Читать книгу Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго алюстраваньнем у мастацтве - Лявон Карповіч - Страница 8

Стварэньне Сьвету і раньняя гісторыя жыцьця Божага народу (5508—1050 да Р.Х.)
Стварэньне Сьвету і страта Раю
Вынікі парушэньня Запаведзі Божай

Оглавление

І выгнаў Адама, і паставіў на ўсходзе каля саду Эдэмскага херувіма і палымяны меч, які сам паварочваўся, каб ахоўваць дарогу да дрэва жыцьця. (Быцьцё 3:24)

Адразу пасьля парушэньня Божай забароны Адам і Ева пераканаліся, што засталіся падманутымі. «І адамкнуліся вочы ў іх абаіх, і ўведалі яны, што голыя, і сшылі смакоўныя лісьціны, і зрабілі сабе апаяскі». (Быцьцё 3:7). Нагата сымбалізуе прыніжэньне і зьнеславеньне… Перад правіннасьцю Адам і Ева адчувалі сябе шчасьлівымі і ў прысутнасьці Бога. Цяпер, пачуўшы крокі Бога, Адам схаваўся. Бог шукае яго і навязвае зь ім размову. Адам паводзіцца зусім не па – мужчынску, перакладаючы ўсю віну на Еву. Ева паводзіцца лепей, яна з шкадаваньнем прызнае сваю віну: «зьмей змусіў мяне, і я ела» (Быцьцё 3:13).

Наступае пакараньне. Першым пакараны зьмей. «І сказаў Гасподзь Бог зьмею: за тое, што ты зрабіў гэта, пракляты ты перад усім быдлам і перад усімі жывёламі польнымі; ты будзеш хадзіць на чэраве тваім, і будзеш есьці пыл ва ўсе дні жыцьця твайго» (Быцьцё 3:14). Затым пакараньне атрымлівае жанчына: «Жонцы сказаў: множачы памножу скруху тваю ў цяжарнасьці тваёй; у хворасьці будзеш нараджаць дзяцей; і да мужа твайго цяга твая, і ён будзе валадарыць над табою» (Быцьцё 3:16). Без пакараньня не застаўся і Адам: «У поце твару твайго будзеш есьці хлеб, пакуль ня вернешся ў зямлю, зь якое ты ўзяты; бо пыл ты і ў пыл вернешся» (Быцьцё 3:19).

На марцы Чэхаславакіі зьмешчана рэпрадукцыя фрагмэнту іконы 16 веку з музэю ў Бардэюве. Адам і Ева выслухваюць прыгавор Бога.


Выгнаньне прабацькоў з Раю. Ікона 16 в. Марка пошты Чэхаславакіі, выдадзеная ў 1970 годзе


Але найбольшым пакараньнем выгнаньня з Раю стала немагчымасьць далейшага знаходжаньня ў таварыстве з Богам.

Марка Парагваю паказвае фрагмэнт фрэскі Мікеланджэла з Капліцы Сыкстынскай: «І выгнаў Адама, і паставіў на ўсходзе каля саду Эдэмскага херувіма і палымяны меч, які сам паварочваўся, каб ахоўваць дарогу да дрэва жыцьця» (Быцьцё 3:24).

Адам абараняе сябе ад чароўнага мяча Анёла, адкідваючы рукі назад, і зьнябожылася ў адчаі Ева…


Выгнаньне з Раю. Фрэска Сыкстынскай капэлы (1508—1512). Мікеланджэла (1475 – 1564). Картмаксімум пошты Парагваю, выдадзены ў 1975 годзе


Гэтага Анёла бачым на блёку Гамбіі.


Стварэньне Сьвету і Выгнаньне з Раю (1445). Джавані дзі Паола (1403—1482). Музэй Мэтрапалітэн. Блёк пошты Гамбіі, выдадзены ў 1995 годзе


Зьмест карціны супадае з бачаньнем Раю, апісанага флярэнтыйскім паэтам Дантэ ў «Боскай камэдыі». Сусьвет паказаны як нябесны глёбус з Зямлёй у цэнтры, акружанай канцэнтрычнымі коламі ў адпаведнасьці з канцэпцыяй Пталямея. Творца, Якога нясуць серафімы над Райскім садам, паказвае на створаны ім Сусьвет. Прырода Раю сымбалізуе чысты і беззаганны стан чалавека да грэхападзеньня. Адам і Ева выганяюцца з Райскага саду Анёлам, чыё чалавечае аблічча сымбалізуе яго спачуваньне.

Пасьля сур'ёзных прац можа варта зьвярнуць увагу на маляўнічы блёк, больш падобны на кадар з мультфільму.


