Читать книгу Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго алюстраваньнем у мастацтве - Лявон Карповіч - Страница 17
Стварэньне Сьвету і раньняя гісторыя жыцьця Божага народу (5508—1050 да Р.Х.)
Аўрагамаў Завет. Патрыярхі Абранага народу
Драматычнае выпрабаваньне веры
ОглавлениеІ спраўдзілася слова Пісаньня: вераваў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць, і ён названы прыяцелем Божым. (Якава 2:23)
«І паглядзеў Гасподзь на Сарру, як сказаў; і зрабіў Гасподзь Сарры, як казаў. Сарра зачала і нарадзіла Абрагаму сына ў старасьці ягонай у час, пра які казаў яму Бог; і даў Абрагам імя свайму сыну, які нарадзіўся ў яго, якога нарадзіла яму Сарра: Ісаак…» (Быцьцё 21:1—3). Абрагам вельмі любіў сына Ісаака і бярог яго, як зрэнку вока, таму што ведаў, што менавіта ён – корань будучага Абранага народу. Але аднойчы, каб праверыць паслухмянасьць Абрагама, Бог запатрабаваў прынесьці Ісаака ў ахвяру. «Бог сказаў: вазьмі сына твайго, адзінага твайго, якога ты любіш, Ісаака; і ідзі ў зямлю Морыя і там прынясі яго на цэласпаленьне на адной з гор, пра якую Я скажу табе» (Быцьцё 22:2).
Патрыярх накалоў дроў, пагрузіў іх на асла, узяў нож, двух хлопчыкаў і адправіўся на месца, названае яму Богам.
«Бог спакушаў Абрагама» (Быцьцё 22:1), гэта значыць правяраў. Але самае дзіўнае – гэта тое, што, зьбіраючыся падняцца на гару, дзе Абрагам плянаваў зьдзейсьніць ахвярапрынашэньне Ісаака, ён быў упэўнены, што ўсё будзе добра. Сьвятое Пісаньне абвяшчае: «І сказаў Абрагам падлеткам сваім: застаньцеся тут з аслом; а я і сын пойдзем туды і паклонімся, і вернемся да вас» (Быцьцё 22:5). Іншымі словамі, Абрагам зьбіраўся вярнуцца разам з сынам.
Ахвярапрынашэньне Ісаака (1716). Джавані Батыста Т'епола (1696—1770). Арцыбіскупскі палац, Удына. Блёк пошты Сэнт Вінсэнт і Грэнадыны, выдадзены ў 1997 годзе
Калі ж Ісаак спытаў Абрагама: «бацька мой! …дзе ж ягня на цэласпаленьне? Абрагам сказаў: «Бог нагледзіць сабе ягня на цэласпаленьне, сыне мой. І прыйшлі на месца, пра якое сказаў яму Бог; і зладзіў там Абрагам ахвярнік, расклаў дровы і, зьвязаўшы сына свайго Ісаака, паклаў яго на ахвярнік паўзьверх дроў» (Быцьцё 22:7—9).
У 1997 годзе пошта Ізраілю выпусьціла сэрыю марак, прысьвечаных Патрыярхам і Сьвяту Суккот. На марцы бачым Ісаака і Арагама, які прыгатаваўся да выкананьня волі Божай. На што ж спадзяваўся Абрагам у такой страшнай сытуацыі? Ён спадзяваўся на Слова Божае, бо добра памятаў абяцаньне Госпада, што менавіта ад Ісаака адбудзецца вялікі народ. Што адбылося далей, вядома. Анёл адвёў Абрагамаву руку з нажом ад Ісаака і падаў для ахвярапрынашэньня барана.
Ісаак. Невядомы мастак. Мячэць рабіна Эмануэля ў Вэнгрыі (1844—1854). Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1997 годзе
Гэты сюжэт папулярны сярод мастакоў, якія разважаюць над тэксамі Бібліі, яшчэ з часоў раньняга хрысьціянства. Традыцыйна Ісаака малявалі зьвязаным, напрыклад, у карціне Караваджа. Каб падкрэсьліць страх маладога чалавека перад будучыняй, твар яго пісалі скажоным ад жаху ці ўвогуле з завязанымі вачыма. У сваю чаргу, твар Абрагама малявалі суровым, як бы пераадольваючым пакуты, ці нават жорсткім перад прыняцьцем рашэньня – пазбавіць жыцьця ўласнае дзіця, якое так цяжка дасталася.
