Читать книгу Мосцік над вечнасцю (зборнік) - Сяргей Ваганаў - Страница 5
І. Па кім маўчыць звон
Апошні салют
ОглавлениеПішу 8-га траўня, заўтра будзе салют.
Ужо і не памятаю, у якім годзе тое было. Здаецца, у 1992-м, калі міністрам абароны быў прызначаны Павел Казлоўскі. Тады ўпершыню і толькі аднойчы за ўсе мінулыя дваццаць два гады 9 траўня а 22.00 мясцовага часу па загадзе міністра абароны ў Мінску павінен быў узляцець у нябёсы «святочны феерверк», што ў перакладзе з нямецкай мовы азначае «дэкаратыўныя каляровыя агні».
Што праўда, сапраўдных феерверкаў, гэтых цудаў піратэхнікі, мінскае неба да таго часу не бачыла. Куды больш звыклымі былі традыцыйныя салюты «…цаццю артылерыйскімі залпамі». То бок дзея класічна строгая, якая мусіць сімвалізаваць дзяржаўную сутнасць свята. Вясёлая легкадумнасць феерверкаў, калі душа, што прагне святочнай забавы, атрымлівае магчымасць пракаціцца па небу на агнявой калясніцы, заўжды была далёкай ад ідэолагаў дзяржаўнай велічы. І, канечне, было нешта нечаканае ў рашэнні тагачаснага міністра абароны адмовіцца ад звыклай мілітарысцкай традыцыі, адсвяткаваць Дзень Перамогі не артылерыйскімі залпамі, а «дэкаратыўнымі каляровымі агнямі».
Ні таго, ні іншага ў Мінску тады не адбылося. Калі не лічыць некалькіх «букетаў», што бязгучна распусціліся і адразу завялі над аддаленымі мікрараёнамі. Увесь дзень пасля афіцыйнага ўскладання вянкоў у горадзе панавалі нудота і пустэча. Між тым у цэнтры горада, на плошчы Перамогі і вуліцах паблізу, на мосце праз Свіслач, у цёмных водах якой зіхацелі рэдкія начныя агні, сабраліся ў чаканні святочнага феерверку дзясяткі тысяч людзей.
Я слухаў размовы ў натоўпе. Нехта палічыў, што вайскоўцам не хапіла пораху, што салюты і феерверкі – справа дарагая, а мы жабракі, у бюджэце спрэс дзіркі. Нехта з горыччу заўважыў, што войска развалілася і дрэнна выконвае загады.
«Прычым тут войска? – запярэчылі яму. – Гэта ўлады памыліліся, думалі, што народ па хатах сядзець будзе, піць горкую. Ды і як зараз дадому дабірацца? У транспарт не ўлезці, а таксоўка – самі ведаеце…» – «Ды не, – адгукнуўся малады чалавек у акулярах і белай, не па начной прахалодзе, кашулі, – яны проста страшацца, калі збіраемся больш за трох…» Недалёка моўчкі прыхінуўся да дрэва вясковага выгляду стары на кавяле і з трыма медалямі на прымятым пінжаку. «Усё, бацька, – махнуў рукой той, што ў акулярах, – здымай узнагароды, скончылася свята…»
Я не ведаў тады, скончылася яно 9-га ці скончылася назаўсёды. І ці не было прадвесцем гэтага канца нейкае падабенства глухога салюту над гарадскімі ўскраінамі?
Напярэдадні маскоўскае тэлебачанне паказала тоўстага чалавека ў падцяжках, «незалежнага маскоўскага журналіста». Седзячы ля каміна, ён з гэткай любай у народзе грубаватай праставатасцю выказаў між іншым думку, што Дзень Перамогі святочным быць не павінен. Падцяжкі на жываце «незалежнага маскоўскага журналіста» і ўтульны камін у кадры рабілі даволі няпростую для масавага ўспрымання думку хатняй, даходлівай: разам з таталітарным рэжымам мусіць быць разбураны і гэты пераможна-святочны Карфаген. Хопіць, маўляў, прыніжаць адоленага ворага…
Насамрэч – якое на крыві свята?!
Але хіба не дзіўна, што «вораг» сам лічыць гэты дзень ці не галоўным у сваёй трагічнай гісторыі?
Колькі разоў мы чулі ад суграмадзян традыцыйна-савецкае здзіўленне: немцы вайну прайгралі, а як жывуць! Хто ж перамог?.. Парадокс!
Але ніякага парадоксу няма. Немцы, перажыўшы ў той вайне перамогу над сабой, перамаглі вайну ў сябе. А мы ўсё ваюем, цешымся перамогай над імі, бразгаем зброяй…
Мо таму так і жывём?
Мо таму так і жывём, што не зважаем на тое, як спекулюе на перамозе ўлада, якая толькі тым і займаецца, што завіхаецца ў пошуку знешніх і ўнутраных ворагаў. Вось і ўзнікае пытанне: хто вораг?..
Ды як бы там ні было – перамога ёсць перамога, і колькі б ні казалася пра яе ганарліва-пафасных альбо абвяргальна-злавесных слоў, непарушнай, упэўнены, застанецца яе сутнасць: перамога над нацызмам была і застаецца прадвесніцай перамогі над уласным таталітарызмам.
Над вайной.
Час пасцірае з твару Перамогі фальшывыя рысы, усе грымасы прапагандысцкай крывадушнасці – і ўрэшце яна паўстане калі не перад намі, дык перад дзецьмі нашымі і ўнукамі ў чыстым выглядзе перамогі людскага над звярыным.
Перамогі народа. Перамогі таго салдата, якога «закапалі ў шар зямны». І таго, з кавенькай, які ў чаканні салюту ціха прыхінуўся да дрэва, і на грудзях ягоных – медаль за горад Будапешт…
Салют!