Читать книгу Мосцік над вечнасцю (зборнік) - Сяргей Ваганаў - Страница 23
І. Па кім маўчыць звон
Музей-шоу, альбо Куды падзеўся штык-нож
Оглавление…Той нямецкі штык-нож з вострымі зазубінамі па краях і рудымі плямамі крыві мы з Яшкам Курцэрам знайшлі ў крушнях на спуску ад плошчы Свабоды да Нямігі.
Яшка жыў на задах разбуранага касцёла і музычнай школы, куды мы абодва пайшлі ў першы клас.
Быў 1948 год, толькі распачаўся залаты верасень, калі пасярод урока нешта выбухнула, з расчыненага вакна пасыпалася шкло, а ў паветры адчуўся смуродны пах. Мы кінуліся глядзець. На галінах каштана, якія ледзь не краналіся высокіх вокнаў былога дома губернатара, віселі нечыя вантробы… Праз колькі хвілін мы ўжо ведалі, што гэта вантробы хлопчыка, які спрабаваў раскруціць «лімонку». Тое, што засталося ад яго, хутка некуды звезлі. А ў скверы насупраць яшчэ мо гадзіны дзве нерухома сядзела бабуля, ціхамірна ўгравалася на вераснёвым сонейку. Асколак патрапіў ёй ў скронь…
Не, аніякімі трагічнымі выпадкамі і пагрозлівымі папярэджваннямі з боку дарослых немагчыма было ўтрымаць нас ад вандровак па мінскіх крушнях, дзе паміж узнятых на дыбкі рэшткаў былых будынкаў утварылася столькі загадкавых пячор. Чаго толькі там ні было! Штык-нож яшчэ не самае дзіўнае ў параўнанні з іншай зброяй…
Але на ім была кроў…
І мы панеслі гэты штык-нож у музей.
Я нават не ведаю, ці магчыма з сённяшняга ўяўлення пра музеі лічыць музеем тыя некалькі пакояў на трэцім паверсе старадаўняга будынку на плошчы Свабоды, у якім ад тых часоў і да сёння месцяцца розныя прафсаюзы. Мы гадзінамі хадзілі па тых пакоях, надоўга затрымліваліся ля гарматаў і кулямётаў, разглядвалі выбухоўкі і авіябомбы, самаробныя партызанскія вінтоўкі і аўтаматы, зваленыя ў кучы жалезныя нямецкія крыжы…
Штык-нож прыняў ад нас высокі хударлявы чалавек у чорным пінжаку з медалём і ў светла-зялёных галіфэ, увабраных у скураныя боты. Распытаў, дзе знайшлі, падзякаваў і, вядома, папярэдзіў, каб па крушнях больш не бадзяліся. «Чулі пра хлопчыка, што падарваўся?»
…Праз шмат, вельмі шмат гадоў я пазнаёміўся з Пятром Лавецкім і спытаў у яго, ці памятае ён пра двух хлапчукоў, што ў 1948 годзе прынеслі ў музей штык-нож. Не, ён не памятаў, такіх штык-нажоў, відаць, ад самага пачатку ягонай працы ў музеі была процьма…
А пачатак гэты прыпаў на 1943 год, калі партызаны атрымалі загад збіраць матэрыялы для будучага музея.
16 ліпеня 44-га, пракрочыўшы ў нястройных шэрагах знакамітага партызанскага парада, былы школьны настаўнік прыйшоў у дом на плошчы Свабоды з партфелем, напакаваным гітлераўскімі крыжамі. Потым разам з Пятром Ганчаровым пазычылі ў ваенных карэспандэнтаў «віліс» і паехалі ў Лошыцу, куды была звезена зброя партызан. Да «віліса» прычапілі гармату на драўляных колах. Па дарозе нязвыклыя да бруку колы парассыпаліся, «віліс» давялося адпусціць, і яны пайшлі на Чэрвеньскі рынак па дапамогу. Дапамога сустрэлася ў выглядзе мужыка з партызанскім медалём. «Браток, ты чый? Капыльскі? Дапамажы…» Утрох яны цягнулі гармату праз увесь горад, потым – на трэці паверх. Так «браток» стаўся першым наведвальнікам музея, які яшчэ не адкрыўся.
…У найноўшы музей пад бліскучым шкляным купалам, што нібыта сімвалізуе звергнуты рэйхстаг, я ішоў з патаемнай надзеяй адшукаць той штык-нож з плямамі крыві і тую гармату. Але ўжо ад пачатку прагляду зразумеў, што надзея дарэмная. Бо ад той сапраўднасці, з якой нараджаўся музей, і якая, нягледзячы на спробы схаваць непрыемную для ўладаў праўду пра вайну, усё ж захоўвалася ў музеі на Кастрычніцкай плошчы, не засталося анічога.
А-ні-чо-га!
І гэта пры тым, што, мусіць, як ніводны ў былым СССР ці нават у свеце, музей валодае безліччу артэфактаў часоў Другой сусветнай вайны.
Вайны, пасля якой немагчыма было праціснуцца да здабытых першымі супрацоўнікамі музея фотаздымкаў загінулых падчас акупацыі, да акуляраў, жаночых сумачак ды іншых рэчаў з трасцянецкага пекла, па якіх тыя, хто застаўся ў жывых, шукалі сваякоў, сяброў…
Часам адшуквалі. Трагічныя лёсы…
Не, мусіць не ў артэфактах справа, якія літаральна губляюцца пад коламі, гусеніцамі і крыламі непераможнай армады. Артэфактаў, што сталіся чужынцамі на свяце нахабнага хайтэкаўскага дызайну і ў шоў, зладжаным з дапамогай найноўшых тэхналогій.
І нават не ў «канцэпцыі» – правінцыйным адбітку ідэалагічных штампаў савецкага ГалоўПУРа – справа. Яе, канцэпцыі, увогуле няма. Бо ці можна лічыць канцэпцыяй скіраваны на самазадаволенне ўлады хаос?
Хаос, створаны з фальшывасці і псеўдасімволікі, якая ахоплівае наведнікаў яшчэ звонку, ад так званай «Трыумфальнай аркі» і да чырвонага сцяга над «рэйхстагам»…
…«А ці можна ўключыць гук?» – «Так, можна, – наглядчыца залы, жанчына ў гадах, цяжка ўзнялася з крэсла, падышла да вялізнага, амаль у палову сцяны, экрана і націснула кнопку. – Прабачце, галава не вытрымлівае слухаць увесь дзень…»
На экране чырвонаармейцы сцягваюць з палутаркі палонных нямецкіх лётчыкаў. Бадзёры голас тлумачыць пра збітыя нямецкія самалёты, вакол іх рэшткаў гуртуюцца задаволеныя сялянкі ў белых строях…
Хроніка круціцца ў зале, прысвечанай чэрвеню 1941 года, першым дням нападу Германіі на СССР…