяго жывога.
Як паведамляе Мідраш, будавалі карабель 120 гадоў. Увесь час Ной заклікаў народ да пакаяньня. Але над ім толькі сьмяяліся. Пасьля ста дваццаці гадоў, дадзеных людзям на выпраўленьне, бачачы, што ніхто не пакаяўся, апрача Мафусаіла (дзед Ноя) і Ноя, Бог даў чалавецтву яшчэ сем дзён (гэта час жалобы па Мафусаілу, які памёр перад самым патопам). Але і гэта не мела ніякага выніку. «Што тычыцца Ашэма (Ашэм, дакладней – га-Шэм, – замена ў юдэйскай традыцыі невымаўляльнага Тэтраграматону – Сьвятога Імя Бога), то Ён правёў гэтыя сем дзён у смутку, аплакваючы чалавецтва, якое адмовілася скарыстаць усё тое хараство, якім Ён хацеў яго абдарыць. Пасьля сямі дзён жалобы Бог канчаткова вырашае пакараць чалавецтва: «І сказаў Гасподзь: вынішчу з улоньня зямлі людзей, якіх Я стварыў, ад чалавека да быдла, і гадаў і птушак нябесных вынішчу; бо Я пашкадаваў, што стварыў іх» (Быцьцё 6:7).
Будаўніцтва Ноева каўчэга (1608). Гвідо Рэні (1575—1642). Дзяржаўны Эрмітаж, Санкт-Пецярбург. Блёк пошты Гранады Карыака і Петыт Марцінікі, выдадзены ў 2003 годзе
Ною Бог сказаў: «Але з табою Я станаўлю запавет Мой, і ўвойдзеш у каўчэг ты і сыны твае, і жонка твая і жонкі сыноў тваіх з табою. Увядзі таксама ў каўчэг з усіх жывёл, і ад кожнае плоці па пары, каб яны засталіся з табою жывыя; мужчынскага полу і жаночага хай яны будуць. З птушак паводле роду іхняга, і з быдла паводле роду іхняга, і з усіх паўзуноў зямных паводле роду іхняга, з усіх па пары ўвойдуць да цябе, каб засталіся жывыя» (Быцьцё 6:18—20).
Жывёлы Ноевага каўчэга. Марачны ліст пошты Лібэрыі, выдадзены ў 1998 годзе
«І ўвайшлі да Ноя ў каўчэг па пары ад усякай плоці, у якой ёсьць дух жыцьця… (Быцьцё 7:15).
Патоп абрынуўся на грэшнае чалавецтва нечакана менавіта таму, што яно абсалютна не ўсьведамляла сваю разбэшчанасьць. Лівень не адступаў сорак дзён і сорак начэй. Пад вадой аказаліся самыя высокія горы, а каўчэг плаваў па паверхні вады. Лівень не спыняецца і хутка на зямлі не застанецца ні аднаго астраўка. Людзі ў жаху робяць спробы ўратавацца. Але ўсе спробы людзей выжыць марныя. «Зьнішчылася кожная істота, якая была на паверхні; ад чалавека да быдла, і гадаў і птушак нябесных, усё зьнішчылася зь зямлі: застаўся толькі Ной, і што было зь ім у каўчэгу. А вада мацнела на зямлі сто пяцьдзесят дзён» (Быцьцё 7:23,24). І ў той жа час складваецца адчуваньне, што род чалавечы выжыве і не зьнікне.
Сусветны патоп (1512). Мікеланджэла Буанароці (1475—1564). Сыкстынская Капэла. Картмаксімум пошты Парагваю, выдадзены ў 1975 годзе
Чамусьці аўтар Блоку прысьвяціў яго не крумкачу і не голубу, як апісана ў Бібліі, а Чарнаногай Чайцы Кітывейцы.
Каўчэга на гарэ Арарат. Блёк пошты Лібэрыі, выдадзены ў 1998 годзе
«І спыніўся каўчэг на сёмым месяцы, на сямнаццаты дзень месяца, на гарах Арарацкіх. Вада спакваля ўбывала да дзясятага месяца; у першы дзень дзясятага месяца паказаліся вярхі гор. Праз сорак дзён Ной адчыніў зробленае ім акно ў каўчэгу і выпусьціў крумкача, які, вылецеўшы, адлятаў і прылятаў, пакуль не абсохла зямля ад вады» (Быцьцё 8:4—7).
