Читать книгу Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго алюстраваньнем у мастацтве - Лявон Карповіч - Страница 9
Стварэньне Сьвету і раньняя гісторыя жыцьця Божага народу (5508—1050 да Р.Х.)
Стварэньне Сьвету і страта Раю
Каін і Авель
Оглавление…калі ня робіш добрага, дык пад дзьвярыма грэх ляжыць; ён вабіць цябе да сябе, але ты пануй над ім. (Быцьцё 4:7)
Ішоў час жыцьця Адама і Евы па-за Раем. «Адам спазнаў Еву, жонку сваю; і яна зачала, і нарадзіла Каіна, і сказала: здабыла я чалавека ад Госпада» (Быцьцё 4:1). Гэта значыць, што Бог непасрэдна ўдзельнічае ў нараджэньні новага чалавека: як тлумачыць старажытная традыцыя, ужо ў той момант, калі ў целе маці толькі завязваецца «кропелька» новага жыцьця, Бог удзімае ў гэтую «кропельку» новую душу, і гэтая, здаецца, яшчэ зусім неаформленая, аморфная «кропелька» ёсьць душою жывою з пункту гледжаньня рэлігійнай сьвядомасьці, і забіваць яе, нават на самых раньніх стадыях цяжарнасьці, – цяжкі грэх перад Богам. Такім чынам, кожнае дзіця, што зьяўляецца на сьвет, ёсьць у высокім сэнсе дзіцём Божым, і кожнаму Бог дае душу, здольную процістаяць злу.
З першымі дзецьмі зьвязаная найвялікшая трагедыя першай чалавечай сям'і – сумны вынік адыходу ад Бога. Першавобразам сьвядомага злачынства і амаль абсалютнага граху і становіцца ў Бібліі Каін.
«І яшчэ нарадзіла брата ягонага, Авеля. І быў Авель пастух авечак, а Каін быў земляроб» (Быцьцё 4:2).
Першыя працы Адама і Евы (1650—52). Алонса Кано (1601 – 1667). Поллак-хаўс, Глазга. Марка пошты Гвінеі, выдадзеная ў 2012 годзе
Навукоўцы – бібліёлягі ў адзін голас сьцьвярджаюць, што прыпавесьць пра Каіна і Авеля – адзін з найцяжэйшых для тлумачэньня тэкст Пісаньня. Бо ўсе падзеі, якія ў ёй адбываюцца, ня маюць мэтавага тлумачэньня. Не даюць адказу на пытаньне: чаму?
У левай частцы карціны Адам «у поце твару» працуе, сын Адама – Каін у цэнтры, апрануты ў ружовае, а Ева – у правай з Авелям на каленях на фоне цудоўнага пэйзажу. Але гэта ня Рай!
«Празь некаторы час Каін прынёс ад пладоў зямлі дар Госпаду; і Авель таксама прынёс ад першародных статку свайго і ад тлушчу іхняга. І прыхінуўся Гасподзь да Авеля і да дару ягонага; а да Каіна і да дару ягонага не прыхінуўся. Каін моцна засмуціўся, і панік твар ягоны» (Быцьцё 4:3—5). Чаму Бог «прыхінуўся» да дару Авеля і «не прыхінуўся да дару Каіна? Можам толькі здагадвацца, што ахвяра аднаго была шчырай, а другога не. Каін павінен быў раскаяцца, але замест гэтага Каіна апанавала зайздрасьць. Бог папярэджвае: «калі робіш добрае, дык ці не падымаеш твару? а калі ня робіш добрага, дык пад дзьвярыма грэх ляжыць; ён вабіць цябе да сябе, але ты пануй над ім» (Быцьцё 4:7).
Бог судзіць нас толькі за нашы ўчынкі; пакуль ты яшчэ нічога не зрабіў, але цьмяныя і дрэнныя думкі пачынаюць адольваць цябе, ты яшчэ можаш выбраць шлях дабра, ухіліцца ад зла… «Вераю Авель прынёс Богу ахвяру лепшую, ніж Каін; ён атрымаў сьведчаньне, што ён праведны, як засьведчыў Бог пра дары ягоныя; ёю ён і пасьля сьмерці гаворыць яшчэ» (Да Габрэяў 11:4).
