Читать книгу Белорусский дневник – 2022 - Владимир Николаевич Кулик - Страница 12

Каренда Иван
г. Минск
У кнігарні

Оглавление

Божухна! Якое тут багацце! —

Ад паліц не адарваць вачэй!

Тут, нібыта ў казачным палацы,

Кніжны свет ракой дзівос цячэ.


Тут сябры яшчэ з часоў дзяцінства,

І з юнацкай сонечнай пары, —

Цэлая эпоха пабрацімства! —

І крыху пазнейшыя сябры.


Тут сябрыне нават цеснавата:

Кожны з назапашаным дабром.

Так бывае, калі ў хаце свята —

Шмат гасцей і шмат тваіх сяброў.


І, па-мойму, лепшага настрою

Не знайсці і не адчуць нідзе:

Кожны аўтар пра сваіх герояў

Гутарку няспешную вядзе.


Хоць нячутны гэтай мовы гукі, —

Кніга ўмее ціха гаварыць.

А бярэш яе з паліцы ў рукі —

Як паходня, поклічна гарыць.


Тут я бачу класікаў – мо, роту, —

З блізкіх і далёкіх нам краін:

Дантэ, Твэн, Шэкспір, Міцкевіч, Гётэ…

У святочных строях – як адзін.


Тут сябры са школьных хрэстаматый:

Пушкін, Гогаль, Лермантаў, Крылоў,

А яшчэ з усмешкай хітраватай

Пазіраюць Горкі, Блок, Святлоў.


Бачу сярод постацяў выдатных,

Хто сюды на кніжны сход прыйшоў, —

Нашыя Купала, Колас, Гартны,

Багдановіч, Броўка, Куляшоў.


Ёсць і шмат сучаснікаў вядомых,

Хто гасцюе тут не проста так,

З кім і не па кніжках я знаёмы, —

Ліпскі, Федарэнка, Шніп, Бадак…

Кніжны свет – загадкавы, бясконцы:

Між паліц з трымценнем я іду,

Моўчкі, шчыра б'ю паклоны творцам,

Інжынерам чалавечых душ.


Крыху збоку – гурт людзей з навукі,

Ветразяў прагрэсу ўсіх часоў.

Маю шанц паціснуць моцна рукі

Ньютану, Энштэйну і Русо…


Вось ён, залаты запас краіны!

Храм, дзе прычашчаецца душа,

Дзе жывуць і мары, і ўспаміны,

Ад якога ў свет вядзе бальшак.


Вось, яно сапраўднае багацце!

Зліткі залатыя – не раўня,

І няварта на іх грошы траціць:

Мёртвыя яны, як цішыня.


Вольны час без кнігі бавіць марна.

Кажаце: «Няма чаго чытаць…»

Вы калі наведвалі кнігарню,

Бралі ў рукі кніжку пагартаць?


І не для забавы – мне паверце! —

На пацеху часу ўсім стае.

Моц душы і асалоду сэрцу

Нам чытанне кніг штодня дае!


«Прачытаць усе іх немагчыма…» —

Гэты хітрык шмат каму свярбіць,

І дарма шукаеце прычыну —

Хто даў права кнігу не любіць?

З добрай, мудрай кнігай, як з малітвай,

Нам лягчэй і спакайней ісці

Па сцяжынах, часам апавітых,

Што Ўсявышнім дадзены ў жыцці.


То часцей наведвайце кнігарню,

Не шкадуйце грошай для душы!

Свет тады, упэўнен, лепшым стане…

…Будзе час – падумайце ў цішы.


                                             * * *


Зямля мяняе свой убор —

Змрок ахінае наваколле,

І на заснежанае поле

Кладзецца водбліск першых зор.


Зіма прыйшла і ў Прынямонь.

Нясу мароз вячэрні ў хату,

Дзе ў печцы зырка, зухавата

Гарыць, трапечацца агонь.


Цяплом напоўнены пакой,

Ён не сябруе з халаднечай —

Душа ж трывожыцца аб нечым,

Прагнаць не можа неспакой.


Няўжо ноч зноў скрадзе мой сон,

Схавае дзесьці да світання,

І слухаць мне ў дрымотным стане

Яе самотны патэфон?


                                             * * *


Я сонца ў зімы не прашу:

Бракуе самой яго промняў, —

Абы не студзіла душу

І меней адбельвала скроні.


Я долі ў зімы не прашу:

Сама ледзь скрыпіць палазамі —

Адлігай скідае кажух

І горкімі плача слязамі.


Я шчасця ў зімы не прашу:

Яно, яе шчасце зямное,

Кароткае, кшталт скавышу, —

Сплывае з паводкай вясною.


Прашу я зіму аб адным:

Раструшч, спапялі беззваротна,

Развей над планетай, як дым,

Карону з атрутай смяротнай.


Белорусский дневник – 2022

Подняться наверх