Читать книгу Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго алюстраваньнем у мастацтве - Лявон Карповіч - Страница 3

Біблія і філятэлія

Оглавление

Наказваю вам: любіце адзін аднаго. (Яна 15:17)

Усё Пісаньне боганатхнёнае і карыснае для навучаньня, для выкрыцьця, для выпраўленьня, для настаўленьня ў праведнасьці, каб быў дасканалы Божы чалавек, да ўсякае добрае справы падрыхтаваны. (Другое да Цімафея 3:16,17)

Кнігі Сьвятога Пісаньня, якое складаецца з Старога і Новага Запаветаў, маюць агульную назву «Біблія». Назва паходзіць з грэцкай мовы і азначае ў перакладзе «кніга», якая зьяўляецца найбольш важнай з усіх кніг, проста «Кніга Кніг». Сапраўды, Біблія зьяўляецца адной з найважнейшых кніг у гісторыі сьвету, і не толькі ў сэнсе духоўным, але і літаратурным, гістарычным і сацыяльным. Няма ніякіх сумневаў, што для многіх людзей Біблія зьяўляецца свайго роду жыцьцёвай інструкцыяй, своеасаблівай кнігай псыхалягічнай, філязофскай, унівэрсальнай. Для мільёнаў людзей Біблія была і застаецца крыніцай вечнай ісьціны і мудрасьці, вучыць любіць і дараваць.

Сьвятое пісьмо зьмяшчае праўду пра Бога і праўду пра чалавека і паказвае дзеі чалавецтва праз адносіны з Богам.

Па дадзеных Сусьветнага Альянсу Уікліф на кастрычнік 2019: «У сьвеце налічваецца прыблізна 7097 „жывых“ моў. Сьвятое Пісаньне, у поўным або частковым складзе, існуе на 3384 зь іх».

Ужо ў трэцім стагодзьдзі да Р.Х. быў зроблены першы пераклад Старога Запавету – Сэптуагінта. У Сэптуагінце было ўжыта слова Пантакратар для перакладу габрэйскага назвы Эль-Шаддай (Бог). Спас Вобраз Уседзяржыцеля, або Пантакратара (ад грэч.: παντοκράτωρ – Усеўладны, Усемагутны) стаў цэнтральным вобразам у іканаграфіі Хрыста, які ўяўляе Яго як Нябеснага Цара і Судзьдзю. На мазаіцы з Сіцыліі Кніга ў левай руцэ Хрыста Панкратара раскрыта на старонцы з тэкстам «Я-сьвятло сьвятла. Хто ідзе за Мною, той не будзе хадзіць у цемры, але будзе мець сьвятло жыцьця» (Паводле Яна 8:12), напісаным на лацінскай і грэцкай мовах.


Хрыстос Пантакратар. Мазаіка сабора ў Чефалу, Сіцылія (1140). Марка рошты Италіі, выдадзеная ў 1987 годзе


Пасьля ўзьнікненьня хрысьціянства стандартным перакладам Бібліі на лацінскую мову стала Вульгата, пераклад, зроблены Сьвятым Еранімам у 382 – 406 гадах. Сьвяты Еранім стаў міфам і легендай яшчэ пры жыцьці. У самай прыгожай і самай вядомай гісторыі пра Ераніма ён дастае стрэмку з лапы льва, які потым аддана ідзе за ім. Некалькі самых вядомых эўрапейскіх мастакоў адлюстроўвалі яго са львом на працягу стагодзьдзяў. Сьвяты Еранім таксама быў адлюстраваны ў выглядзе пустэльніка, які трымаў Біблію і чэрап, і ў выглядзе кардынала, апранутага ў афіцыйнае кардынальскае адзеньне. Яму прысьвечаныя дзясяткі паштовых марак.


