Читать книгу Мосцік над вечнасцю (зборнік) - Сяргей Ваганаў - Страница 20

І. Па кім маўчыць звон
Іван, калодзеж і анёл

Оглавление

На мінулым тыдні я ездзіў у вёску Далёкія, што на Браслаўшчыне.

Па геаграфічных прыкметах не такая ўжо і далёкая – нейкіх 7 кіламетраў ад Опсы, мястэчка, праз якое па вялікай шашы звычайна едуць у райцэнтр. Зараз дарога ў асфальце, а паўвека таму на Браслаў вяла яшчэ не пабітая брукаванка. Што праўда, на Браслаў ездзіў зрэдку, бо настаўніцкай працы ў Далёкіх было шмат. А вось на Опсу – штотыдзень. Ці то на ровары, ці то на матацыкле, які браў у Івана, а іншым разам і на грымучым «газоне» з цыстэрнай, на якім Іван вазіў у Далёкія са спіртзаводу ў Відзах брагу. Але часцей за ўсё я хадзіў у Опсу пешшу.

Мне падабалася дарога. Падабалася вітацца са старымі бярозамі, якія разам з прасёлкам узбіраліся на пагоркі, з паперакручанымі на вятры соснамі… Так, я ведаў кожнае дрэва на прасёлку з Далёкіх у Опсу. І чым больш працяглы быў той шлях, тым мацней нарастала хваляванне ад сустрэчы з сябрамі, такімі ж настаўнікамі, што, як і я, па ўласным жаданні размеркаваліся ў тыя мясціны…

Школу сёлета зачынілі. Таму і еду цяпер у Далёкія. Па тым жа шляху, які ані тым жа, ані ўвогуле шляхам ужо й не назавеш – траская, бы пральная дошка, запыленая гравійка. Ні дрэўца абапал, ні тых бярозаў ды соснаў…

Еду я да Івана, адзінага з тых часоў сябра, што жыве ў Далёкіх. Калі-нікалі я, вядома, у Далёкія наязджаў, сёе-тое пра Іванава жыццё ведаў. Але цяпер было чамусьці такое адчуванне, што не быў там усе пяцьдзясят гадоў. І разам з тым – наадварот: нібыта тых пяцідзесяці гадоў і не было.

Пра тое, чаму сёння памерла школа і памірае вёска – асобны аповед. А пакуль – пра Івана. Узяў пад руку, вядзе па Далёкіх, па падворках кінутых хат, знаёміць з новымі вяскоўцамі, бо нікога, каго ведаў калісь, нават нікога з маіх вучняў у Далёкіх няма. І дзве Іванавы дачкі разляцеліся па свеце – адна, пажыўшы ў Чэхіі, прытулілася да Віцебска, другая ўгразнула ў Грэцыі. «Ага, цяжка ёй там, – уздыхае Іван, – ой, цяжка… А я, скажу табе, у дзяцінстве быў на крок ад смерці. Вось тут, дзе быў калодзеж. Мо памятаеш?»

Як жа не памятаць той калодзеж? Зімовым ранкам адхінеш коўдру, скінеш паліто, якім хаця б троху бараніўся ад марозу, што за ноч выстуджваў жытло, ногі ў валёнкі, за вядро і да калодзежа. Ён увесь у лёдзе, нібы ў казачнай пячоры зіхаціць пад ранішнім месяцам… І – аблівацца да поясу. Каб прачнуцца і жыць.

«…у 43-м было, пяць гадоў мне. Калодзеж тады быў абгароджаны плоцікам. А побач – купка пяску. Ну, гуляю ў пясочку, і бачу – самалёцік ляціць. Ага, нямецкі, нават крыжы відаць. Ага, я ручкай яму, а ён як гваздане з кулямёта! Ад плоціка толькі трэскі і разляцеліся… Потым я тыя кулі, вялікія такія, пазбіраў… І чаго ён па мне лупіў?

Анёл мяне зратаваў… Мой анёл-ратавальнік… А вось тут, побач, яшчэ хата стаяла. Ага, паліцаева хата. Дык партызаны і хату спалілі, і паліцая забілі, і жонку з дзецьмі расстралялі… Я вось думаю: а дзяцей з матуляй – за што?»

…Да нейкай чарговай пераможнай гадавіны калодзеж засыпалі, а на ягоным месцы паставілі помнік загінулым землякам. Не ўсім. Толькі тым, каго, мусіць, у 44-м забралі ў савецкае войска. Інакш з чаго гэта насупраць прозвішчаў адны гады нараджэння? А так – помнік як помнік, якіх шмат па беларускіх вёсках.

Гляджу на Івана, на помнік, і думаю: як яно добра было б, калі б замест жаўнера з аўтаматам лунаў тут нябачны белы анёл.

Мо і землякі былі б жывыя, і вада ў калодзежы, і школа, і вёска…

Мосцік над вечнасцю (зборнік)

Подняться наверх