Читать книгу Мосцік над вечнасцю (зборнік) - Сяргей Ваганаў - Страница 7

І. Па кім маўчыць звон
Але ж хусткі ё…

Оглавление

Для ўсіх, хто цікавіцца, так бы мовіць, трэндамі, цудоўным чынам сышліся тры навіны.

Першая паведамляла пра тое, што наша сінявокая краіна ў сусветным спаборніцтве пад назвай «хто колькі вып’е» дасягнула недасяжнай вышыні: 17 з паловай літраў чыстага спірту на чалавека ў год. Вельмі важкі ўнёсак у сярэднія 6,2 літра на ўсё чалавецтва.

Не ведаю, як вылічваецца колькасць чыстага спірту з так званых «чарніл», але, дзякуючы нястомным клопатам улады пра спатоленне смагі, вытворчасць апошніх толькі ўзрасце. І гэта другая навіна.

Трэцяя навіна проста ашаламляе сваёй навізной: МВД прапануе ўвесці забарону на ўжыванне алкагольных і слабаалкагольных напояў для тых, каму няма 18 гадоў. Плануецца ўвесці адміністратыўную адказнасць бацькоў за такое парушэнне»…

За сваё слабаалкагольнае жыццё я ўжо стаміўся падлічваць падобныя забарончыя ініцыятывы. Апошнім разам, мо пяць год таму, адзначылася Генеральная пракуратура – прапанавала ўвогуле спыніць вытворчасць «чарніл», а замест іх ціснуць сокі.

Але куды там нашаму МУС, Генпракуратуры ды ўсяму беларускаму ўраду да ЦК КПСС з ягонай памятнай «гарбачоўскай» ініцыятывай!

Народ, помніцца, азваўся на яе ўсеагульным ухваленнем, пра што ахвотна распавядаў на старонках газет, з трыбун шматлікіх сходаў і з нудных тэлевізійных экранаў. Але мне больш за іншае запомнілася, як адазваліся таварышы алкаголікі з перадавога ва ўсіх адносінах Светлагорскага ЛПП. Яны застрайкавалі. Як? Адмовіліся ад лекаў і чорнай працы, па-навуковаму, працатэрапіі.

Гэта быў, мусіць, першы і па-свойму адзіны страйк, калі людзі патрабавалі не таго, без чаго не могуць жыць, а таго, з чым жыць не ўмеюць. То бок свабоды і справядлівасці, адсутнасць якіх выяўлялася, па іх меркаванні, у турэмным рэжыме, у кепскім (з-за крадзяжу персаналам прадуктаў) харчаванні і псеўдалячэнні – з-за таго ж крадзяжу дарагіх лекаў.

Не буду стамляць чытача апісаннем тых сустрэч, размоў і шумных сходаў, на якіх высокія міліцэйскія чыны, што былі накіраваны ў тое злашчаснае ЛПП па даручэнні ЦК КПБ, пераконвалі хворых на алкаголь людзей, як нядобра страйкаваць і, тым больш, піць.

Камандзіроўка тая скончылася… Правільна, сытнай вячэрай і вясёлай п’янкай, вось толькі каньяк начальнік ЛПП і галоўурач налівалі з імбрычыка…

Каньяк з імбрычыка… Да «чарнілаў» ні вялікае, ні маленькае начальства не апускалася.

Праз «чарніла» засмучалася цётка Гэля з вёскі Малышкі, куды ў той час мне выпадала шматкроць наязджаць. Аднойчы якраз праз тыдзень пасля выбараў першага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Знайшоў я Гэлю ў напаўцёмнай кухні, дзе сядзела яна за выскраблым да бляску сталом. У куце, на скрыўленай лаўцы, паклаліся адзін на аднаго мо з тузін боханаў чорнага хлеба… «А ты Лукашэнку бачыў? Ну, які ён?» – «А то сама не бачыла…» – «Ды дзе там… Часу няма… А праўда, што хлеб аж у тры разы даражэй стане? І «чарніла»?»

Так, слова за слова, высветлілася: тэлевізар, што завешаны прыгожа вышытым ручніком, цётка Гэля даўно не глядзіць, перайшла, так бы мовіць, на энергазберагальную тэхналогію; Лукашэнку ні зблізку, ні здалёк не бачыла. Але галасавала за яго, бо ўсе казалі, што ён абяцае лёгкае жыццё. «Як пры Брэжневе», – нешта добрае згадала ў сваім жыцці цётка Гэля. І, падумаўшы, дадала: «…ці як у Польшчы»…

З Польшчы, куды яна ездзіла да сястры, прывезла Гэля хусткі. «А якія ж прыгожыя! – прыжмурыла вочы і адчыніла куфар. – Глядзі!»

…Ну, навошта цётцы Гэлі патрэбныя былі ў гэткіх колькасцях «чарніла» і хлеб, тлумачыць і сёння не трэба. Ды й мяне яна запаважала толькі пасля таго, як адстаяў з ёй, ледзь пазбегнуўшы панажоўшчыны, даўжэзную чаргу ў сельмаг, каб узяць для яе яшчэ пару пляшак.

Карацей кажучы, пра Гарбачова яна і слухаць не жадала, пра Шушкевіча таксама, бо пры адным ані «чарніл», ані гарэлкі не стала, пры другім – не стала краіны, у якой тых «чарніл» і гарэлкі было хоць заліся… Уся веліч дзяржавы ўвасаблялася для яе ў магчымасць адкарміць хлебам жывёліну і расплаціцца «чарніламі» за ўзараныя соткі ды іншыя паслугі, без якіх тагачаснае вясковае жыццё, жаночае асабліва, ураз магло скалануцца. Жыццё, пра якое, калі пытаўся, Гэля казала: «Гаўнянае, але ж хусткі ё…»

Не ведаю ні таго, колькі хустак засталося ў Гэлі за дваццаць гадоў «пры Лукашэнку», ні таго, ці здараюцца сёння страйкі ў ЛПП? Але які-ніякі жыццёвы досвед падказвае, што як толькі справы ў дзяржаве зусім пагаршаюцца, адразу абвяшчаецца барацьба з «алкагалізацыяй насельніцтва». Гэткі ілюзіён – ці то ў выглядзе «сокаў замест «чарніл», ці то розных там Дзён цвярозасці, ці то забароны бацькам спойваць малалетак…

Пра сусветна вядомы вынік гэтай барацьбы чытай у навіне № 1.

P. S. Палітолагі, аналітыкі ды іншыя настрадамусы да сёння гадаюць, чаму адна вялікая дыктатура пад назвай СССР развалілася на дзясятак маленькіх, і што будзе, калі яны праз пуцінскі «мірны план» ізноў зліюцца, па Дастаеўскаму, «в припадке общежития».

Не ведаю, ці зліюцца, але пра тое, што сап’юцца, у мяне асабіста здагадка маецца. Бо калі людзі співаюцца па розных прычынах, то народы – ад немагчымасці годна жыць.

Мосцік над вечнасцю (зборнік)

Подняться наверх