Читать книгу Мосцік над вечнасцю (зборнік) - Сяргей Ваганаў - Страница 25
І. Па кім маўчыць звон
Нешта па-беларуску, альбо Цвік у корані
ОглавлениеНехта Kus, каментуючы на сайце «Нашай Нівы» мае перадапошнія нататкі пра мову, «уkusіў»: «…ледзь не большую частку жыцця тварылі па-расейску і толькі часам нешта па-беларуску»…
І зноў Амерыка, 25 жніўня 1991 года, з Нью-Ёрка рухаемся ў Балтымор. У дэлегацыі журналістаў маскоўцы з газеты «Труд», украінцы з розных выданняў. З Беларусі я адзін. Раптам аднекуль з’яўляецца дзіўнаватая слухаўка. «Спадарожнікавы, – ганарліва паведамляе Гліб, – можна паразмаўляць з любой кропкай планеты»…
Гліб – палкоўнік ЦРУ, прафесар геаграфіі. Падрабляе тым, што падстрыгае траву, бо вельмі любіць гэты занятак. Пра ЦРУ і траву мы даведаемся пазней. А пакуль што ведаем, што каранямі ён з Валыні, перакладае нам з ангельскай мовы на рускую і ўкраінскую і чамусьці, захлынаючыся жалем, спявае пра «сотню юных бойцов»…
Тэлефон нарэшце трапляе да мяне, Рэпін смяецца: «Ну, давай, тэлефануй жонцы…» Але я тэлефаную Бураўкіну, на той час прадстаўніку Беларусі ў ААН. Генадзь Мікалаевіч здзіўляецца, моўчкі слухае, як весела мы рухаемся ў Балтымор, і раптам пытаецца: «Ды ты ці ведаеш навіну?!»
Праз хвіліну я крычу: «Ціха! Ціха! Беларусь абвясціла незалежнасць!..»
І сапраўды стала ціха. «Ну, вось, – са скрухай вымавіў Рэпін, – і магілы бацькоў без візы не наведаеш…» – «Ды слухай ты яго! – усхапіўся Варламаў. – Незалежнасць… У іх нават мовы сваёй няма…» – «Як гэта – няма?», – я ўстаў і накіраваўся да Варламава. «А так, дрэнная руская… Трапкай па бруху…» – «Супакойцеся, – Рэпін падняўся з месца і стаў паміж намі, – не хапала яшчэ за мяжой пабіцца… А мова, Юра, у беларусаў ёсць, свая мова…»
Варламаў нешта прамармытаў, а я прыгадаў мінулую восень, сухі, да пярхоцця ў горле, сонечны дзень, разварушаны танкамі палігон, пасохлую траву на выпасе і пыльны прасёлак у гару, да могілак. Узабраўшыся, мы – Рэпін, ягоны брат Барыс і я, – рассцілаем ля магілы, дзе пахаваныя іх мама і тата, посцілку, разбіраем валізку з няхітрай ежай – яечкі, памідоры, цыбуліны, нешта яшчэ, сядаем на сагрэтую вераснёўскім сонейкам зямлю і пускаем па коле гранёную шклянку на памін і супакой душаў іх бацькоў… І так штогод.
Унізе патанае ў садах Мар’іна Горка, дзе прайшло пасляваеннае дзяцінства братоў Рэпіных, дзе стаіць яшчэ тая хата, куды з Мінска перабраўся з жонкай Барыс, і родзяць дрэвы, што насадзілі бацькі… Мар’іна Горка, станцыя, калматыя вароніны гнёзды на старых бярозах, пах чыгункі, гудкі паравозаў і дарога – у Маскву, вучыцца міжнароднай журналістыцы… А потым – у Каір. А потым – у Вашынгтон, на доўгія шэсць гадоў… І той нялётны дзень, калі памерла матуля, і ён не паспеў…
Дзень, з якога пачалося наша сяброўства.
…Бойкі за мяжой, дзякуй Богу, не адбылося. А недзе ў кастрычніку прагучаў тэлефонны званок, і я пачуў сіплаваты голас Варламава: «Ты знаешь, что у Репина юбилей? Мы тут газету ему делаем, напиши поздравление другу». – «Конечно, напишу. Только на белорусском». – «На каком хочешь…»
Праз некалькі дзён я пачуў: «Что ты тут навалял?! Ничего понять невозможно…» – «Репин поймет…»
У мяне няма звычкі друкаваць свае вершы, тым больш прыватныя вершы-віншаванні. Але зараз паспрабую. Ён мне самому падабаецца, той верш. І назва падабаецца – «Карані».
«Якая восень! Чырванее лес. Прыціх на варце вартаўнікядловец. Такі неперакладны ціхі змест ва ўсім. Такая, Толя, споведзь. Чаму ж, скажы, той стрыт, як ні мані, так вабіць нас? Але ж на сэрцы горка. Мо быццам нейкі цвік у корані, што ёсць і быў спрадвек – Мар’іна Горка… Калі пачуцці прагнуць цішыні, той, што святлом крынічным льецца з небасхілу, не авеню нас цягнуць – карані. Той родны кут, які табе так мілы…»
Рэпін адгукнуўся сваім вершам на беларускай мове. Там рыфмавалася «Русь – Беларусь»…
Ён быў цалкам савецкі чалавек, жыў не ў Вялікім княстве Літоўскім, не ў Расійскай імперыі, а ў Савецкім Саюзе, і вельмі балюча ўспрыняў распад дзяржавы, у якой нарадзіўся. Імаверна яшчэ таму, што адчуваў пагрозу быць назаўжды адарваным ад Бацькаўшчыны, нават пахаваным недзе далёка. «Табе добра, – казаў ці то жартам, ці то ўсур’ёз, – пахаваюць побач з бацькамі. А што мне рабіць?»
Мы не раз спрачаліся з ім наконт тагачасных падзей, якія можна ўжо лічыць гістарычнымі. Але ж ён ніколі не выказваў пагардлівыя адносіны да Беларусі і яе мовы. Дарэчы, ведаў ён мноства моў, ці не восем.
…Памёр Рэпін на пачатку 2000-х, у красавіку. Ад інсульту, хваробы, якой сцярогся больш за іншыя, бо вельмі страшыўся згубіць памяць. Амаль суткі па ягоным перадсмяротным пажаданні везлі аўтобусам з Масквы ў Мар’іну Горку труну з простых дошак. Да бацькоў, у родны кут.
Разам з труной прыехаў і Варламаў. Калі хавалі, трымаўся наводдаль, а па дарозе да хаты, дзе ўжо накрыты быў памінальны стол, наблізіўся да мяне.
«Ты, Сяргей… вось што… прабач мне…»
Я запытальна паглядзеў яму ў вочы.
«Ну, за тое… у Амерыцы…»