Читать книгу Мосцік над вечнасцю (зборнік) - Сяргей Ваганаў - Страница 27
І. Па кім маўчыць звон
Па кім маўчыць звон
ОглавлениеАдзначаліся 70-я ўгодкі хатынскай трагедыі. Ад улады шчыраваў на мітынгу-рэквіеме сп. Кабякоў. Прамармытаўшы нешта звыкла няўцямнае пра памяць аб загінулых, ён запэўніў журналістаў, што «…кіраўніцтва краіны робіць усё, каб у нас не скралі перамогу…»
«Перамогу», мабыць, скрала нейкая дзяўчына з Барысава, з тамтэйшага медкаледжа. З нервовым хіхіканнем адказваючы пад дыктоўку настаўніцы на пытанне, дзеля чаго яе разам з іншымі студэнтамі прывезлі ў Хатынь, дзяўчо зусім заблыталася паміж рэквіемам і юбілеем, трагедыяй і святам.
Узгадалася, як упершыню я прывёз у Хатынь унучку. Праз 15 гадоў ад яе нараджэння і роўна праз 65 – ад хатынскай трагедыі.
Не магу сказаць, што прапанову паехаць у Хатынь яна ўспрыняла з вялікім жаданнем. «Нам у школе распавядалі… Але калі хочаш, давай з’ездзім».
У Хатыні яна прыціхла, адасобілася, абмінаючы групкі экскурсантаў і затрымліваючыся каля комінаў і калодзежаў, у якіх скурчыліся на зацягнутай лядком вадзе беларускія дваццаткі ды старублёўкі, а важкія замежныя манеты паблісквалі на дне… Потым стала фатаграфаваць аблокі. Дакладней, неба, па якім павольна напоўзвалі адна на адну цёмныя хмары, неахвотна прапускаючы ў блакітныя нябесныя праталіны прахалодны сакавіцкі прамень… Раптам спытала: «Дзеда, а чаму ў Хатыні няма крыжа?»
У Хатыні былі крыжы. Тры крыжы на трох магілах, у якіх праз тры дні пахавалі хатынцаў жыхары навакольных вёсак…
Не ўсе ведаюць, а мне распавядалі ацалеўшыя Уладзімір Яскевіч і абодва Жалабковічы – Віктар і Аляксандр, што Хатынь спалілі двойчы. Апошні раз у жніўні. Мусіць, таму, што сюды вярнуліся тыя, хто выпадкова пазбег неймавернай кары, каго ў вёсцы не было на той дзень… Выкапаў зямлянку паблізу магіл Рудак. Пазбіраўшы апаленыя бярвёны, паставіў хатку Клімовіч. Па вясне зарунелі азімыя – яшчэ з таго, міну- лага жыцця. Але і ў гэтым, згубленым, здавалася, назаўсёды, яны пасадзілі бульбу, пасеялі жыта…
Аляксандр Жалабковіч успамінаў, як у тым палаючым жніўні гарэлі снапы. Тады ж, мімаходзь, карнікі спалілі і крыжы на магілах.
Былі яшчэ крыжы ў Хатыні – на старадаўніх вясковых могілках. Калі будавалі мемарыял, могілкі зрылі. Разам з крыжамі. Вядома, на тых могілках даўно ўжо не было каго хаваць. Але даўнія, дахатынскія магілы – з прозвішчамі і межамі жыцця – яшчэ былі. Сёння, кажуць, дзякуючы вернікам з парафіі лагойскага касцёла, яны быццам адноўленыя. Але я памятаю, як перажывалі Яскевіч і Жалабковічы: навошта было знішчаць старадаўнія хатынскія могілкі?..
Навошта было пазбаўляць Хатынь каранёў і сувязі з небам?!
Але атрымалася тое, што атрымалася: замест Хатыні – «Хатынь». Выдатны твор манументальнага мастацтва.
Толькі вось крыжа няма.
Мне здаецца, што калі б 70 гадоў таму ў Хатыні ўзвялі крыж, не руйнавалі б сёння крыжы ў Курапатах і не малявалі б свастыку ў «Яме».
Мне здаецца, што калі б тады ў Хатыні ўзвялі крыж, мы не ведалі б сёння пра АМАП з усёй ягонай ваяўнічай амуніцыяй. Ці ж не прайшлі ў свой час праз Хатынь УСЕ беларусы, будучыя амапаўцы ў тым ліку? Чаму ж не атрымалі прышчэпку ад звярынай лютасці?
І яшчэ: мне здаецца, што калі б тады ў Хатыні ўзвялі крыж, мы не спальвалі б уласную гісторыю ў ідэалагічных топках, не пераўтваралі б трагедыі ў святы, а Памяць у попел…
Але крыжа няма. І зноўку пляцецца вакол беларускіх трагедый – ад БНР праз Курапаты, Хатынь і да Чарнобыля – вытанчаная павуціна фальшу.
Учора – пра камандзіра карнікаў Васюру, які нібыта быў «заходнеўкраінскім нацыяналістам». Сёння – пра «перамогу», якую нібыта хтосьці намагаецца «скрасці» ці то ў кіраўніцтва краіны, ці то ў сп. Кабякова…
Але ж не быў Васюра ані заходнеўкраінскім, ні наогул нацыяналістам. Да вайны, да Хатыні, і пасля вайны, да выкрывання – «просты савецкі чалавек».
А курапацкія карнікі – ці ж не «простыя савецкія людзі»?! Але прызнаць гэта – значыць, прызнаць злачыннасць абодвух таталітарных рэжымаў. І паставіць, нарэшце, знак трагічнай роўнасці паміж Хатынню і Катынню, паміж Хатынню і Курапатамі…
«Гэта ад ветру, дзеда? – уздрыгнула, пачуўшы кароткі металічны звон, унучка. – «Не, ад электрычнасці», – патлумачыў я.
А сам падумаў: калі б ад ветру, хатынскі звон званіў бы не сціхаючы. Таму што не сціхае над Хатынню вецер беларускай гісторыі, нясе над ёй цёмныя, з блакітнымі праталінамі, аблокі…
Але маўчыць звон у прамежку паміж кіруемымі сігналамі.
Маўчыць па мільёнах загубленых жыццяў.
І не пытайся, па кім яшчэ маўчыць звон.
Ён маўчыць па табе.