Сьвяты Геранім за працай (1440—1470). Нікало Антоніа Калянтоніё (1420—1460). Нэапаль, Музэй Кападымонтэ. Марка пошты Руанды, выдадзеная ў 1973 годзе


«Я жадаў бы, каб Пісаньня пераклалі на ўсе мовы, каб іх чыталі і разумелі ня толькі шатляндцы і ірляндцы, але таксама туркі і сарацыны. Мне хацелася б, каб араты сьпяваў вершы зь Пісаньня, ідучы за плугам, ткач паўтараў іх пад гудзеньне чаўнака і падарожнік забаўляўся Эвангельскімі апавяданьнямі падчас сумнага падарожжа» – так пісаў вялікі галяндзкі навуковец Эразм Ратэрдамскі ў 1516 годзе.

Гэта стала магчымым, калі зьявілася першая друкаваная Біблія – гэта Біблія, надрукаваная ў 1452 – 1455 гады ў Майнцы Іяганам Гутэнбэргам. Вынаходніцтва Іягана Гутэнбэрга – друкарня зьмяніла палітычны, сацыяльны і культурны ляндшафт яго часу. Network прызнала Іягана Гутэнбэрга самай уплывовай фігурай другога тысячагодзьдзя. Таму і маркі, прысьвечаныя яму, выдаюцца многімі краінамі сьвету.


Іяган Гутэнбэрг – друкарня. Марка пошты Камбоджы, выдадзеная ў 2001 годзе


На пачатку было Слова, запісанае ў Кнігу, а Кніга была супраць выяваў: «Не рабеце сабе куміраў і выяваў, і слупоў ня стаўце ў сябе, і камянёў з выявамі не кладзеце ў зямлі вашай, каб кланяцца перад імі, бо Я Гасподзь, Бог ваш» (Лявіт 26:1). Не магло быць іначай сярод паганцаў, якія пакланяліся ідалам і прыносілі ім ахвяры. Абраны народ павінен быў быць верным Нябачнаму. І яўрэі не стварылі ніводнай выявы Бога. Першыя сцэны біблейныя паўсталі ў Рымскай імпэрыі. Гэта былі ілюстрацыі Сэптуагінты – грэцкага перакладу Старога Запавету. Стары Запавет забараняў тварыць выявы, а Новы Запавет не зьнімаў гэтай забароны. Але зьявіўся Богачалавек, Ісус, «выява Бога Нябачнага». Гэта давала мажлівасьць стварэньня вобраза Бога. Яшчэ доўга цягнуліся споры, хоць многія казалі «аб вялікім пажытку ад выяваў біблейных».

Наш зямляк Францыск Скарына з Полацку арганізаваў ў Празе друкарню, пераклаў на тагачасную беларускую мову, напісаў прадмовы і за 1517 – 1519 гады надрукаваў 22 кнігі Бібліі.

Беларуская пошта зрабіла некалькі выданьняў, прысьвечаных Францыску Скарыну. У тым ліку і першая Беларуская паштовая марка, выдадзеная Урадам Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе


Францыск Скарына. Беларуская паштовая матка №1, выдадзеная ў 1918 годзе


Скарына друкаваў Біблію як з рэлігійнымі так і з асьветніцкімі мэтамі, пра што піша ў прадмове: «Дедтем малым початок всякое доброе наукы, дорослым помножение в науце, мужем моцное утверьжение». Біблію Скарына ўпрыгожыў 52 гравюрамі яго выкананьня.

«Што чытаньне дае вушам, тое маўклівае малярства ставіць перад вачамі» казаў Сьвяты Базыль у 379 годзе, а ягоны брат Сьвяты Георгій з Нысы скажа, што абразы замяняюць кніжкі, прыносячы гледачу тыя самыя карысьці. Але яшчэ доўгі час Кніга і выява не знаходзілі шляху да паяднаньня. Выявы зьявіліся пасьля Нікейскага (325 ад Р.Х.) і Халкедонскага (451 ад Р.Х.) царкоўных сабораў і расквітнелі ў Італіі эпохі Адраджэньня.

Матывы Біблейныя можна знайсьці ў творах знакамітых мастакоў і скульптараў, паэтаў і пісьменьнікаў, творах, якія сабраныя ў знакамітых музэях, галерэях і бібліятэках усяго сьвету. Біблія аказала вялікі ўплыў на мову, якой размаўляем, на творчасьць музычную. Мы жывём у сьвеце, які ў значнай ступені стаў упарадкаваны праз культуру Біблейную.

