Читать книгу Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго алюстраваньнем у мастацтве - Лявон Карповіч - Страница 13
Стварэньне Сьвету і раньняя гісторыя жыцьця Божага народу (5508—1050 да Р.Х.)
Аўрагамаў Завет. Патрыярхі Абранага народу
Божая місія. Пакліканьне Абрама
Оглавление…ён стаўся бацькам усіх веруючых… (Да Рымлянаў 4:11)
На пачатку гісторыі чалавецтва Бог не пазбаўляў людзей Сваёй прысутнасьці. Але зло таксама не пакідала людзей. Людзі лёгка паддаваліся спакусам і пакланяліся паганскім ідалам. Да Абрагама былі людзі, якія верылі ў Адзінага Бога і нават заключалі зь ім Запавет, як, напрыклад, Ной. Але з Абрагамам зьвязана ўзьнікненьне народа Божага. Адносіны з Богам сталі перадавацца іншым пакаленьням. Але ўсё пачалося з пакліканьня.
Зікурат ў Уры (каля 2047 года да Р.Х.). Сучасная рэканструкцыя. Марка пошты Іраку, выдадзеная ў 1967 годзе
У Мэсапатаміі ў халдэйскім горадзе Ур нарадзіўся хлопчык Абрам, малодшы сын Тары, дзясятага патрыярха па прамой лініі ад Сіма, сына Ноя. Жывучы сярод паганцаў Абрам верыў ў адзінага Бога, апосталам якога ён стаў. За гэта яго падвяргалі ганеньням суайчыньнікі. Знаёмячыся з жыцьцём Абрама мы ўступаем у абсяг гісторыі, бо дакладна можам даведацца дзе і калі ён жыў. Абрам жыў каля 1850—1750 году перад нараджэньнем Хрыста, ці каля 4000 тысяч гадоў таму. Роднай мясьцінай Абрама быў Ур на паграніччу паміж сучаснымі Іракам і Кувэйтам на поўнач ад Персыдзкай затокі. Адлюстрована гэта месца на марцы Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, прысьвечанай Месапатамскай цывілізацыі, дзе кругам вылучаны Ур.
Месапатамская цывілізацыя. Марка пошты Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, выдадзеная ў 2015 годзе
Там Абрам пачуў голас Бога: «І сказаў Гасподзь Абраму: ідзі зь зямлі тваёй, ад радзіны тваёй і з дома бацькі твайго ў зямлю, якую Я пакажу табе; і Я выведу ад цябе вялікі народ, і дабраслаўлю цябе, і праслаўлю імя тваё, і будзеш ты ў дабраславенстве. Я дабраслаўлю тых, што дабраслаўляюць цябе, і тых, што ліхасловяць цябе, пракляну; і дабраславяцца ў табе ўсе плямёны зямныя» (Быцьцё 12:1—3).
Тут важна вылучыць два моманты. Чаму Бог выбраў Абрама? Напэўна Абрам адпавядаў тым якасьцям і патрабаваньням Бога, каб прызначыць яго пачынальнікам Абранага народу. Сярод габрэяў жыве такая легенда, якую расказваюць усім дзецям у Ізраільскай школе, што Фара, бацька Абрама меў лаўку фігуркаў бажкоў. Аднойчы, пры адсутнасьці бацькі, Абрам парубаў усе фігуркі акрамя найбольшай, якой уклаў у руку сякеру. На пытаньне раззлаванага бацькі Абрам сказаў, што бажкі пасварыліся і пазабіваліся і таму ім нельга маліцца, бо яны не ў стане абараніць самы сябе.
Абрам, які пакідае Ур. Уільям Брэсі Хоул (1846—1917) Месцазнаходжаньне невядома. Пэрсанальная марка, выдадзеная ў 2014 годзе поштай Ізраілю
На 75 годзе жыцьця Абрам мусіў пакінуць радзіму, накіраваўшыся цераз Эўфрат у зямлю Ханаанскую, якую абяцаў Бог яму й ягоным нашчадкам.
Марка Аўстрыі прысьвечана Дзесятаму Кангрэсу Міжнароднай Арганізацыі Вывучэньня Старога Запавету. Выява Абрама зьяўляецца ілюстрацыяй да кнігі «Божы зварот да Абрама».
