Читать книгу Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго алюстраваньнем у мастацтве - Лявон Карповіч - Страница 26
Стварэньне Сьвету і раньняя гісторыя жыцьця Божага народу (5508—1050 да Р.Х.)
Аўрагамаў Завет. Патрыярхі Абранага народу
Сымбалі дванаццаці сыноў Якава
Оглавление…ён мае вялікую і высокую сьцяну, мае дванаццаць брамаў і на іх дванаццаць анёлаў, на брамах напісаны імёны дванаццаці каленаў сыноў Ізраілевых… (Адкрыцьцё 21:12)
Якаў быў адзіным Патрыярхам, чые дзеці ўсе да аднаго рушылі ў сьлед рэлігіі і традыцыям свайго бацькі. Габрэйскія мудрацы кажуць: «Якаў не памёр. Да тых часоў, пакуль жывыя яго дзеці, працягваючы ісьці яго шляхам, ён таксама жывы». Праўдзівая жыцьцё не вымяраецца даўжынёй дзён чалавека. Яно вымяраецца каштоўнасьцямі яго жыцьця і здольнасьцю перадаць гэтыя каштоўнасьці будучым пакаленьням.
Ад дванаццаці сыноў Якава паходзяць дванаццаць кален народу Ізраіля. Кожны старажытны Ізраільцянін ведаў, зь якога калена ён паходзіць. Таму сыны Якава часта ўспамінаюцца на старонках Сьвятога Пісьма, а пра вялікіх герояў веры даецца інфармацыя аб іх прыналежнасьці да патомства аднаго з сыноў Якава.
Ужо напачатку адраджэньня краіны Ізраіль у 1955—56 гадах пошта Ізраіля выпусьціла дзьве сэрыі марак з імёнамі сыноў Якава і сымбалямі родаў.
Сымбаль роду Рувіма мандрагора. Картмаксімум пошты Ізраілю «Імёны дванаццаці каленаў сыноў Ізраілевых», выдадзены ў 1955 годзе
На першай марцы з сэрыі 1955 году сымбаль роду Рувіма мандрагора. Мандрагора згодна з паданьнямі спрыяла цяжарнасьці. Рувім знайшоў мандрагору і прынёс сваёй маці Леі. Лея перадала мандрагору Рахілі і яна неўзабаве зацяжарала і нарадзіла Якаву доўгачаканага сына.
Пад паштовымі маркамі разьмешчаны так званыя прывескі. На прывесках тэксты на іўрыце з Кніг біблейскіх, якія характэрныя для дадзенага пакаленьня.
На другой марцы брама Сыхему – сымбаль роду Сымона, як напамін аб крывавай помсьце Сымонам і Левіем жыхарам Сыхема за згвалтаваньне сястры Дзіны сынам «Эмора Эвэяніна, князя зямлі той» (Быцьцё 34:2).
Трэцяя марка прысьвечана Левію. На ёй малюнак двайнога чатырохвугольнага нагрудніка з 12 каштоўнымі камянямі (па ліку плямёнаў Ізраілевых). Патомкамі Левія былі Майсей і Аарон, зь якіх пачалася лінія служыцеляў у Храме Ерусалімскім.
Сыны Леі. Сымбаль роду Сымона. Сымбаль роду Левія. Сымбаль роду Юды. Маркі пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1955 годзе
Чацьвёртая марка з відарысам льва – сымбаля Юды. Калі Якаў благаслаўляў Юду, то сказаў наступныя словы: «Малады леў Юда, са здабычы, сыне мой, ты вяртаешся» (Быцьцё 49:9). І далей «Не адыдзе скіпэтар ад Юды і заканадаўца ад сьцёгнаў ягоных, пакуль ня прыйдзе Прымірэнец, і Яму пакорлівасьць народаў» (Быцьцё 49:10). Згодна з гэтай запаведзьдзю Юда стаў Прабацькам галоўнага ізраільскага роду. З гэтага роду паходзіць Давід і заложаная ім дынастыя, якая кіравала да 587 году да Р.Х. аж да Вавілонскага выгнаньня. З роду Юды паходзіць Язэп, муж Дзевы Марыі і апякун Ісуса Хрыста.
На пятай марцы, прысьвечанай Дану, вагі – сымбаль справядлівага вырашэньня спраў. «Дан будзе судзіць народ свой, як адно з каленаў Ізраіля…» (Быцьцё 49:16).
Сыны Валлы. Сымбалі родаў Дана і Напталіма. Маркі пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1955 годзе. Сыны Зелфы. Сымбалі родаў Гада і Ашэра. Маркі пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1956 годзе
Відарыс касулі на шостай марцы, прысьвечанай Напталіму – спасылка на дабраславенства Якуба: «Напталім – вольная касуля, гаварыцьмеш прыгожыя словы» (Быцьцё 49:21).
У 1956 годзе Пошта Ізраіля працягнула выпускаць сэрыю марак, якія паказваюць астатніх сыноў Якуба.
Сёмая марка паказвае сымбаль роду Гада, а менавіта намёт, які падкрэсьлівае характар Гада, як воіна.
Восьмая марка ў гонар роду Асіра. Яго сымбаль – дрэва. Дрэва на Блізкім Усходзе зьяўляецца сымбалям урадлівасьці, дастатку і багацьця.
