Читать книгу Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго алюстраваньнем у мастацтве - Лявон Карповіч - Страница 23

Стварэньне Сьвету і раньняя гісторыя жыцьця Божага народу (5508—1050 да Р.Х.)
Аўрагамаў Завет. Патрыярхі Абранага народу
Загадкавае змаганьне Якава

Оглавление

І сказаў: ад сёньня імя тваё будзе ня Якаў, а Ізраіль, бо ты змагаўся з Богам, і людзей адольваць будзеш. (Быцьцё 32:28)

Ад двух дачок Лавана і ад іх двух служанак у Якава нарадзіліся дванаццаць сыноў, родапачынальнікаў дванаццаці плямёнаў Ізраілявых, і дачка. Пасьля доўгіх гадоў службы ў Лавана Якаў разам з усім сваім нашчадствам вырашае вярнуцца дадому. Якаў вельмі баіцца сустрэчы з сваім братам, але і марыць аб прымірэньні і моліць аб гэтым Бога. Астанавіўшыся на начлег з жонкамі, дзецьмі, рабамі і быдлам, перавёў усіх праз паток. «І застаўся Якаў адзін.


Барацьба Якава з Анёлам (1659). Рэмбрандт ван Рэйн (1606—1669). Берлінская карцінная галерэя. Марка пошты Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі, выдадзеная ў 1981 годзе


І змагаўся Нехта зь ім, пакуль настала зара; і ўбачыўшы, што не адольвае яго, крануўся суглоба сьцягна ягонага і пашкодзіў суглоб сьцягна ў Якава, калі ён змагаўся зь Ім. І сказаў: пусьці Мяне, бо ўзышла зара. Якаў сказаў: ня пушчу Цябе, пакуль не дабраславіш мяне. І сказаў: як імя тваё? Ён сказаў: Якаў. І сказаў: ад сёньня імя тваё будзе ня Якаў, а Ізраіль, бо ты змагаўся з Богам, і людзей адольваць будзеш» (Быцьцё 32:24—28). Што гэта за загадкавы бой? У Кнізе Прарока Асіі ёсьць такія словы аб гэтым начным бою: «Яшчэ ў чэраве ў маці запыняў ён брата свайго, а ўзмужнеўшы змагаўся з Богам. Ён змагаўся з Анёлам – і перамог; плакаў і благаў Яго; у Віфлееме Ён знайшоў нас і там гутарыў з намі» (Асія 12:3,4). Сам Бог сыходзіць да Якава ў вобразе Анёла, але чалавек на самай справе не ў стане цалкам зразумець сутнасьць Боскасьці.

Зьявіліся разнастайныя тлумачэньні гэтай сцэны. Бо зьдзіўленьне і ўнутраны супраціў выклікае сытуацыя, калі чалавек мае перавагу над Усемагутным Богам. Адно з самых распаўсюджаных, што Якаў такім чынам наблізіўся да Бога, праўдзіва зразумеў сваё прызначэньне. Ці не навяртае гэта падзея да загадкавага сну з лесьвіцай? Бог спусьціўся, каб падняць?

Згодна з царкоўнай традыцыяй, гэтая барацьба зьяўляецца сымбалям малітвы, барацьбы веры і перамогі настойлівасьці. Цяжкасьць змаганьня Сьвяты Аўгустын паясьняе наступным чынам: «тое, што атрымана з лёгкасьцю, людзі лёгка губляюць, і наадварот адбываецца з тым, што патрабуе працы і намаганьняў».

Бог прымусіў змагацца Якава з Анёлам. У асобе гэтага Анёла, гэта сам Гасподзь вёў бой і дазволіў Сябе трымаць не ад слабасьці, а з міласэрнасьці. У Патрыярха заплюшчаныя вочы, мы не бачым ягоных рук, мала намёкаў на тое, што ён вядзе драматычную барацьбу. Рука на шыі Якава можа счытвацца як жэст пяшчоты і клопату. Толькі левая рука Анёла, якая абапіраецца на сьцягно, нагадвае аб калецтве. Баявыя фігуры, разьмешчаныя на фоне пэйзажу, змагаюцца пад разгалістымі дрэвамі. Анёл не спрабаваў вырвацца з хваткі Якава, які пратрымаў Яго ўсю ноч, дамагаючыся дабраславеньня. Відаць, як напружаныя мышцы Якава, які спрабуе ўтрымаць Анёла, і як Анёл не стараецца выкарыстаць сваю сілу супраць Якава. Лязо кінутай дзіды накіравана ў бок патрыярха, што яшчэ больш падкрэсьлівае вастрыню канфлікту і накіроўвае погляд гледача ў цэнтар падзеі. Тазасьцегнавы сустаў будзе вывіхнуты, чалавек будзе адзначаны калецтвам, але ж яго патрабаваньне будзе выканана.


