Читать книгу Белорусский дневник – 2022 - Владимир Николаевич Кулик - Страница 9
Каренда Иван
г. Минск
Загадка-таямніца
ОглавлениеЗагадак Бог прыдумаў шмат.
Не проста шмат – а безліч.
Тварэц на ўсё меў свой пагляд —
У гэтым Бога веліч.
Чамусьці думаю не раз —
І як тут не дзівіцца! —
Як Бог прыдумаў вечны час? —
Загадка-таямніца!
Без стомы час ідзе, бяжыць…
Адзін ён мае права
Як сам Гасподзь, бясконца жыць —
Вось што найбольш цікава.
Жывым істотам на зямлі
Інакш наканавана:
Каб пажылі і аджылі —
Час, Богам дараваны.
Расліны, дрэвы, жыхары
Лясоў, лугоў і рэчак
Заўсёды маюць знак парЫ —
Як знак істот нявечных.
Такі ж лёс мае чалавек.
Па боскаму закону
Яму даецца пэўны век:
З народзінаў – да скону.
Камусьці больш, камусьці менш —
Такі рахунак Бога.
Ці шмат, ці мала ты жывеш, —
Канчаецца дарога.
Час мае вечную пячаць —
А нам з ім, хуткацечным,
Крыху пагушкацца і спаць
Сном непрабудным, вечным?
Чаму Ўсявышні так рашыў? —
Адказ знайсці спрабуем.
Час вечны толькі для душы?
Яе адказ не чуем…
Дык, можа, час і ёсць душа?
О, Божа ўсемагутны!
Няўжо ў іх доля спарыша —
І ў гэтым тайны сутнасць?
Ну што магчыма тут змяніць?
Што перайначыць можам?
Ніколі нам не адмяніць,
Што маем воляй Божай.
І толькі зрэдку ў галаве
Адказ мільгне яскрава:
У кожным з нас Сусвет жыве
З душой – дзівоснай явай.
* * *
Свабода, сумленне і смеласць —
вось што патрэбна душы,
а разам яны – яе спеласць, —
як пра душу ні кажы.
Свабода – каб з вольным размахам
лятала, як птушка, яна,
каб далеч жыццёвага шляху
была ёй заўсёды відна.
Сумленне – каб чыстым усюды
быў след тваіх рук на зямлі,
і каб аніякага бруду
пакінуць яны не змаглі.
А смеласць – каб чорныя хмары
ты мог разганяць. Без яе
і кроку не зробіш да мары,
не спраўдзіш памкненні свае.
* * *
Не папракай мяне за шчырасць,
Не дакарай за праўду ўслых.
Я разумею: б'е пад дых…
Не папракай мяне за шчырасць,
Спадзевам мне – твой цяжкі ўздых.
І пройдзе з часам, знікне прыкрасць.
Не папракай мяне за шчырасць,
Не дакарай за праўду ўслых.