На малюнку маркі два ахвярнікі. Бог прыняў ахвяру Авеля, – дым ад яе ўзьнёсься да неба. Ахвяра Каіна не прынята і дым ад яе слаўся па зямлі.
Не забі. Каін і Авель. Франчэска Трэвізані (1656—1746). Марка пошты Нікарагуа з сэрыі «Дзесяць Запаведзяў», выдадзеная ў 1971 годзе.
Але Каін ня можа панаваць над грахом. Наадварот, грэх яго апанаваў. «І сказаў Каін Авелю, брату свайму: хадзем у поле. І калі яны былі ў полі, паўстаў Каін на Авеля, брата свайго, і забіў яго» (Быцьцё 4:8).
Так, біблейскі тэкст сьцьвярджае, што асновай па сутнасьці ўсіх наўмысных злачынстваў – ад малога да вялікага – зьяўляецца зайздрасьць.
Абмяркоўваючы пытаньне пра Адама, што ён быў створаны адзін, мудрацы Талмуду вынесьлі вэрдыкт: «Чалавек – гэта цэлы сьвет, і той, хто зьнішчае хоць адну душу – зьнішчае цэлы сьвет, а той, хто ратуе хоць бы адну душу, ратуе цэлы сьвет». Найстрашэньнейшая віна Каіна: забіўшы брата, ён забіў усіх ненароджаных яго дзяцей і нашчадкаў, зьнішчыў цэлы сьвет.
У жудаснай сцэне першага ў сьвеце забойства паднятая Каінам дубіна, каб нанесьці ёй удар па брату, бездапаможна балансуючым на ўскрайку каменя, здаецца абрынецца на нас. І, менавіта, абрынулася на нас. Бо першае забойства выклікала ланцуговую рэакцыю, якая не канчаецца…
Каін і Авель (1542—1544). Тыцыян (1480/85—1576). Царква Санта Марыя дэла Салютэ. Блёку пошты Уганды, выдадзены ў 1988 годзе
Бог ізноў распачынае дыялёг з Каінам, і на гэты раз у надзеі на пакаяньне. Ні адзін чалавек не згублены перад Тварам Божым, калі ён здольны пакаяцца. Вось чаму Бог пытаецца ў Каіна: «Дзе Авель, брат твой?» (Быцьцё 4:9). Выраз «Дзе Авель, брат твой?» стаў крылатым: гэта формула адказнасьці аднаго чалавека за другога, бо ўсе людзі – браты, гэта формула адказнасьці за ўсё, што адбываецца навакол. Каін не хоча несьці адказнасьць: «Не ведаю! Хіба я вартаўнік брату майму?» (Быцьцё 4:10). У гэтых словах упіканьне Самому Богу: гэта ж Ты – галоўны Гаспадар і Вартаўнік сьвету; чаму ж Ты не выратаваў Авеля, чаму дазволіў мне забіць яго? Зазначым, што гэта таксама тыповая мадэль паводзінаў многіх людзей: ухіліцца ад адказнасьці, схавацца за тое, што сьвет такі недасканалы, што ў рэшце рэшт ва ўсім вінаваты Сам Бог, калі Ён ёсьць…
Забойства Авеля разьмясьціла на сваёй марцы пошта Тога. Гэта адна з дзесяці марак, на каторых пры дапамозе ілюстрацый розных біблейных эпізодаў прадстаўлена Дзесяць Запаведзяў.
Каін і Авель. Не забі. Марка пошты Тога з сэрыі «Дзесяць Запаведзяў», выдадзеная ў 1982 годзе
Пачуўшы адказ Каіна, Бог вымаўляе страшныя і жорсткія словы: «І сказаў Гасподзь: што ты зрабіў? голас крыві брата твайго крычыць Мне зь зямлі; і сёньня пракляты ты ад зямлі, якая разьзявіла вусны свае прыняць кроў брата твайго ад рукі тваёй…» (Быцьцё 4:10,11).
