Читать книгу Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго алюстраваньнем у мастацтве - Лявон Карповіч - Страница 15

Стварэньне Сьвету і раньняя гісторыя жыцьця Божага народу (5508—1050 да Р.Х.)
Аўрагамаў Завет. Патрыярхі Абранага народу
Сара і Агар

Оглавление

Ішлі гады. Абрам і яго жонка старыліся, а дзяцей у іх усё не было. А ў тыя часы існаваў звычай, па якім спадарыня, якая не мае дзяцей, магла даць свайму мужу ў жонкі служанку. Дзіця, народжанае служанкай, станавілася спадчыньнікам гаспадара. У Сары была рабыня Егіпцянка Агар, якую Сара і аддала ў жонкі Абраму. У Бібліі гэта запісана так: «Ён увайшоў да Агары, і яна зачала. А ўбачыўшы, што зачала, яна пачала пагарджаць гаспадыняй сваёй. І сказала Сара Абраму: у крыўдзе маёй ты вінаваты; я аддала служанку маю ва ўтробу тваю; а яна, угледзеўшы, што зачала, пачала пагарджаць мною; Гасподзь хай будзе судзьдзя паміж мною і табою. Абрам сказаў Сары: вось, служанка твая ў тваіх руках; рабі зь ёю, што табе заўгодна. І Сара пачала ўціскаць яе, і тая ўцякла ад яе» (Быцьцё 16:4—6).

На карціне Рубенса «Агар пакідае дом Абрама» на парозе дома сівабароды старац Абрам, побач зь ім Сара, яго жонка. Яна настолькі злая, што гатовая ўдарыць Агар і ўжо занесла руку. Сабака заліваецца брэхам, скаліцца на Агар. Ён відавочна не любіць Агар. Толькі Абрам чамусьці захоўвае спакой. Але пазірае неяк вінавата. Агар сыходзіць. Сыходзіць у нікуды. У невядомасьць.


Агар пакідае дом Абрагама (1615—1617). Пітэр Паўль Рубенс (1577—1640). (Эрмітаж, Пецярбург, Расія). Блёк пошты Грэнады, выдадзены ў 2003 годзе


Агар сыходзіць, уцякае. Уцякае ў пустыню. Яна страшна пакрыўджаная. Яна стамілася, прысела на нейкія камяні. Уся вада выпіта, пусты збан валяецца ў баку. Яна ня ведае, што будзе далей. Але ўсё скончылася шчасна: Анёл Гасподні знайшоў Агар у пустыні, угаварыў яе вярнуцца да Сары.

Першапачаткова лічылася, што карціна адлюстроўвае першую сустрэчу Агар з Анёлам у пустыні, куды тая зьбегла цяжарнай ад прыгнёту Сары. Аднак падчас адной з рэстаўрацыяй быў выдалены пацямнелы пласт лаку ў правай частцы карціны, за якім хаваўся посуд з вадой, – так стала зразумела, што карціна адлюстроўвае больш позьні сюжэт туляньня Агары з сынам па пустыні, калі Анёл ратуе паміраючага ад смагі Ізмаіла, вывеўшы яго з маці да крыніцы.


Зьява анёла Агары (1643). Карэл Фабрыцыус (1622—1654). Марка пошты Нідэрляндаў, выдадзеная ў 2004 годзе


Агар нарадзіла сына, яму далі імя Ізмаіл (Бог чуе) і жыла ў доме Абрама. Праз 13 гадоў зьявіўся Бог Абраму і сказаў: «Я – вось запавет Мой з табою: ты будзеш бацька мноства народаў, і ня будзеш ты болей звацца Абрамам, а будзе табе імя Абрагам, бо Я зраблю цябе бацькам мноства народаў…» (Быцьцё 17:4,5). «І сказаў Бог Абрагаму: Сару, жонку тваю, не называй Сараю, а хай будзе імя ёй: Сарра; Я дабраслаўляю яе і дам табе ад яе сына; дабраслаўляю яе, і пойдуць ад яе народы, і цары народаў пойдуць ад яе. І ўпаў Абрагам на аблічча сваё, і сказаў сам сабе: няўжо ад стогадовага будзе сын? і Сарра, дзевяностагадовая, няўжо народзіць? І сказаў Абрагам Богу: о, хоць бы Ізмаіл быў жывы прад абліччам Тваім! А Бог сказаў: менавіта Сарра, жонка твая, народзіць табе сына, і ты дасі яму імя: Ісаак; і пастанаўлю запавет Мой зь ім запаветам вечным, нашчадкам ягоным пасьля яго. І пра Ізмаіла Я пачуў цябе: вось, Я дабраслаўляю яго, і выгадую яго, і вельмі, вельмі памножу; дванаццаць князёў народзяцца ад яго; і Я выведу ад яго вялікі народ. Але запавет Мой пастанаўлю зь Ісаакам, якога народзіць табе Сарра ў гэты самы час на другі год» (Быцьцё 17:15—21).


