Читать книгу Мосцік над вечнасцю (зборнік) - Сяргей Ваганаў - Страница 15

І. Па кім маўчыць звон
Дзіцячыя гульні дарослых

Оглавление

Даўно цягне выказацца пра так званыя ваенна-гістарычныя рэканструкцыі.

Лічыцца, што яны паглыбляюць гістарычныя веды, стымулююць цікавасць да гісторыі і выхоўваюць патрыятызм.

Так, мусіць, паглыбляюць, стымулююць ды выхоўваюць. Але вось жа нешта стрымлівае ад захаплення, калі чытаеш, як сёлета святкуецца 600-годдзе Грунвальдскай бітвы, якая адбылася ў 1410-м, ці як «парламентарии машут белыми платками…» падчас рэканструкцыі падзей 1-й сусветнай вайны пад Смаргонню.

Усё гэта, зразумела, дробязі, памылкі ў датах ці ў словах лёгка папраўляюцца. Тое, дарэчы, і зрабіла на сваім сайце газета «Вечерний Гродно», памяняла «парламентариев» на «парламентеров». Што праўда, «белые платки» засталіся…

Але ж я – пра іншае.

Пра тое, як «…За полчаса зрители прожили четыре года: увидели наступление войск, закрепление линии обороны, газовую атаку, момент братания и окончание войны…» Дарослыя пры тым «плакали», а «дети просили больше не стрелять»… То бок так было ўсё праўдзіва.

Чаму ж не пакідае адчуванне нейкай фальшывасці? І ад гульні ў Грунвальд, што адбываецца ў Дудутках, і ад ігрышч на «Лініі Сталіна», і ад згаданай страляніны пад Смаргонню…

Я доўга не знаходзіў адказу на гэтае пытанне, пакуль у чарговых жахлівых «карцінках» з Данбасу не ўбачыў двух хлопчыкаў, гадоў, мо, дзевяць-дзесяць, з драўлянымі «калашамі»…

Я не ведаю, хто з іх быў «бандэраўцам», а хто «апалчэнцам». Адзін хутка прамільгнуў, мусіць, недзе па-за кадрам абраў зручную пазіцыю. Камера засяродзілася на другім. І вось тут я знайшоў адказ: ён так натуральна, так прафесійна то хаваўся за выступам паўразваленай сцяны, то высоўваўся на хвіліну, каб хуценька выпусціць у «ворага» смяротную кулю, што стала зразумела: на сапраўднай вайне дзеці не просяць, каб дарослыя больш не стралялі.

Шмат аб чым дзеці просяць дарослых на сапраўднай вайне – піць… есці… не даць памерці… не паміраць… Але аб тым, каб не стралялі, не просяць. Бо якая ж гэта вайна, калі не страляць?!

Быў у маім журналісцкім жыцці эпізод, калі давялося самому ствараць «рэканструкцыю». У 1985-м, напрыканцы сакавіка, газета «Труд», дзе я тады працаваў беларускім сабкарам, з нагоды 40-годдзя Перамогі над Германіяй вырашыла зладзіць семінар галоўных рэдактараў прафсаюзных газет з краін сацлагеру. Пачаць было даручана з Брэсцкай крэпасці. А пасля ўжо рухацца «па маршрутах партызанскай славы» – так было сказана ў пісьмовым даручэнні – на Мінск.

…Пад Івацэвічамі аўтобус сустрэлі дзяўчаты з хлебам-соллю, «газікі» і БТРы. Усім параздавалі гумавыя боты, парасселіся па «газіках» ды БТРах, і па гразкім праселым сакавіцкім снезе ды глыбокай каламутнай вадзе рушылі ва ўрочышча, дзе падчас вайны месціўся штаб Брэсцкага партызанскага злучэння. Да ўзгорка, пад якім той штаб і месціўся сярод соснаў, дабіраліся яшчэ з кіламетр пешшу, праз балота і непралазны хмызняк. Не паспеў я падумаць, што назва ўрочышча – «Хаваншчына» – цалкам адпавядае партызанскай патрэбе хавацца, як пачуў нейкія ўсхліпы. «Тут… тут… у Беларусі… загінуў бацька», – амаль нячутна прамовіла рэдактарка з ГДР. Захінуўшы шалем твар, на якім засталіся толькі счырванелыя вочы, яна ледзь перасоўвала ногі, а потым і ўвогуле апусцілася ў снег…

Яна ўсхліпвала ўвесь час, пакуль мы аглядалі дыхтоўныя, з моцных бярвёнаў, хаты, дзе па версіі рэканструктараў месціліся сам штаб, шпіталь, тыпаграфія, побач – лясная школа… Усё гэта нагадвала хутчэй базу адпачынку. Але на парозе «штаба» нас чакаў ягоны сапраўдны, які быў падчас вайны, начальнік, у «шпіталі» – той самы хірург, у «тыпаграфіі» – той самы наборшчык, у «лясной школе» – тая самая настаўніца. Нават мужчыны, што варылі ў вялізным катле бульбу і ахалоджвалі ў снезе бутлю з мутнаватым самагонам, абодва былі з колішніх партызанаў.

Немка працягвала бязгучна плакаць.

Я прыабняў яе за дрогкія плечы. І раптам пачуў нешта нечаканае – страшнаватае і зусім не гэдээраўскае: «Яны… яны жывыя… А мой татачка…»

І яна ізноў захлынулася нябачнымі слязьмі.

Мабыць упершыню я хутчэй адчуў, чымсьці зразумеў, якая ненатуральная для чалавека і чалавецтва гэтая з’ява – вайна. Але ж коціцца смяротным колам праз лёсы, пакаленні, стагоддзі…

Дык, можа, натуральная?

Што ж натуральнага ў тым, калі адных вайна пакідае жывымі, а іншых малоціць ушчэнт?! Не, заставацца на вайне жывымі зусім ненатуральна. Адзінае, што можа зрабіць вайну натуральнай – усеагульная пагібель, усеагульнае сканчэнне жыцця на Зямлі.

Вось я і думаю: што ж фальшывага ў дзіцячых гульнях дарослых? А тое, думаю, што яны ствараюць ілюзію натуральнасці войнаў. То бок, даводзяць, што чалавецтву без войнаў не жыць.

…Аляксандр Гардон, расійскі тэлевізійны гуру, пытаецца ў нябачнага апанента: «А ці памятаеце вы, як у дзяцінстве гулялі ў вайну, у «немцаў» і «рускіх»?» І выцягвае аднекуль з недасяжных глыбінь інтэлекту выснову: «Вось і вы, украінцы, зараз немцы для нас…»

Такая вось ваенна-гістарычная рэканструкцыя.

Мосцік над вечнасцю (зборнік)

Подняться наверх