Потым Ной выпусьціў голуба, але голуб, як і крумкач, вярнуўся на каўчэг. Праз сем дзён Ной зноў выпусьціў голуба. «Голуб вярнуўся да яго вечаровай парою, і вось, сьвежы аліўкавы ліст у дзюбе ў яго: і Ной даведаўся, што вада сышла зь зямлі» (Быцьцё 8:11). Голуба з аліўкавым лістом бачым на марцы Ватыкану.
Ноеў каўчэг, вясёлка і галубок. Мазаіка. Марка пошты Ватыкану, выдадзеная ў 1974 годзе
Да каўчэга вяртаецца голуб з аліўкавым лістом.
Яшчэ праз сем дзён Ной ізноў выпусьціў голуба, і цяпер той знайшоў сабе месца для гнязда і не вярнуўся. «І сказаў Бог Ною: выйдзі з каўчэга ты і жонка твая, і сыны твае і жонкі сыноў тваіх з табою; выведзі з сабою ўсе жывёлы, якія з табою, ад усякае плоці, з птушак, і быдла, і ўсіх гадаў, якія поўзаюць па зямлі: хай разыдуцца яны па зямлі, і хай плодзяцца і множацца на зямлі» (Быцьцё 8:15—17).
У 1968 годзе Ізраіль выпусьціў набор з пяці марак, якія сымбалічна ўяўляюць гэтую вялікую катастрофу. Першая марка паказвае нарыхтоўку дрэў, Ноя і каўчэг, які будуецца. На другой – сям'я Ноя і пары жывёл, што ідуць у каўчэг.
Будаўніцтва Ноева каўчэга. Жывёлы ідуць на каўчэг. Маркі пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1968 годзе
На прывесках марак цытаты з Бібліі. «Зрабі сабе каўчэг з дрэва гофэр…» (Быцьцё 6:14). «І ўвайшлі да Ноя ў каўчэг па пары ад усякай плоці…» (Быцьцё 7:15).
Потым «І доўжылася на зямлі паводка сорак дзён…» Быцьцё 7:17) – прадстаўлена трэцяй маркай з гіганцкімі хвалямі і сполахамі маланкі.
Патоп. Паслкньне голуба. Маркі пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1968 годзе
Праз сорак дзён Ной паслаў крумкача, а потым голуба тройчы, з перапынкам у сем дзён, як паказвае чацьвёртая марка. На прывесках марак цытаты з Бібліі. «…і каўчэг плаваў па паверхні водаў» (Быцьцё 7:18). «Потым выпусьціў ад сябе голуба…» (Быцьцё 8:8). Першы раз голуб вярнуўся да каўчэга з пустой дзюбай, бо зямля ўсё яшчэ была пад вадой. У другі раз ён вярнуўся з аліўкавым лістом і Ной даведаўся, што вада спадае. У трэці раз голуб не вярнуўся.
На апошняй марцы – вясёлка – знак Божага запавету з чалавекам пасьля патопу. На прывесцы цытата: «…дык явіцца вясёлка ў воблаку» (Быцьцё 9:14).
Знак Божага Запавету. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1968 годзе
Блёк Ізраілю каранаваны вясёлкай.
Ноеў каўчэг. Блёк пошты Ізраілю, выдадзены ў 2008 годзе
Голуб з аліўкавай галінкаю, сям’я Ноя і зьвяры выходзяць з каўчэгу…
Гэта быў вельмі шчасьлівы момант для ўсіх істот, якія знаходзіліся ў зьняволеньні каля цэлага году и выходзілі з каўчэгу, каб засяліць бязьлюдны сьвет. У загалоўку блоку цытата на ангельскай мове: «І ўспомніў Бог пра Ноя, і пра ўсю жывёлу» (Быцьцё 8:1).
Выхад на сушу з каўчэга Ноя. Марачны ліст неіснуючай краіны Тонга, выдадзены ў 1987 годзе
У 1889 годзе Іван Айвазоўскі напісаў карціну «Ной спускаецца з гары Арарат».
Ной спускаецца з гары Арарат (1889). Іван Айвазоўскі (1817—1900). Нацыянальная галерэя Армэніі, Ерэван. Блёк пошты Армэніі, выдадзены ў 1992 годзе
Ной вяртаецца на зямлю пасьля сусьветнага патопу. Разам зь ім з Арарацкіх гор спускаюцца яго сыны, жонка, жонкі сыноў і шматлікія жывёлы, якія выратаваліся ад патопу дзякуючы каўчэгу.