Выгнаньне Адама і Евы з Раю. Блёк пошты Мікранэзіі з сэрыі «Ізраіль-Старазапаветныя гісторыі», выдадзены ў 1998 годзе


Поўнай сымбаляў і загадак зьяўляецца карціна Еранімуса Босха «Воз сена». Левая створка трыпціха прысьвечана тэме грэхападзеньня Адама і Евы. Яна ўключае чатыры эпізоды з Кнігі Быцьця. У верхнім левым куце Бог стварае жанчыну з рабра Адама. У цэнтры – Дрэва пазнаньня дабра і зла. Яго ствол абвівае зьмей, які падае Еве забаронены плён. Унізе Архангел з мячом выганяе Адама і Еву з Раю. Босх зьвязаў грэхападзеньне Адама і Евы з зрыньваньнем збунтаваных паўшых анёлаў. Уверсе створкі намаляваныя зіхатлівыя нябёсы, зь якіх сыплюцца, нібы дождж, анёлы. Па меры таго, як яны падаюць, у іх застаецца ўсё менш анёльскага – яны ператвараюцца ў насякомых, у саранчу. Ад гэтага і Эдэм ужо не выглядае такім райскім.


Воз сена (1500—1502). Іеранімус Босх (1450—1516). Музэй дэль Прада ў Мадрыдзе. Блёк Лібэрыі, выдадзены ў 2017 годзе


Пэйзаж выклікае трывогу. У сцэне з Арханёлам Ева, гатычны выгнутая, з падоўжанымі прапорцыямі, ужо адвярнулася ад нябеснага вечнага жыцьця і глядзіць на цэнтральную частку трыпціха. Яна, нібы рыхтуючыся прыняць свой зямны лёс, бачыць усе наступствы першароднага граху, паколькі справа, вакол воза з сенам, разгорнутая ўсёабдымная панарама чалавечага вар'яцтва.

Творца не пакінуў чалавецтва без надзеі. Ён вымавіў прароцтва аб тым, што семя жонкі ўразіць галаву зьмея: «і варожасьць пакладу паміж табою і паміж жанчынаю, і паміж семем тваім і паміж семем яе; яно будзе біць цябе ў галаву, а ты будзеш джаліць яго ў пяту» (Быцьцё 3:15).

На пярэднім пляне Анёл прыступіў да Божага пляну пазбаўленьня чалавецтва ад наступстваў спадчыннага граху. Але ў цёмнай далечыні за крыламі Анёла дзьве маленькія фігуркі, якіх гоніць Анёл – напамін аб выгнаньне з Раю Адама і Евы.


Дабравешчаньне. Марка пошты Латвіі, выдадзеная ў 2003 годзе


Мы можам пазбавіцца ад наступстваў спадчыннага граху і атрымаць тое, што страцілі Адам і Ева, – вечнае жыцьцё. «Бо так палюбіў Бог сьвет, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, а меў жыцьцё вечнае» (Паводле Яна 3:16).

У хрысьціянстве раскрываецца новы сэнс Раю, як «Валадарства нябеснага», угатаванага ад пачатку сьвету, страчанага з-за грэхападзеньня людзей, і зноў адкрытага ўсім людзям у выніку перамогі Ісуса Хрыста над пеклам.

Ватыканская марка з нагоды набліжэньня Юбілейнага году, які агалашаецца праз кожныя 25 год, паказвае крыж Хрыста, як новае Дзерава жыцьця. З-пад крыжа, як у Садзе Эдэмскім, выцякаюць чатыры ракі. Маюць напаўняць жывою вадою збаўленьне, прынесенае праз мукі, сьмерць і паўстаньне з мёртвых Ісуса. Дзьве сарны каля крыжа адсылаюць да Псалтыры: «Як сарна імкнецца да водных патокаў, так душа мая імкнецца да Цябе, Божа!» (Псалтыр 42:2)


Дзерава жыцьця. Мазаіка. Базыліка Сьвятога. Яна на Латэране Марка пошты Парагваю, выдадзеная ў 1974 годзе


Першапачатковае мінулае і канчатковая будучыня злучаюцца ў ідэі Раю. Можна сказаць, што гэта Рай пасьля пекла, пасьля вопыту зла і свабоднага адхіленьня спакусы. Дастойныя ўспадкуюць Рай пасьля зямной сьмерці і ўваскрасеньня ў новай сьветабудове, не ведаючы ні хвароб, ні тугі, ні ўздыханьня, адчуваючы няспынную радасьць і шчасьце. «І ўтрэ Бог кожную сьлязіну з вачэй іхніх, і сьмерці ня будзе ўжо; ні плачу, ні енку, ні хваробы ўжо ня будзе; бо ранейшае прайшло» (Адкрыцьцё 21:4).

Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго алюстраваньнем у мастацтве

Подняться наверх