Читать книгу Мосцік над вечнасцю (зборнік) - Сяргей Ваганаў - Страница 17
І. Па кім маўчыць звон
Забаронцы айчыны
Оглавление23 лютага ўжо зранку я пачаў атрымліваць віншаванні ад родных і проста знаёмых жанчын. На маю сціплую заўвагу, што з-за адсутнасці арлінага зроку ні ў савецкім, ні, тым больш, у беларускім войску ніколі не служыў, жанчыны адказвалі, што гэта не мае аніякага значэння. «Мужчынскі дзень», – гаварылі яны. «Ну, так, – жартаваў я ў адказ, – як у райцэнтраўскай лазні… Хутка будзе жаночы…»
Жарт успрымаўся з насцярогай, як быццам жартаваў я з чагосьці святога… «Мой дзед, – ледзь не пакрыўдзілася адна з віншавальніц, – чвэрць стагоддзя праслужыў у царскай арміі… А бацька – у польскай, загінуў ад немцаў… Нельга цурацца традыцый…»
Так, пагадзіўся я, нельга.
Але адна справа – традыцыі. Іншая – звычкі…
Савецкая ўлада знішчыла спрадвечныя традыцыі, а замест нарадзіла процьму святочных, кшталту дня 23 лютага, звычак. Але народная прага традыцый заўсёды была неўміручай. Менавіта неўміручасцю традыцый можна патлумачыць тое, што народ сам ператвараў звычкі ў традыцыі, надаючы ім зусім іншы, чалавечы сэнс, не надта паглыбляючыся ў вір гістарычных падзей, у блытаніну ўрачыстых дат…
Лукашэнка ўчапіўся ў гэтую блытаніну, бо менавіта з яе нарадзіўся і на ёй трымаецца рэжым ягонай асабістай улады.
Вынікам стаў самы, мусібыць, вялікі, вар’яцкі парадокс сучаснай беларускай гісторыі: вайна дзяржавы супраць Айчыны…
Ці не абвесткай гэтай вайны з’явіўся сумнавядомы травеньскі рэферэндум 1995 года?! Вайны супраць такіх спрадвечных духоўных каштоўнасцяў, як родная мова, нацыянальныя сімвалы і святыні. Вайны супраць таго, з чаго складаецца пачуццё Айчыны…
Айчына, безумоўна, шырэйшае за дзяржаву, можа, нават зусім іншае паняцце. Калі дзяржава – палітычнае ўтварэнне, краіна – геаграфічнае, то Айчына альбо Бацькаўшчына – ад Айца… Ад продкаў, дзядоў, прадзедаў і бацькоў…
Спекулюючы на гістарычнай недасведчанасці насельніцтва, застрашваючы яго міфічнымі пагрозамі з боку нейкіх незразумелых «бэнээфаўцаў», дзяржава ў асобе Лукашэнкі доўгі час намагалася начапіць на сябе твар Айчыны. Але нічога, апроч скажонай саўковай хлуснёй маскі, не атрымалася. Нават Бацькам ужо амаль ніхто яго не называе. Нездарма, віншуючы 23 лютага сваіх генералаў з новымі пагонамі, Лукашэнка абвясціў, што «дзяржава заўсёды будзе падтрымліваць сваіх абаронцаў». Заўважце, абаронцаў дзяржавы, а не Айчыны…
Насамрэч – забаронцаў Айчыны.
Дзе, у якой яшчэ краіне «абаронцы Айчыны» сілкуюцца іншаземнымі грашыма?
Дзе, у якой яшчэ краіне «абаронцы Айчыны» – ці то кіраўнік дзяржавы, ці то вайскоўцы з міліцыянтамі, ці то суддзі з пракурорамі, ды іншыя памагатыя – пад рознымі хлуслівымі зачэпкамі цягнуць за краты тых, хто шануе нацыянальныя герб і сцяг?
Суд над Сяргеем Каваленкам, які ўзняў бел-чырвона-белы сцяг над плошчай у Віцебску, безумоўна, працяг бясконцай ганебнай вайны дзяржавы супраць Айчыны.
Але ні забараніць, ні перамагчы Айчыну немагчыма. Нават калі яна застанецца жыць у знясіленым целе апошняга яе абаронцы.
…На гэтай трохі пафаснай ноце я, магчыма, паставіў бы кропку, каб не гісторыя з касманаўтам Кавалёнкам, амаль цёзкам Сяргея па прозвішчы і, мабыць, радні па кавальскаму радаводу. Колькі бруду вылілі на яго заўзятыя, так бы мовіць, патрыёты толькі за тое, што ён адцураўся ад бел-чырвона-белага сцяга, маўляў, сцяга калабарантаў часоў нямецкай акупацыі…
Па-лукашэнкаўскі абразліва ганіць савецкага беларуса, чыё дзяцінства, дарэчы, прайшло праз тую жахлівую акупацыю – не лепшы спосаб пераканаць яго, далучыць да сапраўднай гістарычнай спадчыны. Тым больш, што ён сам ужо – частка гэтай спадчыны.
Я добра памятаю сонечную раніцу ў вёсцы Белай пад Крупкамі, святочна-насцярожаны натоўп аднавяскоўцаў Кавалёнка і сакратара райкама, які, надрываючыся, цягнуў у беднаватую матчыну хату тэлевізар… Памыляюцца тыя, хто думае, што гэта быў усплёск так званага савецкага патрыятызму. Усе, партыйны сакратар таксама, адчулі гонар за беларуса і Беларусь…
Ёсць нешта глыбока агульнае паміж подзвігам Кавалёнка і патрыятычным учынкам Каваленкі – абодва, самаахвярна рызыкуючы, ўзнялі Айчыну да нябёс.
Астатняе – непаразуменне, якое, упэўнены, скончыцца, як толькі скончыцца гэтая, распачатая дзяржавай, вайна.