Читать книгу Мосцік над вечнасцю (зборнік) - Сяргей Ваганаў - Страница 6

І. Па кім маўчыць звон
Чорны пакет

Оглавление

Нядзельнай раніцай я заўважыў на лесвічнай пляцоўцы ля суседскіх дзвярэй чорны, перавязаны крыж-накрыж пакет. Кінуў позірк ды пайшоў сабе далей. Праз колькі колькі гадзін вярнуўся – пакет быў на тым жа месцы…

Пад вечар я ціскануў суседскі званок. Дзверы расчыніліся.

«…Чулі? – суседка, былая доктарка, хуценька дашпільвала на хатнім халаце апошні гузік. – Расстралялі… Я б такіх на месцы расстрэльвала, без суда і следства. Нелюдзі…»

Увесь нядзельны вечар я слухаў тлумачэнні афіцыйных каментатараў і прапагандыстаў, чаму трэба было расстраляць Кавалёва і Канавалава. У пацвярджэнне іх слоў экран дыхаў полымем, дымам і пылам выбуху, стогнамі і крывёю параненых, нерухомасцю мёртвых… І ў падобны да гранаты мікрафон усе крычалі, праклінаючы расстраляных маладых людзей: «Нелюдзі!», «Так ім і трэба!»…

Раптам я адчуў, што жыву ў краіне, якая ператварылася ў Лобнае месца, вакол якога гайдаецца натоўп, усцешаны нібыта найвышэйшай справядлівасцю смяротнага пакарання… Але ці вынікае найвышэйшая справядлівасць з адчування бязмежнага Страху?

«Так ім і трэба…»

Але ці трэба нам? Не натоўпу – грамадству.

Грамадства – гэта не проста супольнасць людзей. Гэта супольнасць цывілізацыйных каштоўнасцяў. І найпершае сярод гэтых каштоўнасцяў – жыццё.

Можна сказаць «нелюдзі». Але нельга – «не людзі»…

Калі афіцыйныя каментатары і прапагандысты, даводзячы неабходнасць смяротнага пакарання, спасылаюцца на ЗША, яны хітруюць, бо ведаюць, што менавіта Еўропа, да цэнтра якой так любяць яны прылічваць Беларусь, здолела пасля вогнішчаў інквізіцыі, безлічы рэлігійных, грамадзянскіх, пасля двух сусветных войнаў здзейсніць цывілізацыйны, духоўны, а потым і заканадаўчы прарыў ад пакарання злачынцаў смерцю да пакарання… жыццём.

У Еўропе даўно зразумелі, што калі дзяржава ператвараецца ў забойцу, у ката, яна нішчыць свой духоўны падмурак, стымулюючы распаўсюд страху – ці не самай спрыяльнай глебы для злачыннасці. Між тым, і ў ЗША нарастае рух за адмену смяротнага пакарання, падмацаваны, дарэчы, найноўшымі дасягненнямі генетыкі. Менавіта дзякуючы даследаванням ДНК з’явіліся доказы невінаватасці шмат каго з тых, хто быў пакараны смерцю. Да таго ж, ЗША – дэмакратычная дзяржава, там незалежнае правасуддзе, да якога, як да дзяржаўнай інстытуцыі, існуе непахісны давер.

Да інстытуцый аўтарытарнай дзяржавы, а тым больш дыктатуры калгаснага кшталту, даверу няма. Няма каму верыць у такой дзяржаве – ні суду, ні тэлебачанню, ні прэзідэнту… Нават царкве, якая, калі не трэба, шмат што гаворыць, а калі трэба ўзняць голас, маўчыць…

«Каб непанадна было…» Што – непанадна?

Нават калі злачынства адбылося так, як гэта малюе ўлада, яна робіць усё, каб знішчыць слабыя праявы грамадзянскай нязгоды, сутыкнуць натоўп з грамадствам, высмактаць з гэтага сутыкнення дадатковыя магчымасці ціску на людзей дзеля свайго бясконцага ўладарання…

Такі вось адбываецца ў нашай краіне «тэракт», такая вось хаваецца «бомба» ў чорным пакеце страху…

…«Ваш? – паказаў я былой доктарцы на пакет ля дзвярэй. – Увесь дзень стаіць…» «А я думала ваш, – доктарка баязліва саступіла ў кватэру. – Можа, сапёраў выклікаць, ці МНС?.. Пачакайце, што вы робіце?»…

Я нахіліўся і рашуча развязаў пакет. Бліснула нейкае шкло, узняўся слупок пярхучага пылу… Смецце, звычайнае смецце. Толькі й ўсяго.

Мосцік над вечнасцю (зборнік)

Подняться наверх