У арыгінале слова «кроў» стаіць у множным ліку. Бо маецца на ўвазе не толькі кроў Авеля, але і ўсіх яго ненароджаных нашчадкаў. Каін – першы чалавек, пракляты Богам. Адам і Ева не былі праклятыя, бо яны зрабілі памылку, а не злачынства. Пракляты быў зьмей, праз якога грэх увайшоў у душу чалавека. Каін таксама пракляты як чалавеказабойца.
Каін забівае Авеля (1608—09). Пітэр Паўль Рубенс (1577—1640). Інстытут мастацтваў Курта, Лёндан. Марка пошты Грэнада Грэнадынас, выдадзеная ў 1982 годзе
Кожны раз кожнаму чалавеку, кожнаму пакаленьню Бог дае волю выбіраць паміж дабром і злом. Грэх Каіна такі жудасны, што падлягае толькі суду Божаму, і Бог карае Каіна непрыкаянасьцю (вельмі сымбалічна супадзеньне ў гучаньні гэтых слоў у славянскіх мовах; а можа, гэтае «непрыкаяны» і ёсьць вытворнае ад «Каін»? ), немагчымасьцю поўнага пакаяньня (бо не захацеў гэтага сам Каін), адсутнасьцю душэўнага спакою і гармоніі, адчужанасьцю ад людзей. Ці можа быць пакараньне цяжэйшым? Можа, гэта горш за сьмерць?
На трох марках Партугаліі, выданых у 1967 годзе, зьмешчаны дзьве каменныя пліты Запавету. Майсей атрымаў на іх дзесяць Запаведзяў Божых. Пятая Запаведзь: «Не забі».
Не забі. Марка пошты Партуналіі, выдадзеная ў 1967 годзе
Запіс на марках на лацінскай і партугальскай мовах. Маркі выпушчаныя з нагоды забароны кары сьмерці.
Імёны Каіна і Авеля назаўсёды ўвайшлі ў сьвядомасьць людзей той цывілізацыі (ці нават некалькіх), што пабудаваная на Бібліі. Першы забойца і першая ахвяра… Каін назаўжды стаў не проста архетыпам забойцы, але перадусім прататыпам чалавека, які жыве пераважна матэрыяльным, залішне прывязанага да гэтага сьвету. Авель – прататып чалавека духоўнага, які не ставіць мэтай жыцьця набыцьцё багацьця, які імкнецца аддаць лепшае Богу і людзям, для якога апрача зямнога, матэрыяльнага існуе сьвет будучы, Царства Божае. Ужо ў старазапаветных апокрыфах Авель паўстае як першы Сьвяты, як першамучанік.
Чаму ж, калі гэта так, у новых пакаленьнях зноў і зноў праяўляецца «сындром Каіна»? Чаму варожасьць да падобнага сабе не пакідае чалавека? Сындром гэты такі незразумелы, часта такі нематываваны, што нават арнітолягі, якія назіраюць, як выштурхвае адно птушаня з роднага гнязда другое (пры тым, што абодвум даволі ежы і цяпла), назвалі гэты фэномэн «сындромам Каіна». Дык можа, ён закладзены ў чалавека? Можа, гэта наканаваньне? Адплата за першародны грэх? Аб усіх гэтых пытаньнях прымушае разважаць прыпавесьць пра Каіна і Авеля – адна з самых знакавых у Бібліі.
Людзі змагаюцца за адмену сьмяротнага пакараньня. Але ня ўсе краіны яго адмянілі.
150 гадоў адмены сьмяротнага пакараньня ў Партугаліі. Маркі пошты Партугаліі, выдадзеныя ў 2017 годзе
Калі Бог не пакараў Каіна сьмерцю за забойства брата, то людзкая справядлівасьць павінна насьледаваць справядлівасьць Божую. «Бо такое зьвеставаньне, якое вы чулі ад пачатку, – каб мы любілі адно аднаго, ня так, як Каін, які быў ад зламысьніка, і забіў брата свайго» (Першае Яна 3:11,12).