Читать книгу Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго алюстраваньнем у мастацтве - Лявон Карповіч - Страница 25

Стварэньне Сьвету і раньняя гісторыя жыцьця Божага народу (5508—1050 да Р.Х.)
Аўрагамаў Завет. Патрыярхі Абранага народу
Дванаццаць сыноў Якава

Оглавление

Вось усе дванаццаць каленаў Ізраілевых; і вось, што сказаў ім бацька іхні; і дабраславіў іх, і даў ім дабраславеньне, кожнаму сваё. (Быцьцё 49:28)

Якаў, чыё імя ад часу змаганьня з Богам было Ізраіль, дачакаўся дванаццаці сыноў. Але ці была яго сям’я сапраўднай, ці была яна шчасьлівай?

Якаў любіў Рахіль, а Лія была «нелюбка». Убачыўшы гэта, Бог «адчыніў нутробу яе». Рахіль ж заставалася бясплоднай. Аднак Лія хацела не толькі дзіцяці, але і любові свайго мужа. Яна бачыла, зь якой пяшчотай Якаў зьвяртаецца да Рахілі, і ёй станавілася вельмі горка. І ўсё ж Лія не губляла надзеі заваяваць любоў мужа і нарадзіла яму сына. Яна назвала хлопчыка Рувім, што азначае «глядзі: сын», разважаючы такім чынам: «Гасподзь угледзеў маё гароцтва; бо цяпер будзе кахаць мяне муж мой» (Быцьцё 29:32). Але Якаў не палюбіў яе. Не палюбіў ён яе і тады, калі яна нарадзіла яму другога сына. Лія назвала сына Сымон, што азначае «чуе». Яна падумала «Гасподзь пачуў, што я нелюбка, і даў мне і гэтага» (Быцьцё 29:33).

Дванаццаць сыноў Якава паказала на марках, выдадзеных у 1973 годзе поштай Ізраілю. На іх рэпрадукцыя прыгожых вітражоў, выкананых Маркам Шагалам, габрэйскім мастаком, народжаным у Віцебску ў Беларусі. Знаходзяцца яны ў вокнах сынагогі ў Цэнтры Мэдычным у Айн Карэм на заходным прадмесьці Ерусаліма.

Першы вітраж ясна нябескага колеру прасьвечаны Рувіму, першароднаму сыну Якава. На версе запісана цытата з Кнігі Быцьця: «Рувім, першынец мой! ты бушаваў, як вада» (Быцьцё 49:3,4). Гэта намёк на гвалтоўны характар Рувіма.


Рувім. Сымон. Вітражы. Марк Шагал (1887—1985). Маркі пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1973 годзе


Другі вітраж сіняга колеру прысьвечаны Сымону. Яго імя напісанае па-габрэйску ў памаранчавым коле ў версе з правага боку. У нізе цытата: «праклён гневу іхняму, бо ён жорсткі, і лютасьці іхняй, бо шалёная» (Быцьцё 49:7). Гэта намёк на крывавую помсту, якую зьдзейсьнілі Сымон і Левій за ганьбу іх сястры.

Бог «пачуў» Лію-гэта значыць, яна малілася пра сваё гора. Мяркуючы па ўсім, яна была верным чалавекам. Аднак яна не пазбавілася ад душэўнага болю, нават нарадзіўшы трэцяга сына. Лія дала яму імя Левій, што азначае «прыхільнасьць», патлумачыўшы: «вось цяпер прылепіцца да мяне муж мой, бо я нарадзіла яму трох сыноў (Быцьцё 29:34). Але пачуцьці Якава да яе не зьмяніліся. Верагодна, Лія зьмірылася з гэтым, паколькі ў імя яе чацьвёртага сына ўжо не гучыць надзея на тое, каб хоць неяк падпаліць сэрца Якава. Яна назвала гэтага сына Юда, што азначае «усхваляемы». Так Лія выказала сваю падзяку Богу, сказаўшы: «вось цяпер я праслаўлю Госпада» (Быцьцё 29:35).


Леыій. Юда. Вітражы. Марк Шагал (1887—1985). Маркі пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1973 годзе


Трэцяя яскраважоўтая марка прысьвечана Левію. Яго імя відаць над Зоркай Давіда. У нізе вылучаюцца дзьве табліцы Майсея з 10 Запаведзямі. Маісей, які паходзіў з калена Левія, атрымаў іх ад Бога на гары Сінай. Надпіс узяты з дабраславеньня Майсея: «вучаць законам Тваім Якава і запаведзям Тваім Ізраіля» (Другі закон 33:10). Чацьвёртая пурпуровая марка прысьвечана Юдзе. Яго імя над узьнесенымі да Бога рукамі. Надпіс гучыць: «Малады леў Юда, са здабычы, сыне мой, ты вяртаесься» (Быцьцё 49:9).