Барацьба Якава з Анёлам (1861). Фрагмэнт. Фердынанд Дэлякруа (1798—1863). Царква Сьвятога Сюльпіцыя, Парыж. Марка пошты Францыі, выдадзеная ў 1963 годзе


Змаганьне Якава з Анёлам ня першы прыклад непаслухмянасьці Богу. Абрагам без запярэчаньня гатовы ахвяраваць сына па загадзе Бога, але ўступае ў спор у выпадку з Садомам і Гаморай. Якаў змагаецца з Богам фізычна.

Выявы, якія адносяцца да адной і той жа падзеі, зьяўляюцца прыкладам індывідуальнага падыходу мастакоў да тэксту Бібліі.


Якаў змагаецца з Анёлам. Фрагмэнт. Хасэ Марыі Сэрт (1874—1945). Марка пошты Гішпаніі, выдадзеная ў 1966 годзе


Невядомы дабраславіў Якава і даў яму новае імя – Ізраіль («які змагаецца з Богам»). З таго часу імёны Якаў і Ізраіль сталі выкарыстоўвацца ў адносінах да Патрыярха і Габрэйскага народу, як узаемазамяняемыя.

Хіба кожны чалавек перажываў у сваім жыцьці этап барацьбы з Богам. Магчыма кожны з нас быў Якавам, які змагаўся ў цемры. Магчыма, барацьба суправаджалася нейкім блюзьнерскім пэрыядам. Хто з нас не меў такіх момантаў у жыцьці, што выкрыкваў Богу ўласнае бясьсільле, адчуваньне закінутасьці, тугі звыш сіл і горыч? Хаваем гэта ў сабе. Біблія паказвае шмат такіх пэрсанажаў: Якава, Ёва, сясьцёр Лазара. Вера не ёсьць спакойным ручаём, але ўнутранай спрэчкай чалавека пра сябе, свайго блізкага і свайго Бога. Мастакі рэагуюць на гэта сваімі творамі. Мастацтва – гэта запіс духоўнай сытуацыі. Не ёсьць гэта зразумелым, што да драбязі…


Якаў змагаецца з Анёлам. Бодзіл Каалунд (1930—2016). Ілюстрацыя з новай дацкай Бібліі. Марка пошты Даніі, выдадзеная ў 1992 годзе


Ня гледзячы на ўсе хібы, у равіністычнай літаратуры прабацька Якаў разглядаецца як сымбаль габрэйскага народа, узор цноты і справядлівасьці. «Дык вось, калі ты прынясеш дар твой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супроць цябе, пакінь там дар твой перад ахвярнікам, і ідзі сьпярша памірыся з братам тваім, і тады прыйдзі і прынясі дар твой» (Паводле Мацьвея 5:23,24).

Адбылася сустрэча Якава з Ісавам і яны цёпла і сардэчна разышліся, ня трымаючы зла.

«Якаў сказаў: не, калі я здабыў упадабаньне ў вачах тваіх, прымі дарунак мой з рукі маёй; бо я ўгледзеў аблічча тваё, як бы хто ўбачыў аблічча Божае, і ты быў прыхільны да мяне…» (Быцьцё 33:10).

Пад дубам каля Сіхему (Ханаан) Якаў зьнішчае ўсіх ідалаў, а ў Вэтылі, дзе яму зьявіўся Бог, ставіць Богу ахвярнік.


Прымірэньне Якава і Ісава (1624). Рубенс Пітэр Паўль (1577—1640). Дзяржаўная галерэя Шлейсхайм, Мюнхен. Персанальная марка, выдадзеная поштай Ізраілю ў 2014 годзе

Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго алюстраваньнем у мастацтве

Подняться наверх