Читать книгу Белорусский дневник – 2022 - Владимир Николаевич Кулик - Страница 18
Каренда Иван
г. Минск
Іван Бунін
Джардана Бруна
Оглавление«Каўчэг пад валадарніцтвам асла —
Вось свет людзей. Жывіце у Сусвеце.
Зямля – прытон хлусні, падману, зла.
Жывіце прыгажосцю, што ў суквецці.
Зямелька, ты з душой маёй радня —
І ў далечы. Люблю жыццё растайна,
І ў радасці маёй – журба штодня,
Як і ў журбе заўcёды – слодыч тайны!»
І вось ён кій вандроўніка бярэ:
Даруйце, келляў змрочныя скляпенні!
Яго душа, чужая тут, жыве
Цяпер адным – дыханнем вызвалення.
«Вы ўсе рабы. Цар вашай веры – Звер:
Я зрыну трон сляпой і змрочнай веры.
Вы ў капішчы: я расчыню цяпер
Вам у блакіт і бездань Сферы дзверы.
Жыццю і бездані мяжы няма.
Мы спынім, спынім сонца Пталямея —
Віхор планет не ведае ярма,
І ў полымі не знікне, не знямее!»
І ён пайшоў на ўсё – аж да нябёс.
Ды разбурэнне – прага аднаўлення,
І па руінах гэту прагу нёс
Як боскую гармонію Стварэння.
Святлеюць вочы, мара ў сэрцы ёсць
І ў свет адкрыццяў радасных заносіць.
У ісціне – фінал і прыгажосць.
Тым болей і мацней жыць сэрца просіць.
«Дзяўчо, з анёльскім тварам, плечуком,
Са спевам над старою звонкай лютняй!
Я мог тваім быць бацькам, сябруком…
Ды я адзін у гэтым свеце людным!
Высока сцяг сваёй любові нёс.
Ды іншыя ёсць радасці – другія:
Я замарозіў сваіх мрояў лёс,
І толькі твой, пазнанне, твой – сафія!»
І вось ён зноў вандроўнік. Зноў зіхцяць
Агеньчыкі яго вачэй, ды строгі
Ягоны твар. Вам, ворагі, няўцям,
Што бог – Святло. І ён памрэ за бога.
«Свет – бездань атамаў, што дзень за днём
Спавіты богам – пекнатой жывою.
І, жывучы да скону, мы жывём
Адзінаю, сусветнаю Душою.
Ты, з лютняю! Дарма куткі вачэй
Штораз Жыццём і Радасцю паўнелі?
Ты, сонца! І сузор’і ўсіх начэй!
Вы толькі гэтай Радасцю святлелі».
І стомлены трывогай чалавек
З паглядам зоркім, зыркім і халодным,
Ідзе ў агонь. «Памерлы ў рабскі век —
З бяссмерцем абвянчаецца ў свабодным!
Я паміраю – смерці я хачу.
Развейце, каты, прах мой па планеце!
«Салют Сусвету, Сонцу!..» – я крычу…
Мне жыць нязгаснай думкай у Сусвеце!»
(1906)