Читать книгу Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго алюстраваньнем у мастацтве - Лявон Карповіч - Страница 4
Стварэньне Сьвету і раньняя гісторыя жыцьця Божага народу (5508—1050 да Р.Х.)
Стварэньне Сьвету і страта Раю
Стварэньне Сьвету
ОглавлениеІ ўбачыў Бог усё, што Ён стварыў, і вось, добра вельмі. (Быцьцё 1:31)
Першая Кніга Бібліі Быцьцё пачынаецца апісаньнем Стварэньня Сьвету. Бог шэсьць дзён стварае Сьвет.
Стварэньне Сьвету. Маркі пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1965 годзе
На шасьці марках ў стылізаваным выглядзе адлюстраваны кожны наступны дзень Стварэньня Сьвету. Пад маркамі знаходзяцца прывескі з тэкстам абазначэньнем дня Стварэньня на габрэйскай і францускай мове.
Апісаньне гэтага дзеяньня ў Бібліі пераканаўчае і вельмі прыгожае. Яно стала натхненьнем для многіх аўтараў мастацкіх твораў.
Першы дзень. «На пачатку стварыў Бог неба і зямлю» (Быцьцё 1:1). «І сказаў Бог: хай будзе сьвятло. І сталася сьвятло. І ўбачыў Бог сьвятло, што яно добра, і аддзяліў Бог сьвятло ад цемры» (Быцьцё 1:3,4).
Аддзяленьне сьвятла ад цемры. Мікеланджэла (1475—1564). Фрагмэнт фрэскі. Сікстынская капэла (1508—1512). Ватыкан. Марка пошты Мікранезіі, выдадзеная ў 2012 годзе
Сціснуты рамай архітэктурнага збудаваньня, Бог змагаецца з навакольным хаосам. Неймаверным высілкам ён разьдзяляе цяжкую цемру і аблокі. Яшчэ адно намаганьне-і мэта дасягнутая: на зьмену сьвету «нябачнаму і пустому і цемры над безданьню» (Быцьцё 1:2) прыходзіць першая раніца Сусьвету.
«І назваў Бог сьвятло днём, а цемру ноччу. І быў вечар, і была раніца: дзень адзін» (Быцьцё 1:5).
Хай будзе сьвятло. Марка пошты Ватыкану, выдадзеная ў 1974 годзе
Другі дзень. «І стварыў Бог цьвердзь, і аддзяліў ваду, якая пад цьвердзю, ад вады, якая над цьвердзю. І сталася так.
Аддзяленьне цьвердзі ад вады. Мікеланджэла (1475—1564). Фрагмэнті. Сікстынская капэла (1508—1512). Ватыкан. Марка пошты Мікранезіі, выдадзеная ў 2012 годзе
І назваў Бог цьвердзь небам. І быў вечар, і была раніца: дзень другі» (Быцьцё 1:7,8).
Трэці дзень. «І сказаў Бог: хай уродзіць зямля зеляніну, траву, каб сеяла насеньне, дрэва плоднае, каб радзіла паводле роду свайго плод, у якім насеньне яго на зямлі. І сталася так. І ўтварыла зямля зеляніну, траву, што сеяла насеньне паводле роду яе, і дрэва, што радзіла плод, у якім насеньне паводле роду ягонага. І ўбачыў Бог, што гэта добра. І быў вечар, і была раніца: дзень трэці» (Быцьцё 1:11—13).
Стварэньне Сьвету, або шэсьць дзён сьветабудовы. Гравюра з Бібліі Скарыны, 1519. Праект маркі
Трэці дзень «Стварэньне сушы, травы, дрэў» на гравюры знаходзіцца ў другом радзе левы малюнак. Марачны ліст, прысьвечаны 500-годзьдзю перакладу Бібліі Скарыны і 500-годзьдзю Беларускага кнігадрукаваньня, ня быў прыняты для друку Белпоштай і выдадзены ў выглядзе налепак Міжнародным Грамадзкім Аб’яднаньнем «Згуртаваньне Беларусаў сьвету „Бацьувўшчына“» і Беларускім Інстытутам Навукі і Мастацтва (Нью-Ёрк).
Чацьвёрты дзень. «І стварыў Бог два сьвяцілы вялікія: сьвяціла большае, каб кіраваць днём, і сьвяціла меншае, каб кіраваць ноччу, і зоркі; і паставіў іх Бог на цьвердзі нябеснай, каб сьвяціць на зямлю, і кіраваць днём і ноччу, і аддзяляць сьвятло ад цемры. І ўбачыў Бог, што гэта добра. І быў вечар, і была раніца: дзень чацьвёрты» (Быцьцё 1:16—19).
