Читать книгу Мосцік над вечнасцю (зборнік) - Сяргей Ваганаў - Страница 26

І. Па кім маўчыць звон
Нямая яма, альбо Пра гета ў прайм-тайм

Оглавление

21 кастрычніка, праз 70 гадоў пасля «канчатковага вырашэння габрэйскага пытання» ў Мінску, АНТ паказала фільм «Хроніка Мінскага гета» (Сцэнарыст Барыс Герстэн, рэжысёр Уладзімір Луцкі, прадзюсар Уладзімір Бокун).

Фільм створаны на грант Сlаіms Соnfеrеnсе, габрэйскай арганізацыі, што размяркоўвае нямецкія грошы сярод былых вязняў нацысцкіх канцлагераў. Беларуская дзяржава на аповед пра Мінскае гета чамусьці не раскашэлілася.

Напярэдадні адбыўся грамадскі прагляд у кінатэатры «Перамога». Прыблізна за гадзіну да яго на Мінск абрынулася залева, і машыны на вуліцах сталі. Пазней я даведаўся, што тыя, хто ўсё ж здолеў патрапіць у кінатэатр, прасілі затрымаць прагляд, каб дачакацца ўсіх. То бок усіх, хто натуральна чакаў ад стваральнікаў фільма праўды.

…У 22.05 я ўключыў тэлевізар… У 22.10 АНТ распавяло пра нейкія новыя цуда-макароны… У 22.15 я пачуў, як габрэйскія матулі душылі сваіх немаўлят, каб яны не выдалі сваім плачам астатніх… У 22.20 тэлеэкран паведаміў мне пра новыя лекі ад нястраўнасці…

Прайм-тайм…

На наступны дзень я зноў паглядзеў фільм на партале tut. bу. А потым чытаў выказванні, так бы мовіць, суседзяў па віртуальнай інтэрнэт-зале. «…Собрались евреи и сделали фильм о евреях… Теперь его купят продюсеры евреи и т. д». «…Спасибо немцам. Они сделали наш город чище»…

Пара цвярозых галасоў проста патанае ва ўзнятай хвалі антысемітызму, адкрытага альбо прыхаванага. Узнятай не старымі закаранелымі антысемітамі, бо старыя па інтэрнэце наўрад ці шнараць. Але чаму іх нашчадкаў не напалохалі жахі Мінскага гета, а кранальныя споведзі былых ягоных вязняў, і ўвогуле эмацыйная насычанасць фільма, не вымусілі страсянуцца ад лёсу іх колішніх землякоў?!

Чаму?

Я працягнуў руку да кніжнай паліцы і ўзяў адтуль невялікую кніжку ў мяккай пажоўклай вокладцы з малюнкам, на якім быццам імкнуцца ў бой дзядок у вушанцы ды дзяўчына ў хустцы – абодва з дубальтоўкамі…

Гэтая кніжка была сярод першых, што я прачытаў у дзяцінстве, яшчэ мала разумеючы, што там напісана і што адбываецца наўкол. «Тата, – пытаў я, – а што такое гета?» Ён тлумачыў, я сціскаўся, нейкі шостым пачуццём адчуваючы здрадніцкую палёгку ад таго, што ў гета не быў… Колькі год кніжка стаяла ў бацькоўскай бібліятэцы на бачным месцы, а потым знікла…

Знікла адусюль.

Так пачыналася другая, ідэалагічная ліквідацыя Мінскага гета ў межах «канчатковага вырашэння габрэйскага пытання» па-сталінску.

Я вось думаю: чаму ў фільме АНТ так няўцямна ўзгадана пра Гірша Смоляра і існаванне ў гета нейкага супраціву, а пра ягоную кніжку «Мстители гетто» – ані слоўца? Кніжку, з якой, дарэчы, нягледзячы на забарону, колішні Інстытут гісторыі партыі злічаў усё, што таемна даследавалася пра Мінскае гета…

Дык вось, чаму? Ці не таму, што фільм, так бы мовіць, трапіў ў прайм-тайм, то бок у зручны для ягоных стваральнікаў час ідэалагічнага «новабуду» ў стаўленні ўладаў да «габрэйскага пытання». Ахвяры, жахі, помнікі, жалобныя мітынгі з удзелам афіцыйных асоб? Колькі заўгодна. Масавы ўдзел габрэяў, у тым ліку з гета, ва ўзброеным супраціве нацызму? Праз зубы. Дзяржаўны антысемітызм у СССР і на постсавецкай прасторы? Калі не табу, то маўчок.

У фільме цытуюцца «Адмысловыя правілы ратавання» невядомага аўтарства, якія нібыта існавалі ў Мінскім гета: «Не высоўвайся, сядзі ціха. Прыкінься, што цябе тут няма. Не глядзі ў вочы нацыстам і паліцаям. Дзеля выратавання прыдатны ўсе сродкі, акрамя здрадніцтва – даносчыкаў немцы забіваюць таксама. Калі ў цябе ёсць грошы, паспрабуй выкупіць сваё жыццё, але не спадзявайся, што яго табе прададуць…» І апошняе: МАЛІСЯ… Не ведаю, ці насамрэч існавалі такія правілы, ці гэта літаратурнае падсумоўванне трагічнага досведу жыцця на мяжы смерці. Але дакладна ведаю, якое правіла існавала насамрэч, і пра якое забыліся стваральнікі фільма: ЗМАГАЙСЯ!