Дзявятая марка прысьвечана роду Ісахара. Яго сымбаль сонца і зоркі. У першай кнізе летапісе сказана, што нашчадкі Ісахара адрозьніваліся глыбокім разуменьнем часу і «якія ведалі, што калі належала рабіць Ізраілю» (Першая Летапісаў 12:32). Сонца і зоркі – вобразнае стаўленьне да гэтага.
Сыны Леі. Сымбаль роду Ісахара. Сымбаль роду Забулона. Маркі пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1956 годзе. Сыны Рахелі. Сымбаль роду Язэпа. Сымбаль роду Веньяміна. Маркі пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1956 годзе
Дзясятая марка адлюстроўвае сымбаль роду Завулона – карабель. Гэта вельмі дзіўна, улічваючы, што старажытныя Ізраільцяне былі людзьмі пустыні і рэдка выходзілі ў далёкія марскія выправы. Але менавіта род Завулона павінен быў стаць выключэньнем. «Завулон каля берага марскога будзе жыць і каля прыстані карабельнай, і межы яго да Сідона» (Быцьцё 49:13).
Адзінаццатая марка паказвае сноп пшаніцы, сымбаль Язэпа. Сымбаль спасылаецца на сон Язэпа (Быцьцё 37:7), які ўяўляў сабой прадвесьце яго незвычайнага ўзвышэньня ў Егіпце. Сон, у якім сноп Язэпа падняўся і снапы яго братоў аддаюць яму паклон, стаў першапрычынай яго няшчасьця: Язэп быў прададзены братамі ў Егіпет.
Апошняя, дванаццатая марка з сэрыі, адлюстроўвае ваўка, сымбаль Веньяміна, наймалодшага сына Якава і Рахілі. Сымбалем Веньяміна зьяўляецца воўк, бо бацька кажа пра яго: «Веньямін драпежны воўк, раніцай будзе есьці лавітву і ўвечары будзе дзяліць здабычу» (Быцьцё 49:27).
Якаў перад сваёй сьмерцю ўсынавіў Яфрэма і Манасію, сыноў Язэпа. У выніку замест аднаго калена Язэпа, стала два (Быцьцё 48:5), так што ўсіх каленаў было 13. Аднак пры падзеле зямлі Ханаанскай лічылі толькі 12 каленаў, бо калена Левія, аддзеленае для сьвятарскага служэньня, не атрымала ніякага надзелу.
Пошта Уганды ў 2003 годзе выпусьціла марку з фрагмэнтам карціны галяндзкага жывапісца Рэмбрандта ван Рэйна «Якаў дабраслаўляе сыноў Язэпа Манасію і Яфрэма». Якаў, шаноўны Патрыярх, паказаны са стрыманай, велічнай годнасьцю, у той час як Язэп і яго жонка назіраюць за ім з пакорай і набожнай павагай. Рэмбрант абраў не самы эфэктны, але вельмі значны эпізод біблейскага аповеду. Язэп, падводзячы сваіх сыноў да састарэлага Якава для дабраславеньня, ставіць старэйшага, Манасію, справа ад бацькі, а малодшага, Яфрэма, – зьлева. Аднак асьлеплы Якаў ускладае правую руку на галаву малодшага ўнука, маючы намер дабраславіць яго першым. Язэп вырашае, што адбылася прыкрая памылка. Ён спрабуе аднавіць належны парадак і перакласьці правую руку бацькі на галаву свайго першынца, але Якаў пярэчыць: «…ведаю, сыне мой, ведаю; і ад яго пойдзе народ, і ён будзе вялікі; але меншы яго брат будзе большы за яго, і ад семені яго пойдзе шматлікі народ» (Быцьцё 48:19).
Якаў бласлаўляе сыноў Язэпа Манасію і Яфрэма (1656). Рэмбрандт ван Рэйн (1606—1669). Дзяржаўны музэй Касьсель. Марка пошты Уганды, выдадзеная ў 2003 годзе
Менавіта гэты момант прадстаўлены на карціне: лядашчы старац дакранаецца да залатых кучараў Яфрэма, а Язэп спрабуе асьцярожна перакласьці руку бацькі на галаву Манасіі. Галоўны герой карціны, цэнтар яе духоўнасьці – сьляпы стары. Над чырвоным покрывам, якое займае ўсю ніжнюю частку палатна, зьзяюць яго белыя адзеньні. Сьвятло, зыходзячы з рукі старца, выліваецца на хлопчыка. «І сказаў Ізраіль Язэпу: вось, я паміраю; і Бог будзе з вамі і верне вас у зямлю бацькоў вашых…» (Быцьцё 48:22).
Сымбалі дванаццаці каленаў захаваліся на працягу стагодзьдзяў. Іх крыніца – дабраслаўленьне Якавам дванаццаці сыноў Язэпа, а таксама некалькіх іншых тэкстаў Старога Запавету, якія вызначаюць спэцыфічныя асаблівасьці радоў і іх прабацькаў.
Менора і сымбалі 12 каленаў Ізраіля. Марка пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1952 годзе
Дванаццаць сыноў Якава – гэта слупы Ізраіля часоў Старога Запавету. Іх адпаведнікам у Новым Запавеце было дванаццаць апосталаў, выбраных Ісусам і спадарожных яму ў яго жыцьці, якія затым сталі сьведкамі Яго Ўваскрэсеньня.