Читать книгу Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго алюстраваньнем у мастацтве - Лявон Карповіч - Страница 7
Стварэньне Сьвету і раньняя гісторыя жыцьця Божага народу (5508—1050 да Р.Х.)
Стварэньне Сьвету і страта Раю
Грэх
ОглавлениеА таму, як праз аднаго чалавека грэх увайшоў у сьвет, і праз грэх – сьмерць, так і сьмерць перайшла ва ўсіх людзей, бо ў ім усе зграшылі. (Да Рымлянаў 5:12)
Зьмясьціўшы людзей у Эдэмскім садзе Бог устанавіў маральны парадак, акрэсьліў, што ёсьць добрае і што ёсьць злое. Ён асьцерагае іх, што зьмена ўсталяваных правіл прывядзе да згубы. «І наказаў Гасподзь Бог чалавеку, кажучы: з кожнага дрэва ў садзе ты будзеш есьці; а з дрэва спазнаньня дабра і зла, ня еж зь яго; бо ў дзень, калі ты пакаштуеш зь яго, сьмерцю памрэш» (Быцьцё 2:16,17). Але ў парушэньне ўсталяванага парадку ўступае Сатана.
На полі марачнага ліста ва ўсёй сваёй красе намаляваны Райскі сад. Яго прыгажосьць як бы вобразна паказвае, ад чаго рызыкуюць адмовіцца Адам з Еваю.
Адам і Ева. Марачны ліст пошты Ізраілю з сэрыі «Біблейскія гісторыі», выдадзены ў 2010 годзе
Сатана ў выглядзе зьмея спачатку сее сумнеў у праўдзівасьці забароны, дадзенай Богам: «І сказаў зьмей жанчыне: ці сапраўды сказаў Бог: ня ежце ні зь якога дрэва ў раі?» (Быцьцё 3:1). Атрымаўшы адказ, зьмей ня толькі падвяргае сумненьню дабрату Бога, але стараецца зьмяніць сутнасьць уяўленьня аб Богу ў Евы. «І сказаў зьмей жанчыне: не, не памраце; але ведае Бог, што ў дзень, калі вы скаштуеце іх, адамкнуцца вочы вашыя, і вы будзеце, як багі, якія ведаюць дабро і зло» (Быцьцё 3:4,5). Сатана замест падпарадкаваньня Богу абяцае «свабоду». Спакуса пачынае дзейнічаць.
Адам і Ева (1509—1511). Фрагмент фрэскі. Рафаэль Санці (1483—1520). Станца дэла Сеньятура, Ватыкан. Марка пошты Парагваю, выдадзеная ў 1982 годзе
Зьмей, абкруціўшыся вакол «Дрэва пазнаньня дабра і зла», ператвараецца ў верхняй частцы ў падабенства чалавека, каб улатвіць выкананьне сваёй задумы. Адам і Ева як бы абмяркоўваюць прапанову зьмея… Адам і Ева яшчэ ня вырашылі, што рабіць зь яблыкам, але зьмей упэўнены, што яго задума спрацавала.
Падзея, якая зьмяніла лёсы чалавецтва, стала адной з найпапулярнейшых тэмаў для мастацтва.
Лукас Кранах Старэйшы стварыў каля 50 малюнкаў гэтага сюжэту, яны захоўваюцца ў галерэях Лёндана, Бэрліна, Прагі, Антвэрпэна. Ева ўпэўнена трымае яблык, але Адам чамусьці чухае галаву… Штосьці ня так. Зьявіўся сорам голага цела, таму ў руках Адама і Евы галінкі, якімі яны прыкрываюцца.
Адам і Ева (1528). Дыпціх (фрагмэнт). Лукас Кранах Старэйшы (1472—1553). Уфіцы, Флярэнцыя. Марка пошты Парагваю, выдадзеная ў 1973 годзе
Па праўдзе ў Бібліі не гаворыцца, што забаронены плод гэта яблык, як і не названыя імёны першых людзей. Гэта плён чалавечай фантазіі, спроба зразумець і ўявіць тыя падзеі, што апісаныя ў Бібліі. Так сталася, што ў хрысьціянстве яблык – забаронены плод з Дрэва Пазнаньня дабра і зла – стаў сымбалям спакусы, недазволенага (забароненага) плёну і дзеі.