Выдадзена мноства кніг, дзе сабраныя самыя знакамітыя творы мастакоў, ілюструючых Біблію. Здавалася б, навошта займацца зьбіраньнем і апісаньнем, як паштовая марка ілюструе Біблейскія сюжэты. Дзьве прычыны. Вывучаць Біблію ня проста. Калі мы чытаем Пісаньне, калі не зьвяртаем пільнай увагі і не адкрываем сэрца і розум на тое, што Бог сапраўды кажа, мы бачым толькі тое, што хочам бачыць. Мне дапамог мэтад паралельнага вывучэньня. Чытаньне Бібліі стымулявала пошук марак для філятэлістычнай выставы, а знойдзеныя мініяцюры патрабавалі знаёмства з адпаведным тэкстам Бібліі. А яшчэ, з дапамогай паштовых марак кожны жадаючы можа напісаць «сваю кнігу» з біблейскімі сюжэтамі, якая будзе рукатворнай і непаўторнай, бо немагчыма сабраць усе паштовыя маркі на Біблейскую тэму. Штодня паяўляюцца ўсё новыя выданьні, а папярэднія становяцца ўсё больш недаступнымі. Праца па складаньню калекцыі пакліча ў пошук, пашырыць круг знаёмых і сяброў, паспрыяе пазнаваньню зьместу Кнігі, яго асэнсаваньню, прывядзе да веры або ўмацуе ў ёй. Такая праца прывяла мяне да напісаньня гэтай кнігі.

Першай паштовай маркай, тэматычна зьвязанай з Бібліяй, зьяўляецца марка пошты Італіі, выдадзеная ў 1852 годзе. На марцы Герб Папы Рымскага – залаты і срэбны ключы, якія Хрыстос перадаў Апосталу Пятру.


Герб Папы Рымскага. Марка №1 пошты Італіі, выдадзеная ў 1852 годзе


У наступныя гады колькасьць выдадзеных марак на Біблейскую тэму расла ў геамэтрычнай прагрэсіі. І хоць не ўсе тэмы раскрытыя, варта зрабіць спробу, паказаць з дапамогай паштовых марак доўгія дзеі збаўленьня, якія папярэдзілі нараджэньне, жыцьцё, дзейнасьць, сьмерць і паўстаньне зь мёртвых Ісуса Хрыста. Гэта ня толькі для таго, каб з цікавасьці разгледзець мініяцюрныя малюнкі, якія пошты розных краін абралі для сваіх выданьняў, але, каб як мага больш даведацца аб тым, што яны паказваюць, што нам хацеў сказаць аўтар. Толькі тады марка ня толькі забаўляе, але вучыць і выхоўвае.

Наступным было выданьне пошты Мальты па карціне Густава Доры – «Сьвяты Павал пасьля караблекрушэньня». За Сьвятым Паўлам ў вогнішчы зьмяя. Падзея адбылася пазьней, калі Апостал грэўся ля вогнішча і на яго напала зьмяя. «Але ён, абтросшы зьмяю ў вагонь, не зазнаў аніякае шкоды» (Дзеі 28:5).


Апостал Павал. Караблекрушэньне. Марка пошты Італіі, выдалўеная ў 1899 годзе


Мяне вельмі ўразілі словы, на жаль я згубіў кім сказаныя: «Царква прыгожая, калі знаходзіцца ў будынку, але яшчэ больш уражлівая, калі ажывае праз Яго народ у паўсядзённым жыцьці. Няхай Слова Божае ажыве праз вас, і вы будзеце Яго рукамі і нагамі ў страчаным і паміраючым сьвеце, маяком Яго надзеі ў цемры».

«Хіба ня ведаеце, што вы храм Божы, і Дух Божы жыве ў вас?» (Першае да Карынфянаў 3:16).

Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго алюстраваньнем у мастацтве

Подняться наверх