Сям’я Абрагама. Ілюстрацыя з Бібліі Нікаласа. Пэрсанальная марка, выдадзеная ў 2014 годзе поштай Ізраілю


І было другое выгнаньне Агары, ужо без вяртаньня ў дом Абрагама. «І ўбачыла Сарра, што сын Агары Егіпцянкі, якога яна нарадзіла Абрагаму, насьміхаецца, і сказала Абрагаму: выгані гэтую рабыню і сына яе, бо ня спадкуе рабынін сын гэты з сынам маім Ісаакам. І здалося гэта Абрагаму даволі няпрыемным дзеля сына ягонага. Але Бог сказаў Абрагаму: не засмучайся за хлопчыка і рабыню тваю; ва ўсім, што скажа табе Сарра, слухайся голасу яе, бо ў Ісааку назавецца табе семя; і ад сына рабынінага Я выведу, бо ён семя тваё. Абрагам устаў з самае раніцы, і ўзяў хлеба і мех вады, і даў Агары, паклаўшы ёй на плечы, і хлопчыка, і адпусьціў яе. Яна пайшла і заблудзілася ў пустыні Вірсавіі; і ня стала вады ў меху, і яна пакінула хлопчыка пад адным кустом і пайшла, села зводдаль, на аддалі аднаго стрэлу з лука. Бо яна сказала: не хачу бачыць сьмерці хлопчыка. І яна села насупраць, і заенчыла, і плакала…» (Быцьцё 21:9—16).


Агар ў пустыні (1870). Георге Татарэску (1820—1894). Нацыянальны мастацкі музэй Румыніі. Марка пошты Румыніі, выдадзеная ў 2015 годзе


«І пачуў Бог голас хлопчыка; і анёл Божы зь неба паклікаў Агар і сказаў ёй: што з табою, Агар? ня бойся; Бог пачуў хлопчыкаў голас адтуль, дзе ён быў» (Быцьцё 21:17).


Анёл, які суправаджае Агар (1732). Дэталь. Джавані Батыста Т'епола (1696—1770). Скуола Сан-Рока, Вэнэцыя. Канверт пошты Італіі, выдадзены ў 1975 годзе


Твар прыгожай жанчыны з дзіцём на руках павернуты да Анёла, які зьявіўся, каб іх уратаваць. «Устань, падымі хлопчыка і вазьмі яго за руку, бо Я выведу зь яго вялікі народ. І Бог адкрыў вочы яе, і яна ўбачыла калодзеж з вадою, і пайшла, наліла ў мех вады і напаіла хлопчыка. І Бог быў з хлопчыкам; і ён вырас, і пачаў жыць у пустыні, і зрабіўся лучнікам» (Быцьцё 21:18—20).

Які далейшы лёс Агары і Ізмаіла? Многія юдэйскія аўтары мяркуюць, што праз шмат гадоў пасьля сьмерці Сарры, яна зноў сустракаецца з Абрагамам і становіцца яго жонкай. Цяпер яе імя Хэтура, пахучая. Гэта ўжо зусім іншая жанчына. Яна шукае любові і нараджае Абрагаму яшчэ многа дзяцей. Хэтура прыносіць духмянасьць хатняга агменю, мір і спакой стомленаму жыцьцём Абрагаму.

Магамет называе Ізмаіла Прарокам (Каран, 19, 55). У якасьці Прарока ён валодаў дарам зьдзяйсьняць цуды, дзякуючы чаму і схіліў многіх язычнікаў да пакланеньня Богу. У Ізмаіла было 12 сыноў, з якіх Кедар лічыцца прамым продкам Магамета. У Мецы да гэтага часу існуе сьвяты камень, пад якім, паводле паданьня, пахаваныя Ізмаіл і Агар.

Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго алюстраваньнем у мастацтве

Подняться наверх