Пошта Мікранэзіі, рыхтуючыся да Міжнароднай выставы марак «Ізраіль» 98» – Тэль – Авіў, выпусьціла шэраг маляўнічых блёкаў на тэму: «Ізраіль – Старазапаветныя гісторыі».
Адам і Ева. Блёк пошты Мікранэзіі з сэрыі «Ізраіль-Старазапаветныя гісторыі», выдадзены ў 1998 годзе
«Грэхападзеньне» Хуга ван дэр Гуса частка Венскага дыптыху «Грэхападзеньне і выратаваньне чалавека».
Грэхападзеньне (1470). Хуга ван дэр Гус (1420—40 – 1482). Музей гісторыі мастацтваў. Вена. Марка пошты Манамы, выдадзеная ў 1973 годзе
Зьмей з жаночым тварам і целам яшчаркі з нецярпеньнем чакае фіналу яго пляну. Паводле апакрыфічнага Эвангельля Сьвятога Варнавы, калі спакусьнік быў пракляты, Сьвяты Міхаіл адрэзаў яму рукі і ногі, тым самым атрымаўшы вядомую сёньня зьмяю без канечнасьцей. Бог таксама адабраў у яго сілу чалавечай гаворкі, раскалоўшы яго язык, так што пасьля гэтага ён мог толькі шыпець.
У Яна Брэйгеля намаляваны момант непасрэдна перад ужываньнем забароненага плёну. Адам і Ева пад Дрэвам пазнаньня дабра і зла. Малпа, якая кусае яблык, сымбалізуе грэх. і Вінаград у лістоце ззаду Адама і Евы сымбалізуе сьмерць Хрыста на крыжы і віно, як Яго кроў. На карціне шмат розных сымбалічных жывёл, якіх няма на марцы.
Эдэмскі сад з грэхападзеньнем чалавека (1615). Дэталь. Ян Брэйгель Стары (1568—1625) і Піцер Паўль Рубенс (1577—1640). Мастацкі музэй Маўрыцхейса ў Гаазе, Нідэрлянды. Марка пошты Парагваю, выдадзеная ў 1978 годзе
У сьвятле, колеру слановай косьці спакойная сцэна пары прыгожых людзей. Але Ева тут – увасабленьне спакусы: яна прыціскаецца да Дрэва пазнаньня, а яе рукі працягваюць лінію зьмея, які спускаецца зьверху. На заднім пляне, справа, сцэна трагічнана эпілёгу чалавечага непадпарадкаваньня Боскай волі.
Адам і Ева (1550). Тынтарэта (1519—1594). Галерэя Акадэміі ў Венецыі. Марка пошты Манамы, выдадзеная ў 1971 годзе
У далечыні бачым вогненнага Анёла, які гоніць Адама і Еву ў далёкія пустынныя пагоркі і раўніны. Зь Евай адбываецца згубная перамена: «І ўбачыла жанчына, што дрэва добрае для ежы, і што яно прыемнае вачам і панаднае, бо дае веды; і ўзяла пладоў зь яго і ела; і дала таксама мужу свайму, і ён еў» (Быцьцё 3:6). У Эдэмскім садзе нічога не зьмянілася, але ў Адама і Евы зьмяніўся стан душы.
На карціне Якаба Ёрданса не выглядае, што зьмею цяжка было спакусіць Еву і Адама. Адам працягнуў руку да галінкі з яблыкамі, якую падае зьмей разам з Еваю. Хоць выраз твару ў яго трывожны. І нішто ня сьведчыць аб тым, што вырашаецца лёс чалавецтва.
Падзеньне чалавека (1630). Якаб Іорданс (1593—1678). Музэй выяўленчых мастацтваў, Будапешт. Марка пошты Манамы, выдадзеная ў 1971 годзе
Ева хоча пакаштаваць яблык.
Адам і Ева (1597). Пітэр Паўль Рубенс (1577—1640). Музэй Рубенса, Антвэрпэн. Марка пошты Парагваю, выдадзеная ў 1976 годзе
Але Адам на карціне Рубенса зусім не такі ўпэўнены, што гэта правільна. Яго жэст выказвае засьцярогу.
