Читать книгу Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго алюстраваньнем у мастацтве - Лявон Карповіч - Страница 5

Стварэньне Сьвету і раньняя гісторыя жыцьця Божага народу (5508—1050 да Р.Х.)
Стварэньне Сьвету і страта Раю
Стварэньне чалавека

Оглавление

І стварыў Гасподзь Бог чалавека з пылу зямнога і ўдыхнуў у твар ягоны дыханьне жыцьця, і зрабіўся чалавек душою жывою. Быццё 2:7

Пяць дзён займаўся Бог стварэньнем сьвятла, вады і неба, сушы і расьлін, сьвяцілаў, птушак, рыб і зьвяроў… Уся справа стварэньня Сусьвету, зямлі, азоранай пяшчотным сонцам, напоўненай жывымі істотамі і расьлінамі, неба, блакітнага днём і зорнага ноччу, была прадвызначана для чалавека, як вынікае з Кнігі Быцьцё. Чалавек – карона Боскай справы.


Стварэньне Адама. Барэльеф – скульптара Якопа дэла Кверча (Jacopo della Quercia ок. 1374—1438). Базыліка Сан-Пятронія ў Балоньі. Марка пошты Італіі, выдадзеная у 1974 годзе


Пяць дзён для чалавека стваралася месца існаваньня ў адзінстве з Богам.

«І сказаў Бог: створым чалавека паводле вобразу Нашага, паводле падабенства Нашага; і хай валадараць яны над рыбамі марскімі, і над птушкамі нябеснымі, і над быдлам, і над усёю зямлёю, і над усімі гадамі, што поўзаюць па зямлі» (Быцьцё 1:26). Створаны чалавек атрымаў імя Адам (іўр.: אָדָם – Сын Землі ці чалавек).

Падзея стварэньня чалавека знайшла адлюстраваньне ў многіх творах мастацтва. Адзін з найпрыгажэйшых знаходзіцца ў Ватыкане ў Сыкстынскай капэле сярод фрэсак, якія стварыў Мікеланджэла ў 1508—1512 гадах. Гэты шэдэўр стаў адным з сымбаляў мастацтва. Фрэска адлюстравана на марках многіх краін. Адам намаляваны як сымэтрычнае адлюстраваньне Творцы. Далонь Бога і далонь Адама амаль злучаюцца, выражаючы пачуцьці ўзаемнай міласьці і любові. Джорджа Вазары пісаў пра Адама на фрэсцы, што ён намалёваны «такім выдатным, у такім становішчы, з такімі абрысамі, што здаецца, быццам ён зноў створаны вышэйшым і першапачатковым Стваральнікам сваім, а не пэндзьлем і па задуме чалавека».


Стварэньне Адама (1511). Мікеланджэла Буанароці (1475—1564). Сыкстынская капэла, Ватыкан. Марка пошты Ватыкану, выдадзеная ў1994 годзе


Апрануты ў простую ружовую туніку, Бог праносіцца над створаным сьветам у акружэньні анёлаў без крылаў. Некаторыя дасьледчыкі лічаць, што Мікеланджэла адлюстраваў Творцу як крыніцу розуму. Фон разам з анёламі абрысамі нагадвае мозг. Жаночая постаць справа ад Яго – Ева, яна яшчэ чакае гадзіны свайго стварэньня, але ўжо задумана Богам. Падчас палёту Бог паварочваецца, накіроўваецца насустрач Адаму і падае яму руку. Рукі амаль сустракаюцца. Энэргія Бога перадаецца руцэ чалавека. Гэта імгненьне нараджэньня Душы…

«І сказаў Гасподзь Бог: нядобра быць чалавеку аднаму; створым яму памочніка, адпаведнага яму» (Быцьцё 2:18). «І стварыў Гасподзь Бог з рабрыны, узятай у чалавека, жанчыну, і прывёў яе да чалавека» (Быцьцё 2:22).