«І падняў Абрагам руку сваю і ўзяў нож, каб закалоць сына свайго» (Быцьцё 22:10).
Ахвяраваньне Ісаака Абрагамам. Фрэска Мікелонскай царквы (2002). Івет Дэтшэвэры. Марка пошты Сен-Пер і Міквэлон, выдадзеная ў 2013 годзе
У Бібліі прама сказана, што Бог не плянаваў забіць Ісаака. І адбываецца цуд.
Ахвяраваньне Ісаака Абрагамам (1716). Фэдэріко Бэнковіч (1677—1753). Галярэя Даўніх Майстроў, Загрэб. Марка пошты Югаславіі, выдадзеная ў 1970 годзе
«Але анёл Гасподні заклікаў яго зь неба і сказаў: Абрагаме! Абрагаме! Ён сказаў: вось я. Анёл сказаў: не падымай рукі тваёй на хлопчыка, і не рабі зь ім нічога; бо цяпер Я ведаю, што баішся ты Бога і не пашкадаваў сына твайго, адзінага твайго, дзеля Мяне» (Быцьцё 22:11,12).
Ахвярны Ісаак з звязанымі рукамі ляжыць там, дзе праз хвіліну павінна загарэцца ахвярнае вогнішча. Рука бацькі закрывае адкінуты твар сына. Гэтым перадаецца адчайная рашучасць Абрагама і яго бязьмерны жаль да сына, які не павінен бачыць рукі, яго забіваючай. Абрагам павярнуўся да Анёла, які спыняе руку бацькі, з якой выпадае кінжал.
Ахвярапрынашэньне Ісаака (1635). Рэмбрандт (1606—1669). Эрмітаж, Петраград. Марка пошты СССР, выдадзеная ў 1983 годзе
Аднак Абрагам – гэта не фанатык, які сьлепа падпарадкоўваецца лёсу, а глыбока веруючы чалавек. Ён гранічна шчыры і адкрыты сэрцам да Бога, а яго вочы, зьвернутыя да Анёла, шырока расчыненыя і поўныя даверу. Усявышні не памыліўся ў Абрагаме, і таму мастак малюе Абрагама як чалавека, вернага Боскаму запавету да канца. Ён спакойна выконвае тое, аб чым прасіў Бог. Думаецца, што ў гэтым глыбокі сэнс! Абрагам цалкам аддаўся волі Усявышняга, як і Ісаак цалкам аддаў сябе ў рукі свайго бацькі Абрагама.
Абрагам з нажом у руцэ, узьнятым, каб забіць свайго сына Ісаака ў той момант, калі ўмешваецца Анёл. У Біблійным апавяданьні няма намёку на тое, што Абрагам меў сумневу ў тым, каб не паслухацца або чымсьці палегчыць долю любімага сына. Хіба таму твар Абрагама на карціне Паола Веранэзэ не выпраменьвае ні цені пакуты або болю, наадварот, ён здаецца нават некалькі наіўным у сваёй пакоры і адданасьці Богу.
хвярапрынашэньне Ісаака (1588). Паолё Веранэзэ (1528—1588). Музэй Прада. Блёк Манамы, выдадзены ў 1972 годзе
Пасланьне да Габрэяў так тлумачыць веру Абрагама: «Бо ён думаў, што Бог моцны і зь мёртвых уваскрэсіць, таму і атрымае яго са сьмерці» (Да Габрэяў 11:19). Бяз веры ў уваскрэсеньне немагчыма паслухацца Бога нават у маленькім. Але калі верыць ва ўваскрэсеньне, тады аддаць Богу і жыцьцё няцяжка.
У трактаце на старонцы 17а Вавілонскага Талмуду гаворыцца, што гук шофару – старажытнага інструмэнту з рога – нагадвае пра сілу веры Абрагама, які быў гатовы прынесьці ў ахвяру свайго сына, і міласьць Божую, бо Ён даў барана для Абрагама, каб прынесьці яго ў ахвяру замест сына.
«І ўзьвёў Абрагам вочы свае і ўбачыў: і вось, за табою баран, які заблытаўся ў гушчобе рагамі сваімі. Абрагам пайшоў, узяў барана і прынёс яго на цэласпаленьне замест сына свайго» (Быцьцё 22:13).
Шчасьлівыя бацька і сын пяшчотна абнімаюць адзін аднаго. Побач прызначаны на ахвяру баран, які заблытаўся рагамі за вецьце.
