Читать книгу Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго алюстраваньнем у мастацтве - Лявон Карповіч - Страница 19

Стварэньне Сьвету і раньняя гісторыя жыцьця Божага народу (5508—1050 да Р.Х.)
Аўрагамаў Завет. Патрыярхі Абранага народу
Рэбэка

Оглавление

…ад Госпада прыйшла гэтая дзея… (Быцьцё 24:50)

У Сьвятым пісьме неаднаразова падкрэсьліваецца вялікае значэньне шлюбу і сямейнага жыцьця. Біблейныя шлюбныя сувязі даюць прыгожыя прыклады ўдалых шлюбаў.

Абставіны ўступленьня Рэбэкі ў шлюб з Ісаакам і іншыя выпадкі з яе жыцьця займаюць адну з самых прыгожых і кранальных старонак Бібліі.

У Кнізе «Быцьцё» падрабязна апісваецца заклапочанасьць Абрагама і Сарры пошукам жонкі для іх сына Ісаака. Бацькі ня хочуць мець нявестку з паганскага роду. І Абрагам пасылае свайго слугу Эліязэра ў Мэсапатамію, дзе ў горадзе Нахора ён павінен знайсьці жонку Ісааку: «Гасподзь, Бог неба […]. Ён пашле анёла Свайго перад табою, і ты возьмеш жонку сыну майму адтуль…» (Быцьцё 24:7).

Прарабіўшы доўгі шлях з Ханаана, Эліязэр узмаліў Бога пазначыць яму жонку для Ісаака з тых дзяўчат, у якіх ён папросіць вады, і якая зь іх таксама прапануе ваду і для яго вярблюдаў.


Слуга Абрагама сустракае Рэбэку (1896—1902). Джэймс Цісо (1836—1902). Габрэйскі музэй, Нью-Ёрк. Пэрсанальная марка, выдадзеная поштай Ізраілю ў 2009 годзе


Адказ не замарудзіў. «Яшчэ не перастаў ён гаварыць, і вось, выйшла Рэбэка, якая нарадзілася ад Ватуіла, сына Мілкі, жонкі Нахора, брата Абрагамавага, і збанок яе на плячы ў яе…» (Быцьцё 24:15).


Эліязэр сустракае Рэбеку. Блёк пошты Мікранэзіі, выдадзены ў 1998 годзе


Дарэчы, імя Эліязэр значыць «Бог бацькі майго быў мне дапамогай».

«І пабег раб насустрач ёй і сказаў: дай мне выпіць крыху вады са збанка твайго. Яна сказала: пі, гаспадару мой. І адразу апусьціла збанок свой на руку сваю і напаіла яго. І, калі напаіла яго, сказала: я пачну чэрпаць і вярблюдам тваім, пакуль не нап'юцца ўсе» (Быцьцё 24:17—19).

На маляўнічым блёку Мікранэзіі ўсё адпавядае біблейскаму апавяданьню: Рэбэка з збаном вады, Эліязэр з вярблюдам і Анёл, які сьпяшаецца на дапамогу.

Сустрэча Эліязэра з Рэбэкай стала папулярнай у мастакоў.


Эліязэр і Рэбэка ля студні (1653). Якаў Хогерс (1614 – 1660). Эрмітаж. Марка пошты Грэнады Карыяку і Петыт-Марцінікі, выдадзеная ў 2003 годзе


Біблейская сцэна, напісаная Джавані Пьяцета нагадвае пастырскую ідылію, слуга Абрагама Эліязэр сустракае Рэбэку ля студні. Яна прапануе яму ваду, а потым непрыкметна прымае падарункі, якія Абрагам паслаў разам з Эліязэрам для сваёй будучай нявесткі. Джавані Пьяцета акцэнтаваў наступны момант біблейскай гісторыі, калі Элзіязэр падарыў Рэбэцы завушніцы і запясьці, тым самым паведаміўшы ёй волю Бога на яе шлюб з Ісаакам.


Рэбэка і Эліязэр ля калодзежа (1740). Джавані Батыста Пьяцета (1683—1754). Мастацкі музэй Брэра ў Мілане (Італія). Марка пошты Сан-Марына, выдадзеная ў 2004 годзе


«Яна сказала: пі, гаспадару мой. І адразу апусьціла збанок свой на руку сваю і напаіла яго. І, калі напаіла яго, сказала: я пачну чэрпаць і вярблюдам тваім, пакуль не нап'юцца ўсе» (Быцьцё 24:18,19).


