Читать книгу Белорусский дневник – 2022 - Владимир Николаевич Кулик - Страница 17
Каренда Иван
г. Минск
Роздум
ОглавлениеНе страціў даверу
да шэпту аеру
і золкага срэбра расы,
да шуму таполі
і жыта на полі —
да ўсёй навакольнай красы.
Не страчу ніколі
даверу да болю
нямых курапацкіх крыжоў,
званоў у Хатыні —
магільных святыняў,
дзе д'ябал пачварны прайшоў.
Няма і прычыны
не верыць жанчыне,
што поплеч са мною ідзе,
і шчырай сябрыне,
і боскай сцяжыне,
што ў вечнасць святую вядзе.
А страціў давер я
да розных паперак
і вестак з экранаў, газет,
да планаў маштабных
і лозунгаў штатных —
яны не палепшылі свет.
Не маю даверу
да гучных намераў,
што льюцца ракою з трыбун,
да льсцівых прамоўцаў,
дзе кожнае слоўца —
як рэха эпохі камун.
Удосталь той веры,
што Бог мне адмераў
і продкі мае збераглі,
каб шчасця агеньчык,
як сонца праменьчык,
гарэў і свяціў на зямлі.
* * *
Як толькі душу працінае трывога
І белы дзень змрочную песню пяе,
Тады апаноўвае сэрца знямога,
Сум скоўвае думкі і мары мае.
Ад гэтай навалы я ў лес уцякаю —
У шэпце-дрымоце гаёў і бароў
Трывожны настрой неўзаметку знікае,
І я адчуваю: практычна здароў.