Читать книгу Мосцік над вечнасцю (зборнік) - Сяргей Ваганаў - Страница 18

І. Па кім маўчыць звон
Рукі дзеда

Оглавление

Разгарнуліся спрэчкі вакол «дзеда Талаша» – фільма з такой жа назвай, асобы і вобраза з коласаўскай «Дрыгвы».

Фільма я, на жаль, не глядзеў. А вось спрэчкі…

Спрэчкі нагадалі мне знаёмага вясковага ксяндза. Кожны раз, калі я сустракаў яго на ўскрайку той вёскі, на прасёлкавым раздарожжы, ён хітравата заплюшчваў вочкі і пытаўся: «А ці не ведае пан, дзе тут шлях да Варшавы? … А да Пецярбургу?»

«Пан» ужо ведаў, што ставіцца да пытанняў старога ксяндза трэба ўважліва, і насамрэч паказваць адпаведны кірунак, каб пазбегнуць ксяндзовага кійка.

Такі вось урок гісторыі з геаграфіяй.

Наогул гэта быў дзіўнаваты стары. І ўлетку і ўзімку хадзіў у дзіравай ватоўцы і чырвонаармейскай вушанцы з адбіткам пяціканцовай зоркі на ілбе… Часцяком яго знаходзілі на адселеным хутары, дзе ён спаў на печы, якую сам паліў рэшткамі пасечанага сада і разбуранага гумна…

Праз колькі год, калі ксёндз ужо адышоў у лепшы свет, я даведаўся, што ён добра прамёрз на гулагаўскім лесапавале. І да сканчэння жыцця не здолеў сагрэцца. Але пра тое, дзе «тут» шлях да Сібіры, не пытаўся ніколі…

Такім чынам, той даўні ўрок на скрыжаванні прасёлкаў можна лічыць няпоўным.

Ці не падобныя мы ў сваім стаўленні да гісторыі на згаданага старога ксяндза? Носім да апошніх рэштак гулагаўскую ватоўку, чапляем на сябе вушанку з адбіткам чырвонай зоркі і ніяк не можам сагрэцца ля ўласнага вогнішча. А калі падаецца, што нехта збіўся з кірунку, пагрозліва падымаем кіёк…

Са спрэчак вакол фільма пра «дзеда Талаша» вынікае, што яго стваральнікі паднялі на Польшчу пагрозлівы «бальшавіцкі» кіёк. У адказ – «дэмакратычны» польскі кіёк: артыкул ў газеце «Rzесzpоspоlіtа» пра непараўнальна добрае з савецкім жыццё беларусаў «за польскім часам», нават пратэст польскага МЗС…

Але гістарычная праўда не можа быць ні «бальшавіцкай», ні «дэмакратычнай». Інакш яна губляе самае істотнае сваё вымярэнне – чалавечае.

Бо сапраўдная гісторыя краін і народаў складаецца з чалавечых лёсаў.

І гэта адзінае вымярэнне, якое дапамагае суцішыць боль ад гістарычных стасункаў. І ладзіць стасункі без болю…

А тут Лукашэнка раптам – плясь! У Варшаве быццам зноўку «спяць і бачаць» як аднавіць «усходнія крэсы»…

Пра тое, што ў Маскве «не спяць» – адпаведны маўчок… А наўздагон – фільм пра «дзеда Талаша», пра ягоную барацьбу супраць «белапольскіх акупантаў».

Што «акупанты» з’явіліся праз бальшавікоў, грамадзянскую вайну і савецкую ўладу – адпаведны маўчок…

Чаму «Катынь» Анджэя Вайды не выклікала пратэсту ні афіцыйнага расійскага боку, ні простых расійцаў, акрамя «вечна жывых»? Ці не таму, што ўпершыню, мусіць, расійцы ўбачылі чалавечы твар не толькі жахлівай польскай, але і ўласнай трагедыі, твар праўды, без якой немагчыма зазнаць пачуццё гістарычнай адказнасці і віны?!

Спробы адшукаць гістарычную праўду ў спарахнелым ідэалагічным куфары, са спрытнасцю штукара выцягваючы адтуль толькі тое, што адпавядае палітычнай патрэбе, небяспечныя для стасункаў паміж народамі і людзьмі.

Але перш-наперш небяспечныя для нас саміх.

Адшукаць уласнае месца ў гісторыі і сучасным свеце немагчыма, блукаючы вакол дрыгвы і спрабуючы намацаць цвёрдую зямлю з дапамогай кіёчка.

Але ж дрыгва – яна і ёсць дрыгва. Нездарма, мусіць, Якуб Колас так назваў сваю аповесць.

…А фільм пра «дзеда Талаша» абавязкова пагляджу пры першай нагодзе. Цікава ўсё ж, ці здолеў Генадзь Гарбук стварыць вобраз знакамітага палешука без двукоссяў.

Яшчэ цікавей, ці супадзе гэты вобраз з маім уласным уяўленнем пра дзеда. Не з аповесці – з прыватнай сямейнай гісторыі, з жыцця. Дакладней, з яго пачатку, з 1943 года.

У тым годзе мяне, двухгадовага, маці прывезла з Казані ў Маскву і, падаўшыся бліжэй да Беларусі, родных мясцін, пакінула на сваю сястру, цётку Надзею. Аднойчы яна гуляла са мной ля гатэлю «Якорь». Стаміўшыся, цётка пасадзіла мяне на высокі парапет. Але, відаць, жвавенькі быў хлопчык. У нейкі момант з’ехаў з парапета і быў падхоплены з лёту праходзячым міма дзядком. «Куды глядзіш, старая варона?! Ледзь дзіця не загубіла…» А «старая варона», з яе слоў, аж разявіла рот, гледзячы на дзеда і ордэн Чырвонага Сцяга, што пабліскваў з-пад расхінутага кажуха…

Ордэн ордэнам, у Талаша з ім свая гісторыя. Але ж і сёння мне зусім не цяжка ўявіць сабе, нават адчуць рукі дзеда.

Уратаваў ад калецтва, а, мо, яшчэ ад чаго горшага.

Жыве Беларусь…

Мосцік над вечнасцю (зборнік)

Подняться наверх