Рэбэка і Эліязэр (1660). Барталамэ Мурыльё (1617—1682). Музэй Прада. Картмаксімум пошты Руанды, выдадзены ў 1967 годзе


Эліязэр пакланіўся Богу, Які прывёў яго да патрэбнага месца. У доме, дзе жыла Рэбэка, Эліязэр распавёў пра жыцьцё Абрагама і навошта ён прыйшоў.

«І паклікалі Рэбэку і сказалі ёй: ці пойдзеш з гэтым чалавекам? Яна сказала: пайду. І пусьцілі Рэбэку, сястру сваю, і карміцельку яе, і раба Абрагамавага, і людзей ягоных. І дабраславілі Рэбэку і сказалі ёй: сястра наша, хай родзяцца ад цябе тысячы тысяч, і хай валодаюць нашчадкі твае жытлішчамі ворагаў тваіх…» (Быцьцё 24:58—60). Эліязэр зрабіў усім багатыя падарункі і на наступны дзень Павёз яе да Абрагама і Ісаака.

Дома іх чакаў Ісаак. З першай сустрэчы яны пакахалі адзін аднаго.


Габрэйская нявеста (1665). Рэмбрандт (1606—1669). Рейксмузэум, Амстэрдам. Картмаксімум пошты Бурундзі, выдадзены ў 1968 годзе


«Габрэйская нявеста» – адна з апошніх і самых загадкавых карцін Рэмбрандта. Адзеньне персанажаў падобнае на старадаўнюю, біблейскую, таму ў якасьці назвы прапаноўваліся «Артаксеркс і Эсфір», «Якаў і Рахіль», «Абрам і Сарра», «Ваоз і Рут». Але канчаткова абрана была назва «Ісаак і Рэбэка». «Габрэйская нявеста», лірычная і рамантычная, пяшчотная і загадкавая, паказвае ўсяго толькі адносіны сямейнай пары, поўныя пачуцьця і ласкі.

Вінцэнт Ван Гог казаў, што аддаў бы дзесяць гадоў свайго жыцьця за магчымасьць праседзець два тыдні перад гэтай карцінай з адным толькі боханам хлеба.

Сустрэўшы Рэбэку, Ісаак ажаніўся на ёй. Атрымаўшы каханую жонку, суцешыўся Ісаак у смутку па сваёй маці (Быцьцё 24). Рэбэка выйшла замуж за Ісаака і тры цуду, якія адбыліся пры жыцьці Сарры, былі адноўленыя. Калі Рэбэка запальвала сьвечкі ў пятніцу ўвечары, то яны гарэлі цэлы тыдзень; хлеб, які яна пякла, заставаўся сьвежым ад тыдня да тыдня; і воблака славы парыла над яе шатром.

Сюжэт наступнай карціны нагадвае Біблейскую гісторыю.

Быў голад і Ісаак перасяліўся ў царства Авімэлэха, цара Філістымскага, у Герар.


Рэбэка і Ісаак. Блёк пошты Мікранэзіі, выдадзены ў 1998 годзе


«Жыхары месца таго спыталіся пра жонку ягоную, і ён сказаў: „гэта сястра мая“, бо баяўся сказаць: „жонка мая“, каб не забілі мяне, думаў ён, жыхары месца гэтага за Рэбэку, бо яна прыгожая з выгляду. Але калі ўжо шмат часу ён там пражыў, Авімэлэх, цар Філістымскі, паглядзеў у акно, убачыў, што Ісаак гуляе з Рэбэкаю, жонкаю сваёю. І паклікаў Авімэлэх Ісаака і сказаў: вось, гэта жонка твая: як жа ты сказаў: яна сястра мая? Ісаак сказаў яму: бо я думаў, каб жа не памерці мне дзеля яе. Але Авімэлэх сказаў: што гэта ты зрабіў з намі? адзін з народу ледзь не злучыўся з жонкаю тваёю, і ты ўвёў бы нас у грэх. І даў Авімэлэх загад усяму народу, сказаўшы: хто кране гэтага чалавека і жонку ягоную, той аддадзены будзе сьмерці» (Быцьцё 26:7—11).

Сказаныя Рэбэцы словы на дарогу, калі яна адпраўлялася з бацькоўскага дома ў дом Ісаака, «сястра наша, хай родзяцца ад цябе тысячы тысяч» (Быцьцё 24:60), да гэтага часу паўтараюцца рабінамі нявестам на габрэйскіх вясельлях.

Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго алюстраваньнем у мастацтве

Подняться наверх