Читать книгу Мосцік над вечнасцю (зборнік) - Сяргей Ваганаў - Страница 22

І. Па кім маўчыць звон
Людзі і рэчы

Оглавление

Ледзь не кожны дзень у пад’езде дома, дзе жыву, па падлозе, па лесвіцы, ля паштовых скрыняў раскідваецца процьма паперак з прапановамі разнастайных паслуг і лёгкіх заробкаў.

З’ява не новая. Пакуль улада дурыла людзям галовы так званым «рыначным сацыялізмам», прымітыўны капіталізм шукаў і знаходзіў любую шчыліну, каб выцягнуць з людзей апошнія грошы. Апошнія, бо самаробная рэклама разлічана найперш на пенсіянераў, а іх у нашым доме больш за палову. Не ведаю, ці купляўся хто на яе, апытанне не праводзіў. Але вось сам ледзь не купіўся, калі нядаўна падняў з падлогі паперку, з якой кінулася ў вочы: «КУПЛЮ ДОРАГА».

А што, падумаў я, чаму ж не прадаць «старыя савецкія значкі… граматы… графіны і талеркі… фарфоравыя фігуркі і статуэткі СССР… падшкляннікі… падсвечнікі… партсігары…»?

Грошай да пенсіі амаль не засталося, а тых самых значкоў… Мо ўпершыню я пашкадаваў, што няма і ніколі не было ў нашай сям’і бюстаў Леніна і Сталіна, бо нехта таксама купіў бы іх ДОРАГА… А танна я і не прадаў бы…

Але ж колькі каштуе СССР?

Я адчыніў шуфлядку пісьмовага стала і дастаў стары бацькавы партсігар. Цікава, колькі дасць пакупнік за кавалак дзюралюмінію? Што праўда, не зусім кавалак, бо на фотаздымку пад зжаўцелым цьмяным плексігласам – мама і я. Мне тры гады, я моцна абхапіў маму за шыю. І вось зараз яна таксама быццам пытаецца ў мяне: «Ну, і якую ж ты пазначыш цану?»

Я не ведаю, што адказаць. Бо, вядома, трэба спачатку добра і дакладна ўсё падлічыць: і колькі мама зэканоміла грошай, калі, цяжарная мной, цягнулася з Мінска ў чэрвені 41-га пешшу да Магілёва; і колькі каштавала ёй зрабіць партсігар на казанскім заводзе, дзе вырабляліся самалёты; і ў якія выдаткі абышлася адпраўка партсігара ад майго імя бацьку на фронт… Няблага было б з агульных выдаткаў на палявую пошту вылічыць кошт ліста, у якім бацька напісаў мне ў падзяку за падарунак невялічкі вершык: «Есть у папы портсигар. В нем махорочный товар. Смотрят с крышки прямо Сережа и мама»… І ўвогуле, без падліку таго, колькі грошай каштаваў шматмесячны пошук бацькоў адзін аднаго, сённяшнюю цану партсігара вызначыць наўпрост немагчыма. Паспрабуйце з гэтага агульнага кошту вылічыць эканомію на тытунь, бо бацька пасля вайны не курыў. Зрэшты, паспрабаваць можна. Але наўрад ці хопіць таго, што засталося, жыцця…

Затое я дакладна ведаю, колькі каштуе сёння раяль – 1 мільярд рублёў, альбо 100 тысячаў даляраў.

Менавіта за такія грошы збіраецца купляць раяль Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пра што са спасылкай на сайт дзяржзакупак паведамляе ўсюдыісны інтэрнэт. І як вы думаеце, дзе ўсталюецца гэты музычны цуд? Правільна, у Мінску ўжо з’явіўся палац з мармуру, бронзы і пазалоты, да якога гэткі раяль якраз пасуе…

Што ж да майго сціплага, пашкрабанага падчас вандровак з кватэры на кватэру, раяля, дык шкада, канечне, што пакупнік савецкіх значкоў і партсігараў на яго не спакушаецца. А то старгаваліся б. І тых 100 тысячаў даляраў хапіла б на ўсё жыццё, што засталося, каб падлічыць кошт партсігара з дзюралю.

Шкада не шкада, але з гэтым раялем трэба нешта рабіць, бо ён са сваіх ста з нечым гадоў паўстагоддзя маўчыць. Так, калі-нікалі вывергне з сябе нешта хрыплаватае…

Аднойчы, праўда, ужо быў пакупнік, і цану прапанаваў неблагую. Не 100 тысяч даляраў, але ж…

Але ў апошні момант нешта зварухнулася, і я вырашыў, што цана ўсё ж не тая. Не тое, каб малая, але не суадносная. Бо суадносная павінна складацца з кошту матчынай маёмасці, якая дашчэнту згарэла разам з домам падчас першай бамбёжкі, і замест якой быў атрыманы пасля вяртання ў 1944 годзе ў Мінск пашкоджаны кабінетны раяль. Але хто ведае той кошт? Нават тады ніхто не ведаў. Прывялі ў нейкі пакгаўз, куды звальваліся розныя рэчы, што засталіся ад немцаў, выбірайце… Магла, вядома, выбраць і нешта менш грувасткае, напрыклад, нейкую карціну ці сабе паліто. А выйшла так, што ў паўразваленай кватэры, куды збіраліся ацалелыя сваякі, раяль уладкаваўся ці не на ўвесь пакойчык. І як добра было мне пад ім жыць!..

А, кіну настальгічныя дзіцячыя ўспаміны. Тут іншы клопат: як адлічыць ад 100 тысячаў даляраў грошы, што былі змарнаваны на выхаванне з мяне «Рахманіна», як пра тое марыла баба Гіта? Маці, вядома, у сваіх марах такіх вышынь не дасягала. Але небеспадстаўна лічыла, што даражэй за музыку ў мірным жыцці нічога няма і не будзе…

Пакуль цягнуўся гэты ўяўны гандаль з пакупніком СССР, я ўсё думаў, думаў і надумаў: не людзі валодаюць рэчамі, як тое ім падаецца, а рэчы ўладараць над людзьмі.

Думка, вядома, не новая, але кожны разумее яе па-свойму.

Вось як разумела яе баба Гіта: калі разам з дачкой і ўнучкамі сыходзіла з мінскага пекла, таксама пешшу – нічога не ўзяла з сабой, акрамя касцюма малодшага сына. Старэйшага забіў у 1938-м Сталін. А тут вось малодшы наважыўся змагацца з Гітлерам – хто каго…

Які цудоўны быў касцюм з шэрага бастону, адзіны ў бацькі, калі ён вярнуўся з вайны. Жывы. Нават не паранены.

Толькі вось баба Гіта пачала размаўляць сама з сабой. Усё размаўляла, размаўляла, а я нічога не разумеў…

Ну, а пілотка, гімнасцёрка і кабура дасталіся мне. І я доўга яшчэ хадзіў на вайну з Гітлерам. З-пад раяля…

Пакупнік СССР, дарэчы, купляе і гімнасцёркі… Дорага.

Мо хто і прадасць.

Мосцік над вечнасцю (зборнік)

Подняться наверх