Абрам. Эрнст Дэгаспэры (1927—2011). Марка пошты Аўстрыі, выдадзеная ў 1980 годзе
Чаму Абрам без ваганьня пакінуў дом, месца, дзе нарадзіўся і пражыў 75 гадоў, суседзяў і блізкіх і накіраваўся ў доўгую і небясьпечную дарогу? Абрам, маючы дасканалую веру, безумоўна прымае Боскую задуму і падпарадкоўваецца ва ўсім волі Божай. «Бо што кажа Пісаньне? „Паверыў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць“» (Да Рымлянаў 4:3). З патрыярха Абрагама пачынаецца гісторыя народа, зь якога адбылася Найсьвяцейшая Дзева Марыя, якая нарадзіла Збаўцу сьвету.
Прайшоўшы прыблізна 1700 кілямэтраў караван Абрама вайшоў у зямлю Ханаанскую да Сіхему (Наблус), да дубровы Марэ. «І явіўся Гасподзь Абраму і сказаў: нашчадкам тваім аддам Я зямлю гэтую. І паставіў там ахвярнік Госпаду, Які явіўся яму» (Быцьцё 12:7).
Шлях Абрама з Сіхему на поўдзень пралягаў па горнай мясцовасьці, вядомай яшчэ, як Дарога Патрыярхаў.
Сіхем (Наблус). Гравюра Луі Хаге па карціне Дэвіда Робертса зь яго падарожжа ў 1839 г. Марка пошты Палестыны, выдадзеная ў 2002 годзе
Абрам разбіў свой шацёр на ўзгорку паміж Вэтылем і Гаем, пабудаваў там ахвярнік і заклікаў імя Госпада. Затым ён пайшоў далей на поўдзень міма Хэўрона ў вобласць Негеў, што азначае «паўднёвая» і «сухая».
Пустыня Негеў. Маркі пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1988 годзе
У беларускім перакладзе Бібліі няма назвы Негеў. Але параўнаем адпаведныя вершы з беларускага і польскага перакладу.
«І падаўся Абрам далей і пайшоў на поўдзень» (Быцьцё 12:9).
«Zwinąwszy namioty, Abram wędrował z miejsca na miejsce w stronę Negebu» (Rdz 12.9).
У беларускім перакладзе назва пустані Негеў падаецца як «поўдзень» – напрамак руху, а ў польскім, як геаграфічная назва. Сапраўды, Абрам рухаўся на поўдзень да пустыні Негеў. Там Аўраам быў празваны «га-гіўры», што азначала: прыбылы з таго берагу ракі, адкуль і пайшла назва – габрэй. Потым з прычыны голаду Абрагам рушыў у Егіпет.
Сара (1950). Абель Пан (1883 -1963). Картмаксімум пошты Ізраіля, выдадзены ў 1972 родзе
У Бібліі Сара ўпамінаецца як старая кабета, але мастак намаляваў прыгожую маладую дзяўчыну. Напэўна кіраваўся словамі Бібліі: «І было, калі Абрам прыйшоў у Егіпет, Егіпцяне ўбачылі, што яна жанчына даволі прыгожая; убачылі яе і вяльможы фараонавыя і пахвалілі яе фараону; і была яна ўзятая ў дом фараонаў» (Быцьцё 12:14,15). У Егіпце Абрам выдаў Сару за сваю сястру, каб Егіпцяне, убачыўшы прыгажосьць Сары, не забілі яго. Цнатлівастць Сары было захавана Богам праз пакараньне фараона..
Абрам з сямействам, атрымаўшы вялікія дары ад фараона, вярнуўся ў Ханаан. «І быў Абрам вельмі багаты быдлам і срэбрам і золатам» (Быцьцё 13:2). Тут Абрам і яго пляменьнік Лот падзялілі гаспадарку і разышліся: Лот да Садому, а Абрам да Хэўрону.
Хэўрон. Гравюра Луі Хаге па карціне Дэвіда Робертса зь яго падарожжа ў 1839 г. Марка пошты Палестынскай Аўтаноміі, выдадзеная ў 1997 годзе
«…І пасяліўся каля дубровы Мамрэ, што ў Хэўроне; і паставіў там ахвярнік Госпаду» (Быцьцё 13:18).