Читать книгу Мосцік над вечнасцю (зборнік) - Сяргей Ваганаў - Страница 16

І. Па кім маўчыць звон
Ехаў конік… альбо Ўмоўная Беларусь

Оглавление

Бабка Кастуся, мая вясковая сяброўка гадоў настаўніцкай маладосці, неаднойчы, калі падпівала прыхаванай яшчэ за польскім часам «Выбаровай», распачынала гэтакі спеў: «Ехаў конік да вады – залатыя павады. Конік не напіўся, мальчык утапіўся. Ідзе пані ратаваць – нідзе сына не відаць. Ідзе пан за вадой – бачыць сына пад вадой: толькі ножкі тырчаць, толькі вочкі блішчаць…»

Проста жахлівая гісторыя.

– Не плач, Сярожа, – супакойвала бабка Кастуся, даспяваўшы і размазаўшы па шчацэ сваю слязу. – Усё яшчэ будзе…

Бабка Кастуся з яе «мальчыкам» і аптымістычнай абяцанкай на будучыню ўзгадалася, калі прачытаў артыкул Сяргея Дубаўца «Беларусь – гэта мова».

«Беларусь – гэта мова», – сцвярджае Сяргей Дубавец. Бо мова па-ягонаму – гэта ўсё, што засталося ад Беларусі: «… апошні рубеж… адзіны інструмент і адзіная зброя шырокага цывілізацыйнага руху».

Прыгожы тэкст, прывабна завостраная думка, глыбокі падтэкст…

Але, як ні паглыбляйся, вынікае, што ўсё астатняе – не Беларусь, а немаведама што, якое «зноў па горла ў Расеі»…

Я ведаю чалавека, які прыкладае шмат намаганняў, каб улезці ў Расею па горла. Лукашэнка? Не, апазіцыянер, так бы мовіць. Да таго ж дастаткова вядомы пісьменнік. Некалькі гадоў таму спрабаваў надрукаваць у расейскіх газетах адкрыты ліст да… Пуціна, каб ён «остановил русификацию» і пасадзейнічаў вырашэнню нашага моўнага пытання. Як быццам Беларусь зноў у складзе Расіі. Дарэчы, пад лістом стаялі подпісы шмат каго з паважаных дзеячаў беларушчыны…

Праз некаторы час, праглядаючы часопіс «Наш современник», вядомы сваім дэмагагічна-пячорным антысемітызмам, я заўважыў ліст нашага «змагара за мову» да Станіслава Куняева, галоўнага рэдактара і нястомнага імперца. З ліслівасцю чалавека, якога, маўляў, мала хто разумее, ён запэўніваў адрасата ў сваёй прыхільнасці і прапанаваў надрукаваць свой новы раман, які цалкам супадае з палітыкай часопіса і поглядамі яго галоўнага рэдактара…

Такі вось апошні рубеж… адзіны інструмент… адзіная зброя…

Калі распачаць бойку катэгарычных фармулёвак, то чаму б не выказацца такім чынам, што сённяшняя Беларусь – гэта якраз усё астатняе, а тая Беларусь, каторая, па Дубаўцу, мова – гэта, выбачайце, умоўная Беларусь, якую стварыла і якой цешыцца інтэлектуальная беларускамоўная эліта. Але падобная бойка – не лепшы шлях да паразумення паміж людзьмі і рознымі дэмакратычнымі плынямі, без якога немагчымы з’яднаны супраціў лукашызму.

І ўсё ж цяжка зразумець, чаму паэту (у Дубаўца маецца на ўвазе светлай памяці Валянцін Тарас) дазваляецца так званы білінгвізм, а простаму народу гэткі білінгвізм што тая шыза. Быццам паэт – гэта адно, а народ – нешта іншае. Навошта ж білінгвістычную шызу ды элементарную непісьменнасць чынавенства ляпіць да народа, блытаць чынавенства з ягонай лянотай і звычкай шукаць ісціну ў роце начальства з мільёнамі тых беларусаў, што трапілі ў пастку русіфікацыі?! Тым больш нельга ладзіць з мовы «прыбор», падобны прыбору для распазнання «свой-чужы». Дубавец, вядома, такі прыбор не ладзіць. «Распазнанне» само выпрастоўваецца з-пад штучных тэзісаў аб «водападзелу» і «адзінай зброі»…

Цемрашальства ці проста глупства – яно пярэчыць разгортванню шырокага цывілізацыйнага руху на падставе распаўсюду ведання, валодання ды ўжывання роднай мовы. Тут я с Дубаўцом згодны, нават гатовы ўсклікнуць: «Даўно пара!» Але лічыць, што мова – гэта адзінае, што выцягне краіну з багны лукашызму і гарантуе сапраўдную незалежнасць, значыць не проста памыляцца ў стылі Мюнхгаўзена, а зноў, як напачатку 90-х, небяспечна збочваць у каляіну, якая насамрэч спрыяе таму, каб улезці «па горла ў Расею» накшталт Татарстана ці Удмурціі… Ці там не існуюць татарская ды удмурцкая мовы? Існуюць. Нават квітнеюць…. А якія-небудзь, умоўна кажучы, «неглюбскія бабулькі» заўсёды знойдуцца…

Я не фармацэўт з рэцэптурнага адзела палітычнай аптэцы, але ўпэўнены, што адпаведныя лекі для Беларусі трэба гатаваць з нашмат больш складаных рэчываў. Тым больш, што для мільёнаў беларусаў, што купіліся на подлы рэферэндум аб дзяржаўным двухмоўі, яна сталася толькі ўскосна роднай. Бо цяжка лічыць роднай, ад першых слоў маці і першага буквара, мову, якая на працягу звыш паловы мінулага стагоддзя вывучалася, ды і сёння вывучаецца накшталт іншаземнай…

Не напіўся конік… утапіўся «мальчык»… толькі вочкі блішчаць…

Але гэта не шыз, а сюр.

Не шыз падвоенай свядомасці, а сюр няўмольных гістарычных абставінаў.

Ці здолее пераадолець гэтыя абставіны і стварыць новыя, спрыяльныя для беларускай будучыні, не ўмоўная, а нанова народжаная, маладая Беларусь? Здолее. Калі гэтае пытанне паўстане перад ёю як пытанне ўжо не мары, а дзеяння.

Тады і конік з «мальчыкам» нап’юцца чысцюткай празрыстай вады.

…Мудрая ўсё ж была бабка Кастуся. Што Саламон. Толькі той – «усё пройдзе», а тая – «усё яшчэ будзе». Па сутнасці, тое ж…

Мосцік над вечнасцю (зборнік)

Подняться наверх