Лія працягвала пакутаваць, але і Рахілі было не лягчэй. Яна ўмольвала Якава: «дай мне дзяцей; а калі не, я паміраю» (Быцьцё 30:1). У Рахілі была любоў Якава, але яна хацела дзяцей. У Ліі былі дзеці, але яна хацела любові. Кожная прагнула таго, што было ў іншай, і ні адна не была шчасьлівая. Абедзьве любілі Якава і хацелі нарадзіць яму дзяцей. І тую, і іншую разьдзірала зайздрасьць. Якой няпростай была жыцьцё гэтай сям'і!

У тыя часы бясплодзьдзе было вялікім горам для жанчыны. Бог абяцаў Абрагаму, Ісааку і Якаву, што праз іх «нашчадкаў» дабраславяцца «усе народы зямныя» (Быцьцё 26:4). Але Рахіль была бясплоднай. Якаў лічыў, што толькі Бог можа даць Рахілі сыноў і толькі Ён можа даць ёй такія дабраславеньні. Аднак Рахілі не хапала цярпеньня. «Яна сказала: вось служанка мая Вала: увайдзі да яе; хай яна родзіць на калені мае, каб і я мела дзяцей ад яе» (Быцьцё 30:3).

Нам цяжка зразумець паводзіны Рахілі. Аднак са старажытных тэкстаў шлюбных дагавораў, знойдзеных на Блізкім Усходзе, відаць, што існуючы тады звычай дазваляў бясплоднай жанчыне аддаваць свайму мужу служанку, каб тая нарадзіла спадчыньніка. У некаторых выпадках дзеці служанкі разглядаліся як дзеці жонкі.

Калі Вала нарадзіла хлопчыка, Рахіль узрадавалася і ўсклікнула: «наканаваў мне Бог, і пачуў голас мой, і даў мне сына» (Быцьцё 30:6). Яна назвала яго Дан, што азначае «судзьдзя». Як відаць, яна таксама малілася аб сваім горы. Калі Вала нарадзіла другога сына, Напталіма, што азначае «мая барацьба», Рахіль сказала: «я з усіх сіл змагалася з сястрой і перамагла!» (Быцьцё 30:8).

Пятая нябескага колеру марка прысьвечана Дану. Пасярэдзіне намалёваны вуж, абвіты вакол падсьвечніка. Гэтым малюнкам Шагал ілюстраваў словы Якава аб Дане: «Дан будзе зьмеем на дарозе, асьпідам на шляху» (Быцьцё 49:17).


Дан. Напталім. Вітражы. Марк Шагал (1887—1985). Маркі пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1973 годзе


Шостая марка жоўтага колеру – вітраж Напталіма. Яго імя напісана ў правым верхнім куце. Ніжэй адпачывае касуля – спасылка на дабраславенства Якава Напталіму: «Напталім – вольная касуля» (Быцьцё 49:21).

Магчыма, даючы Валу Якаву, Рахіль думала, што дзейнічае ў згодзе са сваімі малітвамі, але Бог хацеў ёй даць дзяцей іншым шляхам. У гэтым урок для нас. Калі мы просім аб нечым Бога, то не павінны губляць цярпеньня. Ён можа адказаць на малітвы нечаканым для нас чынам і тады, калі мы менш за ўсё гэтага чакаем.

Каб не страціць сваёй перавагі, Лія таксама дала Якаву сваю служанку, Зілфу. Тая нарадзіла Гада, затым Асіра (Быцьцё 30:9—13).

Цёмназялёны вітраж прысьвечаны Гаду. Колер непакою адпавядае словам Якава аб Гадзе: «Гад, – натоўп будзе цясьніць яго, але ён адцісьне яго па пятах» (Быцьцё 49:19). Аб Асіры Якаў сказаў «ён будзе дастаўляць царскія прысмакі» (Быцьцё 49:20), таму колер вітражу аліўкавы. Аліўкі Сьвятой Зямлі гэта сымбаль багацьця.