На карціне Лукаса Кранаха Старэйшага Адам і Ева знаходзяцца ў Эдэмскім садзе каля Дрэва пазнаньня. Ева ўжо сарвала яблык і падае яго Адаму. Адам бярэ, але ў задуменьні чухае патыліцу. Што рабіць?
Адам і Ева. 1526 г. Лукас Кранах Старэйшы. Галерэя Інстытута Курта, Лёндан. Марка пошты Манамы, выдазеная ў 1971 годзе
Сорак шэсьць мэдальёнаў, кожны зь якіх зьмяшчае мініяцюрныя ілюстрацыі гісторый з Бібліі, разьмешчана на блёку пошты Ізраілю, эмітаваным у 1985 годзе. Марка ў левым ніжнім куце паказвае Адама, Еву і зьмея на «Дрэве пазнаньня дабра і зла». На блёку ў першым радку зьверху наступныя мэдальёны: Адам і Ева і зьмей; Адама і Еву выгналі з Раю; Каін, які забівае Авэля; Ноеў каўчэг; Ной пасадзіў вінаграднік; Вавілонская вежа. Радок другі: Зьнішчэньне Садома і Гаморы; Абрагам ахвяруе Ісаака; Ісаак дабраславіў Якуба; Ісаў вяртаўся з пагоні; Сон Якуба; Якаў змагаецца з Анёлам. Габрэйскія літары ў сярэдзіне ўтвараюць слова «Bereszit», што значыць «На пачатку». Гэта першыя словы Кнігі Быцьця, а значыць і ўсёй Бібліі. Увесь блёк гэта рэпрадукцыя старонкі ілюстраванага выданьня Бібліі з 13 веку, створанай у Германіі. Біблія носіць назву «Biblia Schockena» і знаходзіцца ў інстытуце Шокена ў Ерусаліме.
Біблія Шокена (1290). Ілюстрацыя. Блёк пошты Ізраілю, выдадзены ў 1985 годзе
Варта бачыць розьніцу паміж першародным грахом нашых прабацькаў Адама і Евы і першародным грахом, які атрымалі ў спадчыну ўсе мы. У першым выпадку гэта – зьдзейсьнены першародны грэх, а ў другім – атрыманы. Першародны грэх, у якім нараджаюцца ўсе людзі, – гэта стан пазбаўленасьці першароднай сьвятасьці і праведнасьці. Гэты грэх атрыманы намі, а не зьдзейсьнены; гэта – стан ад нараджэньня, а не асабісты ўчынак. Па прычыне адзінства роду чалавечага, ён перадаецца ад Адама да нашчадкаў разам з чалавечай прыродай, не перайманьнем, але працягам роду. Гэтая перадача застаецца таямніцай, якую мы не можам да канца зразумець.
«Ніжэй намалявана, як Адам у адказ на ўгаворы напоўжанчыны – напоўзьмяі прымае праз яблык уласную і нашу пагібель. Там жа намалявана выгнаньне яго і Евы з раю, і ў постаці анёла паказана, з якой веліччу і высакароднасьцю выконваецца загад разгневанага ўладара, а ў позе Адама і горыч зробленага граху, і страх сьмерці, у той час як у жонкі яго сорам яе, прыніжэньне і раскаяньне бачныя ў тым, як яна абхапіла сябе рукамі, як яна прыціскае пальцы да далоняў, як яна паварочвае галаву да анёла, апусьціўшы шыю сваю да грудзей, бо страх адплаты відавочна перамагае ў ёй надзею на Боскую Міласэрнасьць» – напісаў Джорджа Вазары – італьянскі жывапісец, архітэктар і пісьменьнік, аўтар знакамітых «Жыцьцяпісаў».
Спакуса і выгнаньне з раю. Фрэска столі Сыкстынскай капэлы (1508—1512). Мікеланджэла (1475 – 1564). Блёк пошты Грэнады Карыаку і Пці- Марцінікі, выдадзены ў 2014 годзе
На фрэсцы Мікеланджэла велічная ў сваёй пераможнай прыгажосьці Ева ў сцэне «Грэхападзеньня», з накіраваным да Дрэва пазнаньня поглядам, і якая яна скурчаная, прыгнечаная, зьнябожаная – у «Выгнаньні з раю». Віна не ўскладзена толькі на Еву. Адам таксама цягнецца да забароненага плёну Дрэва пазнаньня дабра і зла.