Читать книгу Мосцік над вечнасцю (зборнік) - Сяргей Ваганаў - Страница 19
І. Па кім маўчыць звон
Камяні спатыкнення
Оглавление«…Што, немцы і сваіх габрэяў забівалі?!»
Ягонае ўзрушэнне было такім моцным, што ён абышоў камяні з усіх бакоў, убачыў сляды старанна зацёртай свастыкі…
Тады, пяць гадоў таму я сустрэў яго ля «Трох камянёў», што ў розныя часы былі пастаўлены ў памяць аб тысячах габрэях з Гамбургу, Дзюсельдорфу і Брэмена, якія загінулі ў Мінскім гета і Трасцянцы. Сюды ён патрапіў выпадкова – прыехаў са Стоўбцаў наведаць сябра ў лякарні непадалёк.
Я спытаў яго, колькі яму гадоў і ў якой сферы працуе. Гадоў яму аказалася за сорак, працуе інжынерам у камунальнай гаспадарцы.
Я не ведаю, чаму я спытаўся ў яго пра гэта. Мабыць, таму, што сам быў узрушаны: мне здавалася, што няма на Зямлі чалавека, які нічога не ведае пра Халакост…
Мікалай зашпіліў пінжак, схіліў у задумёнасці галаву з рэдкімі русымі валасамі, потым шырока перахрысціўся і павольна накіраваўся у бок Сухой.
Я вярнуўся поглядам да камянёў. Не, не да тых трох ад немцаў, а да іншых, хаатычна параскіданых проста ля іх падножжаў.
Гэта былі мацэйвы – помнікі з габрэйскіх могілак на Сухой, што знішчаны яшчэ ў 70–90-х гадах мінулага стагоддзя. Але камяні-помнікі працягвалі выкараскавацца з зямлі. Тады, пяць гадоў таму, калі пракладвалі цеплацэнтраль уздоўж Перакопскай, не менш за два дзясяткі сцягнулі і кінулі ля «Трох камянёў».
Я ўзгадаў дзеда Саламона.
Я ўявіў, як хавалі яго ў 1914 годзе, калі ён, рабочы разніцы, памёр ад сухотаў, а майму бацьку, наймалодшаму з ягоных чатырох дзяцей, не было і двух месяцаў.
Яго везлі, мабыць, сюды, на Сухую, па Габрэйскай вуліцы, пазней чамусьці названай Калектарнай. Вось тут была брама, побач майстэрня могілкавых каменячосаў…
Я, вядома, не спадзяваўся, што знайду мацэйву з ягоным імем. Але дух ягоны пэўна лунаў над гэтым месцам, прымушаў сціскацца сэрца…
Здалёк, мусіць, мы выглядалі дзіўнавата – Леў Слобін, вядомы кінадакументаліст, Сямён Ліакумовіч, адзіны мо ў Мінску знаўца ідышу, і я. Нехта праходзіў міма, нехта спыняўся, назіраючы, як немаладыя людзі нахіляюцца над нейкімі камянямі… «…Карп, дакладна, гэта прозвішча Карп… А вось Ціне Файленбоген…» – Сямён Львовіч прашараваў шматком сухой травы імя памерлай у 1920 годзе жыхаркі Мінска, што па волі лёсу і экскаватара аказалася ў месцы, дзе выгульваюць сабак… «А вось па-руску, «Бася Уфляндъ, 26 января 1907”…»
Побач прыпынілася маладая сям’я – тата, мама ды хлопчык гадоў дзесяці. Раптам тата – густыя валасы з сівізной, нагавіцы ў стрэлку, кашуля пад гальштукам, без пінжака – усклікнуў: «Глядзі, які добры будаўнічы матэрыял!» – «Гэта ж помнікі, тата!»…
Потым мы са Слобіным, усё жыццё якога пасля вайны прайшло ў гэтых вуліцах і дварах, вуліцах і дварах колішняга гета, дзе згінула без вестак ягоная сястрычка Таня, спусціліся да Перакопскай, зараз Ерусалімскай. Мы ішлі, спатыкаючыся аб рэшткі мацэйваў, углядаючыся ў напакаваныя смеццем правалы склепаў, дзе хаваліся пакутнікі гета…
Мы прайшлі ў пачатак вуліцы, міма гародзіка са счаўрэлым, запыленым бульбоўнікам, што нейкім цудам доўжыў жыццё на месцы знесеных прыватных сядзібаў. Вялізны бетонны куб схаваўся ў зарасніку пустазелля, вакол валяліся пустыя бутэлькі, пачкі з-пад цыгарэт, абгорткі цукерак… На кубе было пазначана, што вуліца названая «…у гонар святкавання 3000-годдзя Ерусаліма»…
«…можно с уверенностью говорить о привлекательности Беларуси для туристов с еврейскими корнями из Беларуси, которым есть что предложить, будь то духовные, материальные или просто человеческие ценности, связанные с еврейским наследием в Беларуси…»
Гэта з рэкламнага тэксту «Белінтурыста».
У спісе турыстычных аб’ектаў – могілкі на Сухой.
Могілкі, якіх няма.
…Прайшло пяць гадоў. Да «Трох камянёў» дадаліся яшчэ чатыры – ад жыхароў Кёльна ды Бона, Берліна, Франкфурта-на-Майне і Аўстрыі. Але мінскія мацэйвы як ляжалі, так і ляжаць покатам, зарастаючы быллём няспыннага часу.
…Калі мы, хто завецца беларускім народам, не спатыкнёмся аб хрысціянскія, яўрэйскія, мусульманскія, пратэстанцкія, уніяцкія камяні, не апрытомнеем у граху не толькі перад продкамі, але і як браты перад братамі, то невядома колькі яшчэ пражывём у дзікунстве. Мо калі гэтую духоўную гістарычную працу не зробяць за нас (не, замест нас!) нашчадкі.
Магчыма, той самы хлопчык, што ўсклікнуў: «Гэта ж помнікі!»
Таму што камяні ўсё роўна выкараскаюцца з зямлі.