Читать книгу Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго алюстраваньнем у мастацтве - Лявон Карповіч - Страница 11

Стварэньне Сьвету і раньняя гісторыя жыцьця Божага народу (5508—1050 да Р.Х.)
Сусьветны патоп і яго наступствы. Ноеў Завет
П'яны Ной

Оглавление

Глядзеце ж за сабою, каб сэрцы вашыя не абцяжарваліся абжорствам і п'янствам і клопатам будным, і каб дзень той не застаў вас зьнянацку… (Паводле Лукаша 21:34)

У Бібліі слова «віно» сустракаецца больш за сто разоў і першы раз у сувязі з Ноем.

«Сыны Ноя, якія выйшлі з каўчэга, былі: Сім, Хам і Яфэт. А Хам быў бацька Ханаана. Гэтыя трое былі сыны Ноевыя, і ад іх насялілася ўся зямля. Ной пачаў урабляць зямлю і пасадзіў вінаграднік…» (Быцьцё 9:18—20).

На ўспамінаным раней блёку пошты Ізраілю з рэпрадукцыяй старонкі ілюстраванага выданьня Бібліі – «Biblia Schockena» з 13 веку, створанай у Германіі, малюнак у верхнім куце другі зьлева паказвае, як Ной садзіць вінаграднік. Але Ной навучыўся ня толькі вырошчваць вінаград, але і рабіць віно і ня змог разумна гэта выкарыстаць.

Зьлева – Ной капае вінаграднік. У цэнтры сьпіць аголены Ной; Хам, які стаіць сьпіной да нас, паказвае пальцам на бацьку, якога Сім і Яфэт накрываюць.

«І выпіў ён віна, і ап'янеў, і ляжаў голы ў намёце сваім. І бачыў Хам, бацька Ханаанаў, сарамату бацькі свайго і, выйшаўшы, расказаў двум братам сваім» (Быцьцё 9:21,22).

«Немагчыма перадаць, як выдатна намаляваная гісторыя Ноя, дзе ён, ап'янелы віном, сьпіць, аголены, і тут жа прысутнічаюць адзін з сыноў, які над ім сьмяецца, іншыя, якія яго затуляюць; гісторыя гэтая і майстэрства мастака не параўнальныя ні з чым, і перасягнуць яго мог бы хіба толькі ён сам» Вазары.


Ап'яненьне Ноя (1508—1512). Мікеланджэла (1475—1564). Сыкстынская Капэла. Марка пошты Гамбіі, выдадзены ў 2013 годзе


Сцэна з п'яным Ноем паказана на марцы пошты Тога з сэрыі, прысьвечанай Дзесяці Запаведзям. Бачым Сіма і Яфэта, прыкрываючых бацьку. Біблейны эпізод тут выкарыстаны для ілюстрацыі Запаведзі: «Шануй бацьку твайго і маці тваю, каб падоўжыліся дні твае на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе» (Выхад 20:12).

Нядобры ўчынак Ноя справакаваў другі нядобры ўчынак яго сына, які стаў насьміхацца над бацькам. Яму не хапіла ў гэтым выпадку сыновай любові. Сім і Яфэт прыпынілі нядобры ход падзей. «А Сім і Яфэт узялі вопратку, і паклаўшы яе на плечы свае, пайшлі адвярнуўшыся і накрылі галізну бацькі свайго; твары іх былі абернуты назад, і яны ня бачылі сараматы бацькі свайго» (Быцьцё 9:23).

Нядобры пачатак і далей вёў нядобрай дарогай. Бо, калі Ной працьверазеў і даведаўся аб усім, то пакараў Хама і пахваліў Сіма і Яфэта. П'янства працягвае быць злом. Але калі сын высьмейвае бацьку, гэта яго ўласная ганьба, не яго бацькі.


Ап'яненьне Ноя. Марка пошты Тога з сэрыі, выдадзеная ў 1982 годзе


Гэта яшчэ зварот увагі на тое, што трэба быць цярплівым і верыць у чалавека, які заўсёды мае шанс выправіцца.


Ной праклінае Хама (1852). Ксенофонтов Іван (1817—1875). Бурацкі Рэспубліканскі мастацкі музэй імя Сампілава, Улан-Удэ. Пэрсанальная марка, выдадзеная ў 2014 годзе поштай Ізраілю


Жыў Ной пасьля патопу трыста пяцьдзесят гадоў. І памёр ва ўзросьце 950 гадоў. А яго сыны Сім, Хам і Яфэт сталі прабацькамі ўсяго цяперашняга чалавецтва.

Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго алюстраваньнем у мастацтве

Подняться наверх