Гад. Ашэр. Вітражы. Марк Шагал (1887—1985). Маркі пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1973 годзе


Яскравы прыклад суперніцтва паміж сёстрамі – выпадак з мандрагорами, якія знайшоў сын Ліі Рувім. Лічылася, што мандрагоры спрыяюць зачацьцю. Рахіль папрасіла ў Ліі гэтых пладоў, але тая рэзка адказала: «Няўжо мала табе – завалодаць мужам маім, што ты дамагаесься і мандрагораў сына майго?» (Быцьцё 30: 15). Гэтыя словы наводзяць на думку, што Якаў бываў з Рахільлю часьцей, чым з Ліяй. Відавочна, Рахіль адчула справядлівасьць гэтых папрокаў, таму сказала Ліі: «дык няхай ён ляжа з табою гэтай ночы, за мандрагоры сына твайго». Калі Якаў прыйшоў дадому, Лія сказала яму: «увайдзі да мяне, бо я купіла цябе за мандрагоры сына майго. І лёг ён зь ёю тае ночы» (Быцьцё 30:16).

Лія нарадзіла пятага і шостага сына: Ісахара (што азначае «адплата») і Завулона. Тады яна ўсклікнула: «Бог даў мне цудоўны дар: цяпер будзе жыць у мяне муж мой, бо я нарадзіла яму шэсьць сыноў» (Быцьцё 30: 17—20).


Ісахар. Завулон. Вітражы. Марк Шагал (1887—1985). Маркі пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1973 годзе


Зялёны колер вітража Ісахара сымбалізуе дастатак і спакой. Якуб сказаў аб сваім сыне: «І ўбачыш ты, што спакой табе добры і зямля корміць» (Быцьцё 49:15). На чырвонай марцы Завулона намаляваны карабель поўны рыбы, таму што Якаў сказаў: «Завулон каля берага марскога будзе жыць і каля прыстані карабельнай» (Быцьцё 49:13).

Мандрагоры не дапамаглі Рахілі. Тым не менш праз шэсьць гадоў замужжа Рахіль зацяжарала і нарадзіла Язэпа. Але гэта адбылося дзякуючы таму, што Гасподзь «успомніў» пра яе і адказаў на яе малітву. І толькі тады Рахіль магла сказаць: «зьняў Бог ганьбу маю» (Быцьцё 30:23). Рахіль памерла падчас другіх родаў на шляху з Бэт-Эля ў Эфрат, у Бэт-Лехеме; паміраючы, яна назвала свайго другога сына Бэн-яны («сын маёй пакуты»), аднак Якаў даў яму імя Веньямін.

У двух вокнах разьмясьціў Шагал сыноў Рахілі.


Язэп. Веньямін. Вітражы. Марк Шагал (1887—1985). Маркі пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1973 годзе


Маляўнічы вітраж, прысьвечаны Язэпу, напамінае пра каляровае ўбраньне Язэпа, якое падарыў яму Якаў і якое стала прадметам зайздрасьці братоў, а таксама пра тлустых і галодных кароў з далейшага жыцьця Язэпа ў Егіпце.

Нябескі колер вітражу Веньяміна гэта намёк на спакой, які, аднак, патрабуе высілкаў. Майсей, дабраслаўляючы Ізраілітаў перад сваёй сьмерцю, зьвяртаючыся да племені Веньяміна, сказаў: «Любасны Госпаду жыве ў Яго ў бясьпецы, Бог спрыяе яму кожны дзень, і ён пакоіцца паміж плячамі Ягонымі» (Другі закон 33:12).

У 1962 Марк Шагал расьпісаў 12 вокнаў у сынагозе мэдыцынскага цэнтра Хадаса ў Эйн-Карэм у Ерусаліме. Вокны былі створаны ў Францыі, а затым ахвяраваныя бальніцы. Праца заняла два гады і ў дзень 50-годзьдзя бальніцы ў лютым 1962 вітражы былі ўрачыста асьвячоныя. У рэчаіснасьці гэта не вітражы, а росьпісы. «Увесь час, пакуль я працаваў, – распавядаў Марк Шагал, – я адчуваў, што мой бацька і мая маці глядзяць з-за майго пляча, а за імі – тыя мільёны габрэяў, якія зьніклі нядаўна і тысячы гадоў таму назад». З той пары тысячы людзей наведалі сынагогу ў Айн Карэм і засталіся заварожанымі прыгажосьцю твораў Шагала. Дванаццаць цудоўных вітражоў, якія апісваюць дванаццаць каленаў Ізраілевых, паказваюць глыбокую любоў мастака да габрэйскага народу і чалавецтва ў цэлым. Для поўнага разуменьня сэнсу і значэньня кожнага вітража, трэба іх разглядаць, зыходзячы з пачуцьця поўнай датычнасьці майстра да гісторыі габрэяў, зь іх трагедыямі і перамогамі, зь яго асабістым мінулым, зьвязаным з Віцебскам – месцам, у якім ён нарадзіўся і вырас.

Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго алюстраваньнем у мастацтве

Подняться наверх