Практычна ўсё, што ёсць ў гэтым фільме, ёсць у кніжцы Гіршы Смоляра. Але ўсяго, што ёсць у кніжцы Гіршы Смоляра, у фільме няма.

Нічога з дзясяткаў фактаў падпольнага і партызанскага супраціву вязняў гета. Нічога з мноства лічбаў і прозвішчаў, у тым ліку здраднікаў і нацысцкіх памагатых з боку габрэяў. Нічога з трагічных і гераічных лёсаў мсціўцаў і барацьбітоў…

Так, ёсць жудасная гісторыя, паводле аўтараў фільма – «хроніка» Мінскага гета.

Але ёсць яшчэ гісторыя гісторыі Мінскага гета, якая пачалася менавіта з кніжкі Гіршы Смоляра – падпольшчыка, партызана, пісьменніка, журналіста – яшчэ ў 1947 годзе, першай у СССР.

Гісторыя забаронаў, афіцыйнага замоўчвання і палітычна-крымінальнага пераследу. Але не толькі.

Па-за межамі забаронаў і афіцыйнага замоўчвання гэтая гісторыя налічвае сотні ўспамінаў і дзясяткі навуковых даследаванняў, мноства газетных артыкулаў і фотаздымкаў… Неяк дзіўнавата бачыць аўтараў «Хронікі…» у якасці першаадкрывальнікаў, якія «Работали в архивах Америки, Германии, Беларуси… В конце концов… удалось воссоздать картину трагедии».

Трэба было працаваць у архівах, каб суправаджаць тэкст шырокавядомымі кадрамі з Варшаўскага гета. Пра гэта, праўда, аўтары папярэджваюць, спасылаючыся нібыта на забарону немцаў здымаць у Мінску. Каму забарона – самім сабе? У Варшаве можна, у Мінску – нельга? Нават калі была такая забарона, навошта вось так?

Трэба было працаваць у замежных архівах, каб спасылацца на даўно вядомыя звесткі, факты і дакументы кшталту «цукерак Кубэ» і загадаў акупацыйных уладаў…

Прадбачу пярэчанне: вядомае старэйшым людзям, моладзі невядома, таму пра жахі гета трэба распавядаць зноў і зноў. Безумоўна, трэба. Але чаму так, як быццам ніхто ніколі пра гета не распавядаў?

Я зноў цягну руку да кніжнай паліцы і бяру адтуль «Пісьмы маёй памяці» Ганны Краснапёркі. Кніжка выдадзена ў 1984 годзе і стала вядомай у свеце. Толькі ў Нямеччыне яна выдавалася чатыры разы.

Я зноў цягну руку да кніжнай паліцы і бяру адтуль касету з фільмам светлай памяці Самсона Палякова «Яма…», што быў створаны ім у відэацэнтры ПЭНа яшчэ ў 1999 годзе, але паказаны толькі раз у мінскім хэседзе. Мусіць, таму што ў жахлівыя ўспаміны трох былых вязніц урываюцца звар’яцелыя антысеміцкія заклікі сумнавядомага генерала Макашова… «Хроніка Мінскага гета» пачынаецца з выявы даваеннага герба БССР і замілаванай згадкі нібыта пра чатыры мовы, на якіх заклікаліся яднацца пралетарыі ўсіх краін. Быццам аўтары фільма не ведаюць, што хавалася за гэтай дэкарацыяй інтэрнацыяналізму. Дэкарацыі, якая і была выкінута якраз да вайны, у 1938 годзе, калі ідыш і польская мова зніклі з герба канчаткова.

Дык ці маральна сёння распавядаць пра гета і нічога не казаць пра народжаную Сталіным ці не ад самага пачатку вайны палітыку дзяржаўнага антысемітызму, што стварыла глебу да будучага славяна-фашызму? Пра безліч ахвяраў гэтай палітыкі – ад забароненых кніжак да падпольшчыкаў, што з гета ды канцлагераў траплялі ў сталінскі ГУЛАГ; ад былых франтавікоў да партызанаў, што амаль усё далейшае жыццё пражылі пад ціскам 5-й графы…

Ці маральна сёння згадваць пра беларусаў, якія, рызыкуючы жыццём, ратавалі габрэяў, і нічога не казаць пра антысемітызм пэўнай часткі іх супляменнікаў, за якім цягнецца крывавы след не толькі паліцэйскіх, але і партызанскіх расправаў…

Дзеля чаго?

Дзеля праўды.

Бо антысемітызм вельмі ўтульна пачувае сябе ў «праймтайме», хаваецца за паўпраўдай ды сілкуецца атрутай хлусні.

А дзеля чаго тая праўда?

Адказ я знайшоў у кніжцы Гіршы Смоляра. Усё ж бацька схаваў яе не зусім.

Дзве рэчы я захоўваю ў гэтай кніжцы – уласную памяць і верш «Над Ямай», падораны Рыгорам Барадуліным.

«Галовы сьхілім / Над жахлівай Ямай. / Яна нямая, / Бо ня мае дна. / …Па радасьці і па бядзе браты, / Мы ўсе стаім / Над апраметнай Ямай…»

Усе?

Мосцік над вечнасцю (зборнік)

Подняться наверх