Читать книгу Мосцік над вечнасцю (зборнік) - Сяргей Ваганаў - Страница 12

І. Па кім маўчыць звон
Голас крыві, альбо Істэрычная справядлівасць

Оглавление

Моцная ўсё ж штука – пульт дыстанцыйнага кіравання. Адным націсканнем кнопкі можна пачаць вайну ці падоўжыць Алімпіяду…

«Да пайшлі яны ўсе на…! – раздражнёна кінуў прыяцель і ўзгадаў прыказку пра куслівую казурку, што лёгка пераскоквае з аднаго цёплага месца на іншае. – Зараз лягу і буду глядзець Алімпіяду…»

Эпізод тычыцца падзей шасцігадовай даўніны – расійска-грузінскай вайны. Я падумаў тады: як ад яе мы далёка! Дакладней, якія далёкія…

Сёння вайна на расійска-ўкраінскім парозе. На адлегласці кроку. Але мы па-ранейшаму далёкія ад яе. Па-ранейшаму паміж намі і тым, што адбываецца насамрэч, Вялікая Хлусня. Якія там «падвоеныя стандарты»!

Гэта толькі падаецца, што мы кіруем кнопкай. Гэта яна кіруе намі, робіць з нас не толькі ўдзельнікаў інфармацыйных войнаў, але й іх ахвяр.

І вось ужо спрачаемся – да хрыпаты, да кідання слухавак, да разрыву сяброўскіх адносін!

«Бачыў, як «Беркут» стаіць на каленях? Такая знявага!» – «Дык гэта ж ён сам прасіў у людзей прабачэння» – «А як губернатара прыкавалі кайданкамі да слупа… Табе падабаецца?» – «Не, не падабаецца. А хто сказаў, што рэвалюцыя павінна падабацца?» – «Якая рэвалюцыя? Дзяржаўны пераварот…»

І гэтак далей і далей…

Напрыканцы ХІХ стагоддзя, падчас англа-бурскай вайны, свет быў куды бліжэй да праўды, чымсьці сёння, ва ўладаранні Кнопкі.

І вось ужо страляніна з-за вугла завецца «абаронай роднага дому», а смяротнае скавытанне «Града» – «абаронай тэрытарыяльнай цэласнасці», зніштажэнне гарадоў і вёсак – «навядзеннем канстытуцыйнага парадку», а вайна на чужой тэрыторыі – «прымушэннем да міру»…

Сёння да расійскай прапагандысцкай тэрміналогіі часоў вайны з Чэчнёй і Грузіяй дадаліся «неафашысты» ў Кіеве і «руская кроў на святой крымскай зямлі».

«Колькі рускай крыві праліта за вызваленне Крыма!» – «раве та стогне» Валянціна Мацвіенка. Імаверна перад тым, як на «мэрсе», ці на чым там яшчэ, адправіцца на чарговы масаж… Трэцяя, дарэчы, асоба ў расійскай дзяржаве.

Вы што-небудзь чулі ад «фашыстаў» з Майдану пра «ўкраінскую кроў»?

Пра нацыянальную рэвалюцыю – так. Пра «ўкраінскую кроў» – не…

Але віск на ўвесь свет: фашысты… антысеміты… рускія перамаглі нацызм, астатнія служылі ў тылавых войсках… дзяржавы «Украіна» няма… украінскай мовы няма…

Гэта Жырыноўскі. Блазен, скажа нехта. Але «блюзнерства» ягонае транслюе дзяржаўнае расійскае тэлебачанне, ці не з гадзіну дазваляючы ліцца бруду і атруце, за якія ў любой цывілізаванай краіне – краты. За распальванне міжнацыянальнай варожасці і заклікі да вайны…

І гэтак бліжэй і бліжэй…

І вось ужо гіне на гэтай вайне «нябесная сотня» – каб назаўжды вырваць краіну з імперскіх ці то абдымкаў, ці то кіпцюроў…

Але нам па-ранейшаму падаецца, што вайна немагчымая, што Пуціну хопіць розуму, каб не ставіць свет на край непрадказальнай па маштабах і наступствах катастрофы.

Пакуль што Пуціну хапае розуму збольшага маўчаць. Навошта гаварыць, калі «фігуру змоўчання» надзейна агучаць мацвіенкі, жырыноўскія, думцы, палітолагі невядома з якіх «няўрадавых» цэнтраў, так званыя «рускамоўныя» ды іншыя «верныя ленінцы», дый простыя падманутыя людзі, якім нагадалі пра «голас крыві»…

Навошта гаварыць, калі «фігуру змоўчання» надзейна агучаць прапагандысты з дзяржаўных СМІ «дэмакратычнай» Расіі – спрэс наўмыснае маніпуляванне фактамі ды й наўпрост фальсіфікацыі… Адзенне скінута, кароль голы.

Навошта гаварыць, калі «фігуру змоўчання» надзейна агучыць нехта з мясцовых г. зв. так званых лідараў з паводзінамі падсаднай качкі. Дакладней, таго разняшчаснага пацанчыка, які па падбурхтоўванні дарослых бандытаў у патрэбны момант пракрычыць: «Нашых б’юць!»

«…калі грамадзянін Ізраіля недзе трапляе ў бяду, альбо грамадзянін ЗША, там падключаецца ўся дзяржаўная машына ў абарону гэтага чалавека». Гэта зноў Мацвіенка. Засталося толькі зрабіць «нашых» грамадзянамі Расіі. Што не цяжка, нават новапрызначаны з дапамогай «калашнікавых» крымскі прэм’ер якраз яе грамадзянін.

…Учарашнія падзеі на Каўказе і сённяшнія вакол Крыма, ды ўвогуле Украіны, нават больш яскрава (для нас, ва ўсялякім выпадку), чымсьці колішнія падзеі ў Югаславіі, высветлілі адну з самых небяспечных традыцый ў суіснаванні народаў і дзяржаў – традыцыю легалізаванага забойства, якім з’яўляецца вайна. Традыцыю, ад якой, здавалася, назаўсёды адвярнулі крывавыя катастрофы ХХ стагоддзя.

Не адвярнулі. Больш за тое, яна працягваецца з новай жахлівай сілай і ў новым «цывілізаваным» выглядзе, намагаецца састроіць з сябе ўвасабленне высокай маралі. І самая цынічная частка гэтага падману – закліканне да «гістарычнай справядлівасці», што набывае цяжкія формы шавіністычнага псіхозу ды істэрыі.

Кожны раз, калі палітыкі енчаць пра «гістарычную справядлівасць», чакайце загаду на распачынанне новай вайны. І не шукайце справядлівасці – яе ў гісторыі наўпрост няма. Ёсць гістарычны досвед, каторы немагчыма засвоіць без гістарычнай праўды.

Гэты досвед і гэтая праўда наўпрост лямантуюць супраць адраджэння ў Расіі імперскага духу.

Нагадаю, дарэчы: матрос Кошка, самы знакаміты герой колішняй Крымскай вайны, быў украінцам.

Па крыві.

Мосцік над вечнасцю (зборнік)

Подняться наверх