Читать книгу Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго алюстраваньнем у мастацтве - Лявон Карповіч - Страница 12

Стварэньне Сьвету і раньняя гісторыя жыцьця Божага народу (5508—1050 да Р.Х.)
Сусьветны патоп і яго наступствы. Ноеў Завет
Вавілонская вежа

Оглавление

«І расьсеяў іх Гасподзь адтуль па паверхні ўсёй зямлі; і яны перасталі будаваць горад». (Быцьцё 11:8)

Кнізе Быцьця распавядаецца, што ў сыноў Ноя Сіма, Хама і Яфэта было мноства патомкаў. Ад іх расьсяліліся народы па зямлі пасьля патопу.

«На ўсёй зямлі была адна мова і адна гаворка. Рушыўшы з усходу, яны знайшлі ў зямлі Сэнаар раўніну і пасяліліся там. І сказалі адно аднаму: наробім цэглы і абпалім агнём. І стала ў іх цэгла замест камянёў, а земляная смала замест вапны. І сказалі яны: збудуем сабе горад і вежу, вышынёю да нябёсаў, і зробім сабе імя, перш чым расьсеемся па ўлоньні ўсёй зямлі» (Быцьцё 11:1—4).


Будаваньне Вавілонскай вежы. Ілюстрацыя. Біблія Шокэна (1290). Блёк пошты Ізраілю, выдадзены ў 1985 годзе


Памылка людзей была ў тым, што яны задумалі вежу і ідала на вяршыні вежы зрабіць сымбалям яднаньня і пакланеньня замест Бога.

Сюжэт пра Вавілонскую вежу распаўсюджаны ў хрысьціянскай іканаграфіі – у шматлікіх мініяцюрах, рукапісных і друкаваных выданьнях Бібліі (напрыклад, у мініяцюры англійскага рукапісу XI стагодзьдзя); а таксама ў мазаіках і фрэсках сабораў і цэркваў (напрыклад, мазаіка сабора Сан-Марка ў Венецыі, канец XII – пачатак XIII ст.).

У эўрапейскім жывапісу найбольш знакамітай карцінай на гэты сюжэт зьяўляецца палатно Пітэра Брэйгеля Старэйшага «Вавілонскі гармідар» (1563). На фоне «Вавілонскай вежы» Партрэт Пітэра Брэйгеля. Гэта адна з трох алейных карцін Пітэра Брэйгеля Старэйшага. Першая зь іх, была напісана ў той час, калі Брэйгель быў у Рыме, і ў цяперашні час зьяўляецца страчанай.


Вавілонская вежа (1563). Пітэр Брэйгель Старэйшы (1564—1638). Музэй гісторыі


Старажытны Вавілон апісаны ў працах Арыстоцеля і Герадота. Апошні пісаў: «Вежа падымалася да неба гіганцкімі тэрасамі, яе складалі сем вежаў, пастаўленых адна на адну. Падстава вежы было шырынёй 90 мэтраў, і столькі ж вежа мела ў вышыню. На першы паверх даводзілася 33 мэтра вышыні, на другой – 18 мэтраў і на астатнія чатыры – па 6 мэтраў. Верхні паверх вышынёй 15 мэтраў, пакрыты золатам і абліцаваны блакітнай паліванай цэглай гарэў на сонцы сіне – залатым агнём і быў бачны за многія кілямэтры».

На наступнай марцы трэцяя карціна Пітэра Брэйгеля Старэйшага. Марка выданая ў спалучэньні з сымбалем Эсперанта – штучнай мовы, створанай Людвікам Заменхофам (1859—1917) з надзеяй, што стане яна міжнароднай мовай. Над недабудаванай вежай лунае вясёлка – сымбаль Божай апекі.


Вавілонская вежа (1563). Пітэр Брэйгель Старэйшы. Музэй Бойманса – ван Бенінгена, Ратэрдам. Марка пошты Бельгіі, выдадзеная ў 1982 годзе


Шэраг вучоных – біблеістаў прасочвае сувязь паданьня пра Вавілонскую вежу з будаўніцтвам у Двурэччы высокіх веж-храмаў, якія зваліся зікуратамі. Вяршыні вежаў служылі для адпраўленьня рэлігійных абрадаў і астранамічных назіраньняў. Самы высокі зікурат (вышынёй 91 м, адна прамавугольная ступень і сем сьпіральных – усяго 8) знаходзіўся менавіта ў Вавілоне. Зікурат зваўся Этэменанкі, што азначае «дом, дзе сыходзяцца нябёсы з зямлёю». Невядома, калі менавіта было распачата будаўніцтва гэтай вежы, але яна ўжо існавала падчас кіраваньня Хамурапі (1792—1750 да Р.Х.). Асірыйскі цар Сінахерыб у 689 г. да Р.Х. разбурыў Вавілон і Этэменанкі. Зікурат быў адноўлены Навухаданосарам II.