Стварэньне сьвяціл. Мікеланджэла (1475—1564). Фрагмэнт. Сікстынская капэла (1508—1512). Ватыкан. Марка пошты Індыі, выдадзеная ў 1975 годзе
Мастак намагаўся перадаць наступныя словы Бібліі: «І назваў Бог сушу зямлёю, а збор вады назваў морамі. І ўбачыў Бог, што гэта добра « (Быцьцё 1:10).
Пяты дзень. «І стварыў Бог рыб вялікіх і ўсякую душу жывёл паўзуноў, якіх утварыла вада, паводле роду іх, і ўсякую птушку крылатую паводле роду яе. І ўбачыў Бог, што гэта добра. І дабраславіў іх Бог, кажучы: пладзецеся і множцеся, і напаўняйце воды ў морах, і птушкі хай множацца на зямлі. І быў вечар, і была раніца: дзень пяты» (Быцьцё 1:21—23).
У зьзяньні залатога сьвятла, якое высьлізгвае з цемры, яшчэ часткова ахутваючай толькі што створаную зямлю, Бог-Бацька як быццам лунае ў паветры ў акце тварэньня. Жывёлы рухаюцца наперад перад і за Ім, а птушкі і рыбы стромка ляцяць у паветры і па вадзе, як стрэлы, выпушчаныя зь Яго рукі.
Стварэньне жывёл (1551—52). Тынтарэта (1518\1519 —1594). Галерэя Акадэміі, Вэнэцыя. Блёк пошты Мальтыйскага Ордэну, выдадзены ў 2014 годзе
Валявымі ўзмахамі рук Творца пасылае на неба сьвяцілы, дае жыцьцё раслінам, уціхамірвае водную стыхію…
Стварэньне жывёл (1518—19). Рафаэль Санці (1483—1520). Фрэска лёджыі Рафаэля. Блёк пошты Грэнады, выдадзены ў 1983 годзе
Бог-Творца ходзіць сярод дзівоснай калекцыі жывёл і птушак. Яго жэст і позірк выказваюць задаволенасьць і пацеху.
На марцы намалявана першая надрукаваная Біблія на армянскай мове, а на сувенірным аркушы – ілюстрацыя «Стварэньне свету» з Кнігі Быцьця.
Ілюстрацыя. Блёк пошты Арменіі, выдадзены ў 2016 годзе з нагоды 350 гадавіны Першай Бібліі на армянскай мове
На блёку, выданым поштай Гішпаніі ў 1980 годзе, зьмешчана рэпрадукцыя знакамітага «Габэлену Стварэньня» 11 ст. Габэлен «Стварэньня сьвету» – адзін з самых загадкавых помнікаў эпохі эўрапейскай раманікі. Гэта незвычайна каштоўны і прыгожы твор мастацтва, які захоўваецца ў катэдры гішпанскага месца Верона. Узор у выглядзе круга паказвае розныя сцэны Стварэньня Сьвету і чалавека. Зьмяшчае таксама цытаты на лацінскай мове з Кнігі Быцьця. Круг у сярэдзіне зьмяшчае выяву Бога Стваральніка. Вакол круга надпіс: «І сказаў Бог: хай будзе сьвятло. І сталася сьвятло» (Быцьцё 1:3). Над цэнтральным кругам на 11 гадзін самы цёмны сэктар, прысьвечаны «цемры над безданьню» перад пачаткам Стварэньня. Наступны сэктар (на 12 гадзін) Дух Божы над водамі. Справа ад яго – Стварэньне Сьвету. Сымэтрычныя сэктары па «экватары»: «хай будзе цьвердзь» і «аддзяліў ваду». Самы большы ніжні сэктар – Стварэньне істот водных і птушак. Па бакам гэтага сэктару – Стварэньне жывёл і чалавека і Стварэньне жанчыны.
Габэлен Стварэньня, 11 ст. Блёк пошты Гішпаніі, выдадзены ў 1980 годзе.
Гэты твор унікальны як сваёй велічынёй, так і сваёй іканаграфічнай праграмай, якая арыгінальна аб'ядноўвае ў сабе Біблейскую гісторыю Стварэньня Сьвету, касмаграфічны каляндар і легенду аб Сапраўдным Крыжы.
Стваральнікі габэлену выказалі ня толькі падзіў справай Стварэньня Сьвету, але падкрэсьлілі яе гармонію. Дзякуючы пошце Габэлен Стварэньня стаў больш вядомым, выклікаючы пачуцьці ўсьведамленьня велічы падзеі.