Читать книгу Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго алюстраваньнем у мастацтве - Лявон Карповіч - Страница 14
Стварэньне Сьвету і раньняя гісторыя жыцьця Божага народу (5508—1050 да Р.Х.)
Аўрагамаў Завет. Патрыярхі Абранага народу
Сустрэча Абрама і Мелхісэдэка
ОглавлениеБо Мелхісэдэк, цар Саліма, сьвятар Бога Ўсявышняга […] цар праўды, а потым і цар Саліма, што азначае – цар сьвету… (Да Габрэяў 7:1,2)
Пасля вяртаньня Абрама зь Егіпту «Абрам пачаў жыць на зямлі Ханаанскай; а Лот пачаў жыць у гарадах навакольля і раскінуў намёты да Садомы» (Быцьцё 13:12).
Падчас царскіх войнаў пляменьнік Абрама Лот трапіў у палон да цара Кедарлаамэра. «І прыйшоў адзін з ацалелых і паведаміў Абраму Габрэю, які жыў тады каля дубровы Мамрэ, Амарэяніну, брату Эшколу і брату Анэру, якія былі спрымірэнцы Абрамавыя» (Быцьцё 14:13). Тут упершыню ўжываецца ў Бібліі слова «Габрэй». Абрам, даведаўшыся пра гэта, узброіў сваіх рабоў, перамог цара і вярнуў Лота і ўсю яго маёмасьць.
Сустрэча Абрама і Мелхісэдэка. Пітэр Паўль Рубенс (1577—1460). Музэй Рінглінга Сарасота. Марка пошты Рэспублікі Чад, выдадзеная ў 1978 годзе
«Калі ён вяртаўся пасьля паразы Кедарлаамэра і цароў, якія былі зь ім, цар Садомскі выйшаў яму насустрач у даліну Шавэ, што сёньня даліна царская; і Мэлхісэдэк, цар Салімскі, вынес хлеб і віно, – ён быў сьвятар Бога Ўсявышняга, – і дабраславіў яго і сказаў: дабраславёны Абрам ад Бога Ўсявышняга, Уладара неба і зямлі; і дабраславёны Бог Усявышні, Які аддаў ворагаў тваіх у рукі твае. Абрам даў яму дзясятую частку з усяго» (Быцьцё 14:17—20).
Абрам у дасьпехах стаіць на чале сваёй групы салдат і з удзячнасьцю прымае хлеб ад Мэлхісэдэка.
Свой погляд на гэту падзею выказаў на сваёй карціне мастак Дыэрых Бутс (Dieric Bouts). Цар Салема (будучага Ерусаліма) Мелхісэдэк сустракае Абрама хлебам і віном. Абрагам, апрануты ў дасьпехі пасьля пасьпяховай бітвы пры Сідыме, становіцца на калені перад Мелхісэдэкам. На заднім пляне – вяртаньне войскаў Абрама.
Сустрэча Абрама і Мелхісэдэка. Алтар Сьвятой Камуніі (1464—1467). Дыэрых Бутс (1420—1475). Сінт-Пітэрскерк, Лювэн. Марка пошты Мальдзіваў, выдадзеная ў 2014 годзе
Пачынаючы з XIII стагодзьдзя было цалкам нармальна адлюстроўваць біблейскіх і гістарычных асоб у сучасных дасьпехах. Каб навучыць непісьменных людзей падзеям, якія адбыліся стагодзьдзі раней, гэта быў звычайны спосаб перанесьці іх у біблейскія часы, каб ім было лягчэй суперажываць рэлігійнай падзеі, якая адбывалася ў тыя далёкія часы. І мастак, нават каб хацеў, ня мог дабрацца да першакрыніц, якія паказвалі б сапраўдную вопратку часоў Абрама.
Сустрэча Абрама і Мелхісэдэка (1620). Рубенс (1577—1460). Люўр, Парыж. Блёк пошты Гвінеі, выдадзены ў 2015 годзе
«Мэлхісэдэк, цар Салімскі, вынес хлеб і віно, – ён быў сьвятар Бога Ўсявышняга» (Быцьцё 14:18).
Мехілсэдэк. Сценапіс Земенскай царквы, XIV ст., Заходняя Баўгарыя (Земен). Марка пошты Баўгарыі, выдадзеная ў 1976 годзе
Мелхісэдэк «дабраславіў яго і сказаў: дабраславёны Абрам ад Бога Ўсявышняга, Уладара неба і зямлі…» (Быцьцё 14:19).
Імя Мелхісэдэк, складаецца з двух габрэйскіх слоў: «мелех» – цар, і «цадзік» – праведнік; і значыць «цар праўды»; слова «Салім» значыць «мір». Зьяўленьне Мелхісэдэка да часоў Закона, паказвае, што ён сьвятар Божы, непасрэдна ад Бога. Ён стаіць ля вытокаў гісторыі народаў і рэлігій. Для хрысьціянства Мелхісэдэк – гэта правобраз Хрыста, Яго валадараньня і Яго сьвятарства. Як Мелхісэдэк быў разам сьвятаром і царом, так і Ісус Хрыстос ёсьць Першасьвятар і Цар. Ісус Хрыстос даў нам пад выглядам хлеба і віна цела і кроў сваю, так і Мелхісэдэк прынёс Абраму хлеб і віно і дабраславіў яго.