Ной адразу будуе ахвярнік і прыносіць Богу ахвяру ўсеспаленьня, як знак яго гатоўнасьці да служэньня Богу.
Ахвярапрынашэньне Ноя (1508—1512). Мікеланджэла Буанароці (1475—1564). Сыкстынская Капэла, Ватыкан. Марка пошты Гранады Карыака і Петыт Марцінікі, выдадзены ў 2014 годзе
Сьмерць жывёліны сымбалізуе сьмерць жывёльнага пачатку ў чалавеку, яго падпарадкаваньне пачатку духоўнаму. За гэтую шчырую падзяку Бог і дае «у сэрцы Сваім» абяцаньне не праклінаць зямлю за чалавека і не караць больш так жорстка чалавецтва.
Новая старонка чалавечай гісторыі пачнецца з дабраславеньня Божага Ною і яго нашчадкам, з усталяваньня новага Саюзу-Запавету з усім чалавецтвам. «І сказаў Гасподзь у сэрцы Сваім: ня буду больш праклінаць зямлю за чалавека, бо намысел сэрца чалавечага – зло ад маладосьці ягонай; і ня буду болей пабіваць усё жывое, як Я зрабіў…» (Быцьцё 8:21).
Пасьля гісторыі паводкі быў усталяваны шэраг сымбаляў, якія сталі неад'емнай часткай культурнай спадчыны. Так вясёлка стала выразам надзеі і абяцаньня на лепшую будучыню, а голуб, які нясе ў дзюбе аліўкавую галінку, стаў сымбалям міру.
«Я кладу вясёлку Маю ў воблаку, каб яна была азнакаю запавету паміж Мною і паміж зямлёю» (Быцьцё 9:13) напісана на выданьні пошты Сэнт-Вінсэнту.
Ноеў каўчэг. Марачны ліст пошты Сэнт-Вінсэнту, выдадзены ў 2015 годзе
Калі мы думаем пра жорсткасьць Божага пакараньня, то павінны ўспомніць, што Ісус, «быўшы забіты ў целе, але ажылы духам, якім Ён і духам, што ў цямніцы былі, сышоўшы, прапаведаваў; яны калісьці непакорлівыя былі Божаму доўгацярпеньню, што іх чакала, у дні Ноя, у часы будаваньня каўчэга…» (Першае Пятра 3:18—20). Гэта значыць, што тыя душы, якія не пакаяліся за 120 гадоў, дадзеных чалавецтву для пакаяньня перад патопам, знайшлі пакаяньне, дзякуючы Хрысту.
Запаветз Ноем змацоўвае саюз паміж Богам і чалавекам. Дуга вясёлкі пераклікаецца з выгібам цела сьпячага Ноя, чыё імя ў перакладзе з іўрыту азначае «адпачынак» або «суцяшэньне». Жоўты Анёл, які ўяўляе сабой Боскае слова, падкрэсьлівае цудоўную прыроду вясёлкі. Яе дзіўнай белізной Шагал паказвае, што белы зьяўляецца сумай усіх колераў. Анёл абвяшчае дабраславеньне, абяцанае Запаветам, і паказвае сцэны будучага дастатку (яны прадстаўлены ў верхняй частцы карціны), а таксама беды габрэйскага народу, намаляваныя ўнізе палатна (як апісаныя Прарокамі ў Бібліі, так і тыя, якія габрэям сапраўды прыйшлося перажыць у ходзе гісторыі). Упершыню сьмяротнае пакараньне стала часткай чалавечага быцьця і ўсе забойцы з тых часоў павінны былі быць пакараныя.
Першы Запавет. Марк Шагал (1887—1985). Марка пошты Грэнады, выдадзеная ў 1986 годзе
«Ці спраўдзіў наш, Другі, сьвет надзею Бога? Ці не пахіснуў яе яшчэ больш? Ці навучыўся ён чаму-небудзь на прыкладзе таго, Першага, што назаўсёды згінуў пад хвалямі патопу? Невядома. Але цяпер на старонках Бібліі гэты малады пасьляпатопны сьвет толькі робіць першыя крокі, і Ной чакае голасу Божага». Галіна Сініла.