Читать книгу Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго алюстраваньнем у мастацтве - Лявон Карповіч - Страница 20
Стварэньне Сьвету і раньняя гісторыя жыцьця Божага народу (5508—1050 да Р.Х.)
Аўрагамаў Завет. Патрыярхі Абранага народу
Падман
Оглавление…дык, зграшыўшы і зрабіўшыся вінаватым, ён павінен аддаць узятае, што ўкраў… (Лявіт 6:4)
Ісаак і Рэбэка мелі двух сыноў-блізьнюкоў. Першым нарадзіўся Ісаў. «Потым выйшаў брат ягоны, трымаючыся рукою сваёю за пяту Ісава; і дадзена яму імя: Якаў. Дзеці вырасьлі; і стаў Ісаў чалавекам спрытным у ловах зьвера, чалавекам палёў; а Якаў чалавекам рахманым, жыхаром намётаў. Ісаак любіў Ісава, бо дзічына была да смаку яму; а Рэбэка любіла Якава» (Быцьцё 25:26—28).
І здарылася адна з тых «брыдкіх» гісторый, якімі мае шмат Сьвятое Пісаньне. Аднойчы, калі стомлены і галодны Ісаў вярнуўся дадому, ён убачыў, што Якаў зварыў чырвоную сачыўку, і папрасіў у брата трохі гэтай сачыўкі. «А што ты мне дасі наўзамен, калі я дам табе сачыўкі? Прадай мне цяпер жа сваё першародзтва» (Быцьцё 25:31). Відавочна, паляваньне ў гэты дзень у Ісава не была пасьпяховым і ня было чым заплаціць брату за страву. Ісаў у адказ засьмяяўся – і толькі?! Ён быў малады і рашучы, удачлівы ў паляваньні і ва ўсіх справах; ён не сумняваўся, што заўсёды зможа здабыць сабе пражытак і жыць на тое, што здабудзе сам, і няма ў яго неабходнасьці чакаць бацькоўскай спадчыны, і бацька яшчэ здаровы і паміраць не зьбіраецца… А цяпер ён жудасна галодны… Ды прападзі яно – гэта права першародзтва! І Ісаў прадаў сваё права першародзтва брату за міску чырвонай сачавічнай поліўкі. Пра гэты выпадак ведала Рэбэка і яна яго выкарыстала разам з Якавам, калі надышоў час дабраслаўленьня. Рэбэка вырашыла падмануць мужа і зрабіць спадчыньнікам любімага сына – Якава.
Стары, сьляпы і нямоглы Ісаак паклікаў Ісава і папрасіў яго згатаваць бацьку добры абед з дзічыны і тады ён атрымае бацькоўскае бласлаўленьне. А Рэбэка паклікала Якава і загадала яму як мага хутчэй прынесьці двух маладых ягнят з бліжэйшага статка, хутка прыгатавала зь іх страву, якую хацелася зьесьці Ісааку, і загадала Якаву аднесьці гэтую страву бацьку, і сказаць, што ён – Ісаў, які прыйшоў з паляваньня і падрыхтаваў любімую страву бацькі. Якаў спалохаўся і «сказаў Рэбэцы, маці сваёй: Ісаў, брат мой, чалавек касматы, а я чалавек гладкі; можа стацца, абмацае мяне бацька мой, і я буду ў вачах у яго ашуканец і навяду на сябе праклён, а не дабраславеньне. Маці ягоная сказала яму: на мне хай будзе праклён твой…» (Быцьцё 27:11—13). «Не бойся, сынок» – сказала Рэбэка – «мы апранем цябе ў вопратку Ісава, а рукі і шыю абгорнем скурай казьлянят: бацька памацае, і паверыць, што гэта валасатыя рукі і шыя Ісава».
Дабраславеньне Якава Ісаакам (1638). Гаверт Флінк,. Рыксмузэум, Амстэрдам. Блёк пошты краіны Антыгуа і Барбуда, выдадзены ў 2000 годзе
На карціне Гаверта Флінка намаляваны момант падману Якавым сьляпога бацькі. Падбадзёрваны маткаю, ён атрымлівае дабраславеньне, а разам з тым і спадчыну, ад паміраючага Ісаака.
Ісаак Благаслаўляе Якава (1642). Гербранд ван дэн Экхаут (1621 – 1674). Музэй мастацтваў Метраполітэн, Нью-Ёрк. Марка пошты Нікарагуа, выдадзеная ў 1971 годзе
Якаў стаіць на каленях ля ложка свайго сьляпога бацькі Ісаака пад пільным вокам маці Рэбэкі, калі ён атрымлівае дабраславеньне замест брата Ісава. Якаў апрануты ў «лепшую куртку» свайго старэйшага брата (якая занадта вялікая), а яго рукі і шыя пакрытыя казінай шкурай. На сьпіне ў яго паляўнічы калчан са стрэламі, але на падлозе ляжыць лук, цеціва якога аслаблена, што паказвае на тое, што ён не паляўнічы. На бакавым століку, пакрытым дываном, нацюрморт з сурвэткай, сальніца і пляшка з віном. Гэта смачная казьляціна нібы прыгатаваная Якавам. Прадмет на стале – збан Амстэрдамскай гільдыі срэбных спраў майстроў, які адпавядае бацькоўскай тэме. Бацька Ван Экхаута быў членам Гільдыі срэбных спраў майстроў і збан мог быць адным зь яго твораў.
Пазьней Якава дабраславіў Бог, нягледзячы, што той быў хітры. Чаму? Інтрыган Якаў меў дзьве адкупляльныя якасьці. У атрыманай спадчыне ён цаніў духоўнае дабраславеньне і ведаў сілу малітвы. Падман Рэбэкі і Якава ўдаўся! Але ўсё далейшае жыцьцё Якаў вымушаны быў расплачвацца за гэты падман.