Читать книгу Мосцік над вечнасцю (зборнік) - Сяргей Ваганаў - Страница 13

І. Па кім маўчыць звон
Чорны колер, чырвоны аловак

Оглавление

Познім вечарам у мінулую сераду праглядзеў на «Белсаце» «Размову са Святланай Калінкінай» з уласным удзелам.

Настрой быў зусім дрэнны – удзень на «нейтральнай» Беларусі быў пастаўлены чарговы (ці не апошні?) крыж. Мо таму, а, мо, як яно часцяком здараецца «пасля бойкі», застаўся вельмі незадаволены: тое не сказаў, тое недасказаў, тое сказаў не так, а нешта і ўвогуле сказаў не тое…

Што праўда, тэма была даволі складаная – інфармацыйныя войны. На пытанне, ці ёсць пераможцы ў сённяшняй інфармацыйнай вайне паміж Расіяй і Украінай, я адказаў, што пераможцаў няма, спрэс ахвяры. І памыліўся. Ну, вось, да прыкладу – ці можна лічыць ахвярамі журналістаў партала Lеntа. ru, якія не пажадалі ўдзельнічаць у інфармацыйнай вайне з Украінай, далі слова «фашысту» і салідарна са сваёй звольненай галоўнай рэдактаркай сышлі, так бы мовіць, з поля бою?

А вось іншае пытанне: ці можна лічыць пераможцамі тых дзеячаў расійскай культуры, што «цвёрда» заявілі «аб падтрымцы пазіцыі Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі па Украіне і Крыму»?

Ці перамога гэта – паставіць сваё, паважанае нават ў свеце, імя побач з папсовымі зоркамі, чые «думкі» – што «скакуны»?

Карэн Шахназараў, адзін са знакамітых падпісантаў, сцвярджае, што не ведаў, хто яшчэ падпісаўся, увогуле яго гэта мала цікавіла, бо тэкст, які яму прачыталі па тэлефоне, цалкам адпавядаў ягонай уласнай пазіцыі.

Нічога сабе «уласная пазіцыя», якую фармулююць чыноўнікі з Міністэрства культуры!

Не, ніякай «уласнай пазіцыі» у тым тэксце няма.

З насамрэч уласнай пазіцыяй, калі яна не мяжуе з ксенафобіяй, шавінізмам, расізмам і заклікам да вайны, можна заставацца нязгодным, але паставіцца да яе з павагай. Як, напрыклад, да «імперскай» пазіцыі Іосіфа Бродскага ў вершы «На независимость Украины», што быў напісаны на пачатку 90-х, і праз які шмат хто «адракаецца» ад некалі любімага паэта. Але «імперская» крыўда, «імперскі» боль паэта – гэта не «боль» імперскага палітыка.

«…Вашего хлеба, неба, нам, подавись мы жмыхом и колобом, не треба…»

Пуціну – трэба…

Гэтую «пазіцыю Прэзідэнта» падтрымліваюць «дзеячы культуры Расіі»? Пазіцыю, якая да іх жадання, «каб супольнасць нашых народаў і нашых культур мела трывалую будучыню», не стасуецца ні з якога боку?

Нічога сабе «супольнасць» – праз прыніжэнне нацыянальнай годнасці, раз’юшаную прапаганду і неахайна прыхаванае злачынства, то бок анексію чужой тэрыторыі…

Уся гэтая «падтрымка Прэзідэнта» з’явілася пасля запісу згаданай «Размовы…». Але як прадчувалася – пытанне пра расійскую інтэлігенцыю ўзнікла зусім натуральна. У тым сэнсе, што, у адрозненне ад недасведчанага электарату, ачмурыць яе лепшых прадстаўнікоў Вялікай Хлуснёй амаль немагчыма…

Так, немагчыма.

Што, Алег Табакоў не здольны адрозніць прапагандысцкую лухту, якая памыямі ліецца з дзяржаўных тэлеканалаў, ад таго, што адбываецца насамрэч?

Што, Уладзімер Співакоў так аглух, што ўжо не чуе фальшывасці пуцінскага, так бы мовіць, аркестра?!

Што, Павел Лунгін, які фільмам «Цар» вынес ці не самы суворы прысуд апрычніне і яе венцаносным завадатарам, не бачыць, як штодня адраджаецца сталіншчына?!

Між тым, што праўда – лепшыя прадстаўнікі, эліта, краса нацыі…

Якое ж, па словах Аляксандра Сакурава, найшло на іх «страшэннае зацьменне»?

Здагадак, тлумачэнняў шмат – ад «імперскага мыслення» да страху згубіць дзяржаўнае фінансаванне сваіх тэатраў, аркестраў, музеяў… Заўважана, што амаль кожны з падпісантаў – той ці іншы начальнік…

Але зацьменне таму і зацьменне, што не падлягае спектраграфічнаму аналізу. Яно цалкам чорнае. І гэты колер мае генетычнае паходжанне – ад часоў, калі адных дзеячаў культуры ставілі да сценкі, а іншыя пляскалі ў далоні…

Вось такая «ўласная пазіцыя», якая нават і зместам і формай нагадвае пратаколы допытаў, пад якімі следчыя НКУС вымагалі калісь подпісы Ліхачова і Мейерхольда…

Сёння, дзякуй Богу, за адмову ставіць подпіс у падтрымку ўлады не расстрэльваюць, а за подпісы даюць грошы і вешаюць ордэны. Але кары, сапраўднай кары, усё адно не пазбегнуць.

Свой першы журналісцкі досвед я набываў з нататкі пра сельскага настаўніка. Памятаю, як трымцеў, калі на дрыжачых нагах нёс яе да першага намесніка галоўнага рэдактара першай у маім жыцці газеты. Праз некалькі хвілін нататка вярнулася да мяне з разадранай чырвоным алоўкам старонкай. Я не ведаў яшчэ, што слова «інтэлігент» было ў таго газетнага ваўкадава пад забаронай.

Што ж, гісторыя пацвердзіла рацыю чырвонага алоўка, які раздзірае яе старонкі і выкрэслівае з рускай мовы слова «інтэлігент».

P. S. Пакуль я з адчаем намагаўся зразумець учынак адных дзеячаў культуры, з’явіліся іншыя, не менш знакамітыя. І звярнуліся з заклікам правесці Кангрэс інтэлігенцыі «Супраць вайны, супраць самаізаляцыі Расіі, супраць рэстаўрацыі таталітарызму».

Нарэшце.

Мосцік над вечнасцю (зборнік)

Подняться наверх