Читать книгу Мосцік над вечнасцю (зборнік) - Сяргей Ваганаў - Страница 8
І. Па кім маўчыць звон
Антыфашыст Мірановіч
ОглавлениеКожны год, калі набліжаецца 25 студзеня, я адчуваю штуршкі ў сэрца, як быццам нехта намагаецца, каб аж да скону стукаўся ў яго балючы напамін.
25 студзеня 1980 года памёр Яўген Фёдаравіч Мірановіч.
Каб я, хай сабе ўскосна, не меў дачынення да папярэдніх падзей, штуршкоў у сэрца, магчыма, і не было б. Не было б, магчыма, і той заўчаснай, у 63 гады, смерці, каб не тыя падзеі. Бо я бачыў, як дрэнна яму за састаўленымі вялізнай літарай «П» сталамі ў саўгаснай сталоўцы, дзе ладзіўся заключны банкет для прафсаюзных босаў з Масквы і рознага кшталту адмыслоўцаў з прафсаюзаў савецкага блоку.
Адзін за адным прамаўляліся тосты – за сяброўства паміж народамі і краінамі, за росквіт сельскай гаспадаркі… Падняўся П., намеснік галоўнага рэдактара, і, дачакаўшыся цішыні, узняў поўную чарку: «За ВЦСПС!» Я толькі пачынаў працаваць у «Труде», але ўжо ведаў, што гэта каронны тост кончанага цыніка, з якога пачыналіся і якім заканчваліся рэдакцыйныя п’янкі. А тут усе паўставалі, забразгалі відэльцамі, талеркамі, танным крышталём… Мірановіч падняўся неяк бокам і адразу сеў, паставіўшы чарку. Я падышоў да яго: «Вам дрэнна, Яўген Фёдаравіч?» – «Не, не, нічога, – па счырванелым стомленым твары прабегла ўсмешка, – мабыць, павысіўся ціск. Такое здараецца…»
Тыдзень таму я доўга чакаў яго ля канторы, каб паведаміць, што «Труд» будзе ладзіць у яго семінар. Нарэшце, пад’ехаў «газік», і разам з Мірановічам выйшаў хударлявы чалавек у дублёнцы і агромністай рыжай шапцы, працягнуў руку: «Аграноўскі» І, працяўшы мяне з’едлівым позіркам, прабурчэў: «Толькі вас тут не хапала!» І тое праўда: знакаміты на ўсю краіну журналіст прыехаў працаваць, а тут нейкі семінар пра падсобныя сялянскія гаспадаркі і саўгасныя промыслы…
Знаёмства з Мірановічам адбылося мо гадоў за дзесяць да таго і было трохі дзіўнаватым. З дзяцінства, з першага падарожжа на Нарач, мяне вабілі пявучая назва Любань і таямніцы старога парка пры самай дарозе. Але ўсё міма, міма… Пакуль аднойчы не спыніўся і, сустрэўшы нейкага прысадзістага, каржакаватага, сялянскага выгляду мужчыну, не стаў распытваць яго пра Любань. Так я даведаўся, што спрадвек тут была моцная гаспадарка паноў Любанскіх, паходзячых з польскай Любані, а зараз саўгас… Я падзякаваў і пайшоў глядзець парк, а мужчына, трохі нязграбна падымаючы гумавымі ботамі сухаваты травеньскі пыл, накіраваўся да хаты, над якой чырванеў узняты да Дня Перамогі сцяг… У машыне, калі вярнуўся, ляжала сетка з агуркамі. Я азірнуўся, і раптам зноў пабачыў на ганку таго мужчыну.
– Не ведаеце, хто паклаў?
– Скажыце, у вас маленькія дзеткі ёсць? Што, вітаміны ім не патрэбны?
– Ёсць, д-дачка… – няўпэўнена адказаў я, заўважыўшы, як з-пад старой ватоўкі блісканула начэпленая да свята «Залатая Зорка» Героя…
Усе дзесяць гадоў нешта ўтрымлівала мяне ад таго, каб пісаць пра Мірановіча і ягоную ўнікальную гаспадарку, хаця сустракаліся мы часцяком, і я шмат што ведаў. У тым ліку пра тое, з якой непрыязнасцю ставіцца ён да ўсялякага ўсхвалення. Сціпласць ягоная была настолькі фанатычнай, што навакольная брэжнеўшчына з цацкамі, лозунгамі і ўсёабдымнай хлуснёй выклікала яшчэ большую моташнасць. Але галоўнае – ён насамрэч ставіў простага чалавека вышэй за ўсялякія лозунгі, «лініі партыі» і чыны. Аднойчы заспеў у яго кагосьці (ужо не памятаю, каго?) з сакратароў ЦК. Раптам нехта паскробся ў дзверы: «Заходзьце, Мікалаеўна…» Ці не з паўгадзіны сакратар моўчкі чакаў, пакуль Мірановіч, падставіўшы вуха, слухаў патаемны шэпт старой… Вось Арлоўскі, думаў я, «моцная рука», «жалезны парадак», мардабой… А вось Мірановіч – заўжды ціхі голас, спагадлівасць, уважлівы, нават з адценнем нейкай вінаватасці, позірк…
…Ён памёр на другі дзень пасля згаданага банкету. У пяць раніцы, як заўжды, правёў штодзённую нараду і памёр.
А неўзабаве папаўзлі чуткі пра тое, што ў Мірановіча знайшлі ці не з пуд золата, нейкія рахункі ў Амерыцы, з якіх ён дапамагаў сіяністам, бо сам утоены габрэй…
Але я памятаў, як аднойчы ў нейкай задумёнай роспачы, бы не верачы самому сабе, ён сказаў: «Сярожа, у краіне фашызм…» Мо таму, што найпершай прыкметай фашызму лічыў антысемітызм і хлусню.
…Яны змагаліся з фашызмам разам, габрэй Тэвель Фінкельштэйн са Смілавіч і беларус Яўген Мірановіч з Воршы, партызанскія камандзіры, баявыя сябры. За галовы абодвух немцы абяцалі шалёныя грошы. І тады яны далі адзін аднаму клятву: калі хто застанецца жывы, возьме прозвішча таго, хто загіне…
Ён застаўся. Усё жыццё клапаціўся аб жонцы і дзецях сябра. А ў сваіх анкетах пісаў: «Мірановіч Яўген Фёдаравіч, беларус, выхадзень з беднай яўрэйскай сям’і. Бацька Фінкельштэйн – яўрэй. Брат Фінкельштэйн – яўрэй…»
P. S. Анатоль Аграноўскі застаўся на семінар, нават нешта распавядаў пра вопыт Вугоршчыны… Зазнаўшы, што Мірановіч памёр, адразу з’ехаў. А праз нейкі час у «Известиях» з’явіўся нарыс «Логика Мироновича».