Марка пошты Ізраілю, прысьвечаная шафару, выдадзеная ў 2010 годзе
Узнагародаю за веру стала канчатковае пацьверджаньне абяцаньня патомства: «Я дабраслаўлю цябе і дам табе нашчадзтва такім шматлікім, як зоркі на небе і як пясок пясок на беразе мора» (Быцьцё 22:17). Ілюструе гэтыя словы марка Ізраіля. На карціне, намаляванай мастаком Эфраімам Мошэ Ліліенам, Абрагам заглядзеўся на зоркі – сымбаль мноства яго патомства. На прывесцы цытата з Бібліі на габрэйскай і ангельскай мовах: «…і дам табе нашчадзтва такім шматлікім, як зоркі на небе…» (Быцьцё 22:17).
Абрагам. Эфраімам Мошэ Ліліэн (1874—1925). Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1997 годзе
Гара, дзе адбылося Зьвязваньне Ісаака, называецца Морыя. На гэтай гары быў пабудаваны царом Саламонам па загаду Божаму Ерусалімскі Храм.
Храм Саламона. Кампутарызаваная мадэль. Блёк пошты Ізраіля, выдадзены ў 1998 годзе
На месцы Храма Саламона паміж 687 і 691 гадамі 9-м халіфам Абд аль-Малікам пабудаваны Купал Скалы – ісламская Сьвятыня ў Ерусаліме. Скала ў цэнтры Купалу лічыцца мусульманамі месцам, зь якога Мухамед узьнёсься праз нябёсы да Бога ў суправаджэньні Анёла Гаўрыіла, а таксама тут стаяў Каўчэг Запавету ў часы першага Храма і зь якога, па габрэйскай традыцыі, пачалося Стварэньне сьвету.
Купал Скалы. Марка пошты Абу Дабі, выдадзеная ў 1972 годзе
Айцы касьцёла бачаць у сюжэце «Ахвярапрынашэньне Ісаака» прароцтва пакут і ўваскрэсеньня Хрыста. У сярэднявечнай «Бібліі бедных» прыводзілася такое параўнаньне: Ісаак гэтак жа, як Ісус Хрыстос, пакорліва ішоў на месца ахвяры. Як Ісус Хрыстос нёс на сабе крыж, так і Ісаак на сабе нёс дровы для ахвярапрынашэньня.
Абрагам і Сарра дажылі да глыбокай старасьці. Сарра памерла ва ўзросьце 127 гадоў у Кірыят-Арбе (Кір'ят-Арбе) каля Хэўрона і была пахаваная Абрагамам у пячоры Махпела («Падвойная пячора») у Хэўроне. Абрагам купіў гэта месца ў Эфрона за 400 шэкеляў срэбра. Абрагам памёр ва ўзросьце 175 гадоў і быў пахаваны ў пячоры Махпела яго сынамі Ісаакам і Ізмаілам.
Пячора Махпела – склеп Патрыярхаў у Хэўроне, у якім, паводле Бібліі, пахаваныя Абрагам, Сарра, Ісаак, Рэбэка, Якаў і яго жонка Лія. Згодна з габрэйскай традыцыяй, тут таксама спачываюць целы Адама і Евы. У юдаізме шануецца як другое па сьвятасьці месца пасьля Храмавай горы, таксама шануецца хрысьціянамі і мусульманамі.
Ахвярапрынашэньня Абрагама. Храм над Пячорай Махпела. Блёк пошты Каралеўства Емен, выдадзены ў 1969 годзе
Магчыма ў цяперашні час да Абрагама адносіліся б, як да грэшніка. Але ацэньваць асобу трэба ва ўсёй паўнаце. Уся 4 глава Пасланьня да Рымлянаў прысьвечана Абрагаму, як прыклад, што чалавек можа стаць праведны перад Богам толькі па веры, а не па справах. «Калі Абрагам апраўдаўся дзеямі, ён мае пахвалу, але не перад Богам. Бо што кажа Пісаньне? «Паверыў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць» (Да Рымлянаў 4:2,3). «Так і Давід называе шчасным чалавека, якому Бог залічвае праведнасьць незалежна ад дзеяў: «дабрашчасныя, каму беззаконьні дараваныя і чые грахі пакрытыя; дабрашчасны той чалавек, якому Гасподзь не залічыць грэху»» (Да Рымлянаў 4:6—8).