На марцы Іраку намаляваны варыянт карціны «Вавілонская вежа», які захоўваецца ў музэі Ратэрдама, а таксама меркаваны выгляд зікурата ў Барсіпе альбо Бірс Німруд.


Вавілонская вежа і зігурат у Барсіпе. Марка пошты Іраку, выдадзеная ў 1998 годзе


«І сышоў Гасподзь паглядзець горад і вежу, што будавалі сыны людзкія. І сказаў Гасподзь: вось, адзін народ, і адна ў іх мова; і вось, што пачалі яны рабіць, і не адстануць ад таго, што задумалі рабіць; сыдзем жа і зьмяшаем там мову іхнюю, так каб адзін не разумеў гаворкі другога. І расьсеяў іх Гасподзь адтуль па паверхні ўсёй зямлі; і яны перасталі будаваць горад. Таму дадзена яму імя: Вавілон, бо так зьмяшаў Гасподзь мову ўсёй зямлі, і адтуль расьсеяў іх Гасподзь па ўсёй зямлі» (Быцьцё 11:5—9).

На марцы Вэнгрыі з сэрыі «Сем цудаў сьвету», паказаны Зікурат у славутых Садах Семіраміды ў Вавілоне. Паказана таксама геаграфічнае становішча Вавілону – на поўнач ад Пэрсідзкага заліву.


Вісячыя сады Семіраміды Вавілона. Марка пошты Вэнгрыі, выдадзеная ў 1980 годзе


Падзел людзей на рознамоўныя плямёны – бяда гэта ці ласка Божая? Да чаго вяло тое, «што задумалі рабіць»? Ніжэйшае пагражала пазбавіць будучыні вышэйшае. Людзі апынуліся б у «аднадумстве зла» (Прамудрасці Саламона 10:5). Першы грэх, які апісваецца Бібліяй, і грэх будаўнікоў вежы ў істоце адзін і той жа: самаабагаўленьне чалавека. На шмат пакаленьняў наперад чалавечае грамадзтва засталося б адным і тым жа і не магло б адчуваць іншых магчымасьцяў разуменьня сьвету і жыцьця ў сьвеце. Разбурэньне Богам Вавілонскай вежы расчысьціла дарогу для чалавечай гісторыі.

Вернемся да карціны Пітэра Брэйгеля Старэйшага «Вавілонская вежа». Узрушае маштаб будаўніцтва, прысутнасьць вялікай колькасьці людзей і будаўнічай тэхнікі. Ля падножжа вежы разьмясьціўся горад з ажыўленым портам. Намаляваныя на карціне людзі – рабочыя, каменячосы – здаюцца вельмі маленькімі і нагадваюць сваёй стараннасьцю мурашак. Значна большай намалявана фігура Німрода – легендарнага заваёўніка Вавілона ў II тысячагодзьдзі да Р.Х., які па традыцыі лічыцца кіраўніком будаўніцтва Вавілонскай вежы, і яго сьвіты ў левым ніжнім куце карціны. Яму сьпяшаюцца вызваліць дарогу, каменячосы падаюць ніцма, сьвіта дрыгатліва ловіць выраз твару фанабэрыстага ўладара… Ля падножжа вежы кіпіць праца. Але яна ніколі не будзе завершана. Адчуваньне бессэнсоўнасьці ўсяго пачынаньня, асуджанасьці намаганьняў чалавечых не пакідае гледача. Ад вежы вее закінутасьцю, ад карціны – безнадзейнасьцю: гордая задума людзей ўзьнесьціся да нябёсаў не даспадобы Богу.


Вавілонская вежа (1563). Пітэр Брэйгель Старэйшы (1564—1638). Музэй гісторыі мастацтваў, Вена. Марка пошты Аўстрыі, выдадзеная ў 2011 годзе


Само па сабе адзінства людзей не ёсьць абсалютнае зло ці абсалютная карысьць. Пытаньне ў тым – у імя чаго гэта адзінства. Узьяднаньне розных народаў і моў адбылося ў Ерусаліме ў Новазапаветныя часы. Сьвяты Дух сыходзіць на апосталаў і навучае прапаведаваць на незнаёмых ім мовах. Па сьведчаньні апостала Паўла: «А плод Духа: любоў, радасьць, згода, доўгая цярплівасьць, добрасьць, міласэрнасьць, вера…» (Да Галятаў 5:22).

Такім чынам, Біблія вучыць, што адзінства людзей зьяўляецца дабром, калі яно грунтуецца на служэньні дабру, і зьяўляецца злом, калі яно становіцца супольнасьцю багаборцаў.

Вавілонская вежа стала тэмай нават для коміксаў.


Вавілонская вежа. Марка пошты Выспа Норфалк, выдадзеная ў 2001 годзе


Аднак, падобна слухаць Бога мы ніяк не хочам. Яшчэ тлее галавешкамі чарговая рухнуўшая Вавілонская вежа – пабудова сьветлай камуністычнай будучыні, а зямляне ўжо рушылі ў новыя праекты падобнага кшталту.

Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго алюстраваньнем у мастацтве

Подняться наверх