Стварэньне Евы. Карціна невядомага аўтара з царквы Сьвятога Стэфана ў Лісабоне. Марка пошты Партугаліі, выдадзеная ў 2012 годзе


З правага боку маркі цытата з Кнігі Быцьця: «І стварыў Бог чалавека паводле вобразу Свайго, паводле вобразу Божага стварыў яго; мужчыну і жанчыну стварыў іх. І дабраславіў іх Бог, і сказаў ім Бог: пладзецеся і множцеся, і напаўняйце зямлю і валодайце ёю, і валадарце над рыбамі марскімі, і над птушкамі нябеснымі, і над усякай жывёлаю, што поўзае па зямлі» (Быцьцё 1:27,28).

Рафаэль стварыў сэрыю з 52 карцін, якую называюць Бібліяй Рафаэля. Адна зь іх паказана на марцы Парагваю.


Стварэнне Евы з рабра Адама (1519). Рафаэль Санці (1483—1520). Музеі Ватыкана (фрэскі), Ватыкан. Марка пошты Парагваю, выдадзеная ў 1982 годзе


Цікава, як Мідраш (тлумачэньне вершаў Торы) апісвае стварэньне жанчыны: «… калі Усявышні ствараў жанчыну, то ўвесь час паўтараў, што яна павінна быць сьціплая. Таму не зрабіў яе з вачэй, каб яна не глядзела, куды ня трэба, з рук, каб не чапала, чаго ня трэба, з ног, каб не хадзіла, куды ня варта, з мовы, каб не казала лішняга. А рабро заўсёды закрытае рукой, ёсьць самае сьціплае месца ў целе чалавека».

Бог-Бацька немаладога выгляду з доўгай барадой укладвае «дыханьне жыцьця» у толькі што створаную Еву на фоне сельскага пэйзажу, дзе бачныя і фігуркі некаторых жывёл.


Стварэньне Евы (1575—1580). Паола Вэранэзе (1528—1588). Мастацкі інстытут. Чыкага. Марка пошты Манамы, выдадзеная ў 1971 годзе


З нагоды 500-годзьдзя адкрыцьця фрэсак Сыкстынскай капэлы пошта Гамбіі выпусьціла блёк з выявай фрэсак Мікеланджэла. Сярод іх-Стварэньне Евы.


Стварэньне Евы. Мікеланджэла Буанароці (1475—1564). Сыкстынская капэла, Ватыкан. Марка пошты Гамбіі, выдадзеная ў 2012 годзе


У 1977 годзе пошта Ватыкану выпусьціла сэрыю марак з матывамі барэльефаў са старахрысьціянскіх саркафагаў. На адной з марак паказаны фрагмэнт верхняй левай часткі, дзе знаходзіцца самая раньняя вядомая скульптура Сьвятой Тройцы: Бога Айца, Сына і Духа Сьвятога. Сьвяты Дух стаіць за тронам Бога Айца (на марцы адсутнічае). Бацька кладзе правую руку на плячо Сына, які знаходзіцца ў акце стварэньня Евы. Паводле Біблейскага апавяданьня, Адам ляжыць на зямлі і сьпіць. Першыя хрысьціяне разумелі, што справа стварэньня чалавека была справай Божай любові.


Стварэньне мужчыны і жанчыны. Барэльеф саркафагу, 300 да Р.Х. (фрагмэнт). Латынскія музэі Ватыкану. Марка пошты Ватыкану, выдадзеная ў 1977 годзе


Кожны чалавек створаны па вобразу Божаму. Гэта падабенства ў першую чаргу знаходзіцца ў душы, бо душа зьяўляецца несьмяротнай. Справа чалавека захаваць гэта падабенства, ня зьнішчыць душу бязбожным жыцьцём. «І стварыў Бог чалавека паводле вобразу Свайго, паводле вобразу Божага стварыў яго; мужчыну і жанчыну стварыў іх» (Быцьцё 1:27). Яшчэ раз аб гэтым гаворыцца ў Бібліі.

Імя мужчыны – Адам – сын зямлі, імя жанчыны – Ева – жыцьцё – маці ўсіх людзей. Яны выйшлі з творчых рук Госпада прыгожымі і шчасьлівымі, абласканымі Божай любоўю і магчымасьцю зносін з Богам. Бог аддаў Адаму і Еве ўсё створанае, але і даручыў адказнасьць за сьвет, які паклікаў да існаваньня для чалавека.

Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго алюстраваньнем у мастацтве

Подняться наверх